У рамках Года культуры галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага ў дні пераможнага мая праводзяць абласную акцыю «Чытаем разам», прысвечаную тэме «Вялікая Айчынная вайна ў беларускай паэзіі і прозе».


Падчас мерапрыемстваў акцыі разам з аўдыторыяй творы беларускіх пісьменнікаў чытаюць прадстаўнікі мясцовых улад, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, творчая інтэлігенцыя.
Напярэдадні свята Вялікай Перамогі акцыя прайшла ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі. У ёй прынялі ўдзел: старшыня Іўеўскай раённай арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Станіслававіч Жыдзель, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іўеўскага раёна Лідзія Вайцехаўна Носуль, першы сакратар Іўеўскага раённага камітэта БРСМ Сяргей Віктаравіч Пахомаў, галоўны захавальнік фондаў Іўеўскага музея нацыянальных культур Вольга Андрэеўна Ожыч.
… Зала была напоўнена песнямі часоў Вялікай Айчыннай вайны, песнямі мужнасці і гераізму, песнямі болю і радасці, песнямі кахання і любові да жыцця. І раптам — урачысты і непаўторны голас, за які яго ўладальнік дыктар Левітан быў аб’яўлены адным з асабістых ворагаў Адольфа Гітлера. Толькі зараз голас гучыць, як прыгавор: вайна!
І хоць прайшло 75 гадоў з той страшнай нядзельнай раніцы 22 чэрвеня, аднолькава цяжка і балюча слухаць словы, пасля якіх свет і жыццё раздзеляцца на ваенны і пасляваенны часы.
Чатыры гады ішла крывавая вайна. Гэта 12418 дзён і начэй! Гэта 209 разбураных і спаленых беларускіх гарадоў і мястэчак, 9 200 беларускіх вёсак!
Перамога каштавала вельмі дорага — кожнага трэцяга жыхара страціла наша краіна ў той вайне.
Прамову да мерапрыемства зрабіла загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі Таіса Іванаўна Грыкень.
Як заўжды, граматна і глыбока гучаў яе расказ, напоўнены болем за свой народ, за сваю краіну, за кожнага чацвёртага, які не выйшаў жывым з тых пякельных дзён.
Яна адзначыла, што напачатку вайны творцы слова пісалі пра тое, што хутка ўсё скончыцца. Потым пісалі пра выпрабаванні, якія сустракаюцца на шляху перамогі, пра страты і пакуты, пра загінуўшых сяброў. У творах марылі пра мір і далёкі дом. Калі вайна скончылася, пісалі пра подзвігі, пра радасць, пра ўсё тое, што стаяла за гучным словам «Перамога».
Тэма Вялікай Айчыннай вайны знайшла сваё адлюстраванне ў творах Якуба Коласа, Янкі Купалы, Пятруся Броўкі, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Аркадзя Куляшова, Міколы Чарняўскага, Святланы Алексіевіч і іншых.
У выкананні гасцей бібліятэкі на мерапрыемстве прагучалі ўрыўкі з аповесці Васіля Быкава «Жураўліны крык», са сборніка ўспамінаў дзяцей вайны «Ніколі не забудзем» , верш Пімена Панчанкі «Дзеці вайны».
Жаночай мужнасці прысвяцілі свае творы Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Алесь Савіцкі, Яўгенія Янішчыц, Ларыса Геніюш і многія іншыя беларускія аўтары.
Дакументальная аповесць Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч » У вайны не жаночае аблічча» вельмі падрабязна, праўдзіва і страшна апісвае ўзаемаадносіны жанчыны і вайны. Урывак з аповесці » У вайны не жаночае аблічча» чытала Лідзія Вайцехаўна Носуль.
Падчас акцыі была праведзена і віктарына па ваенных творах беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Каб жыць — трэба памятаць, каб памятаць — трэба ведаць. І найлепшай крыніцай памяці з’яўляюцца кнігі, што і прадэманстравала мерапрыемства, якое прайшло ў бібліятэцы.
Адбылася і мультымедыйная прэзентацыя «Летапіс вялікага подзвігу», на якой былі змешчаны фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.






