Экономика

Берагуць свой радавод, каб не знік з гадамі род. Падарожжа па малой радзіме з краязнаўцам Алегам Ігліцкім

Так хочацца  ў Шчучы Бор

Чытайце частку 1. 

Працяг.

Берагуць свой радавод, каб не знік з гадамі род

Жыхарка Іўя Людміла Купрыянаўна Ус падзялілася ўспамінамі пра сваю вёску Шчучы Бор і родных вяскоўцаў. Калісьці на хутарах вёскі, якія жыхары назвалі па-вулічнаму Рыжаўкі, першыя пабудаваліся родныя браты Юстын, Ігнат і Рыгор Міхалевічы. Ад іх і род Міхалевічаў пайшоў на хутары.

У Юстына Міхалевіча былі два сыны – Аляксандр і Рыгор. Дзед Людмілы Купрыянаўны Аляксандр ажаніўся з дзяўчынай Аляксандрай Епіфанаўнай з вёскі Кукшын Бакштаўскага сельсавета і прывёз яе ў Шчучы Бор. У іх сям’і было трое дзяцей. Двое памерлі ў дзяцістве, а трэці, сын Купрыян, вырас і стаў надзейнай апорай сваім бацькам.

Бацька Людмілы Купрыян Аляксандравіч, 1934 г.н., працаваў пасля вайны ў калгасным паляводстве, у будаўнічай брыгадзе калгаса “Іскра”. У свабодныя часы захапляўся сталярнай справай. Умеў і бочку зрабіць, і лаву, каб у хаце сядзець. Змайстраваў з досак лодку і рыбачыў на Бярэзіне. Пражыў 67 гадоў.

Маці Людмілы Лідзія Філіпаўна, 1934 г.н., таксама са Шчучага Бору, толькі з іншых хутароў, з роду Буклісаў. Працавала да пенсіі ў калгасным паляводстве. Работы ў той час у паляводстве хапала: перабіралі ў капцах бульбу, капалі бульбу на полі, палолі буракі, сенавалі ўручную сена для калгаснай жывёлы.

Лідзія Філіпаўна ў вольны час прала з шэрсці авечай ніткі, вязала рукавіцы, шкарпэткі і світэры, ткала на кроснах дываны і ручнікі. Пражыла 89 гадоў.

Як і іншыя вяскоўцы, Міхалевічы трымалі вялікую гаспадарку: карову, цяля, свіней, авечак, 15-20 пчаліных вулляў.

Сын Купрыяна і Лідзіі Купрыян пражывае ў пасёлку каля Шальчынінкая Літоўскай Рэспублікі. Сын Аляксандр пражывае ў г.п. Юрацішкі і працуе электраманцёрам у РУЭС РУП “Белтэлекам”.

Дачка Міхалевічаў Людміла Купрыянаўна пражывае з сям’ёй у Іўі і займаецца агародніцкай справай. У цяпліцах вырошчвае на продаж агародніну і эксклюзіўную зеляніну: шпінат, кінзу, рукалу, базілік, розныя гатункі салатаў. Мае 25 гадоў вопыту ў гэтай справе і заўсёды радуе пакупнікоў на рынках свежай прадукцыяй. Дапамагае ёй у гэтым у вольны час муж Юрый Іосіфавіч, які працуе ў РУЭС РУП “Белтэлеком” кабельшчыкам — спайшчыкам.

Старэйшы сын Усаў Уладзіслаў закончыў Воранаўскі дзяржаўны каледж, атрымаў прафесію электрыка і працаваў у дэпо Лідскага аддзялення Беларускай чыгункі. Вясной вярнуўся са службы ва Узброеных сілах РБ. Малодшы сын Данііл закончыў БНТУ ў Мінску па спецыяльнасці “інжынер лясной гаспадаркі” і працуе адміністратарам у офісе кампаніі “Джылі Цэнтр Мінскі” у сталіцы. 

Людміла Купрыянаўна бясконца ўдзячная сваім бацькам, якія выхавалі ў дзяцей працавітасць, адказнасць да любой справы, любоў да зямлі і сваёй вёскі. Яна з настальгіяй успамінае тыя часы, калі ў Шчучым Бары яшчэ кіпела жыццё, а жыхары хутароў сябравалі, хадзілі адны да другіх у госці, дапамагалі сенаваць і капаць бульбу, танцавалі і спявалі песні на Купалле, якое праводзілася там, за Шчучым Борам.

Міхалевіч Рыгор Юстынавіч быў родным братам Аляксандра і дваюрадным братам Міхаіла і Івана, Андрэя і Уладзіміра Міхалевічаў. Ён таксама пражываў у Рыжаўках Шчучага Бору амаль побач з братамі. Яго жонку звалі Зоня. Калі арганізаваўся калгас у Шчучым Бары, то Рыгор і Зоня ўжо былі ў пажылым узросце і вялі дамашнюю гаспадарку.

У іх сям’і было чацвёра дзяцей. Дачка Ганна выйшла замуж у вёску Мылёва і мела двух сыноў. Пайшла з жыцця рана, у 38 гадоў. Яе сына Аліка ўжо таксама няма ў жывых. Другі сын Міша пражывае ў Валожыне. 

Ганна Міхайлаўна Міхалевіч (Булко) з сяброўкай Валянцінай

Другая дачка Леаніда выйшла замуж у вёску Кукшын за Валодзю Каваленка. Цяпер там, у бацькоўскай хаце, пражывае іх сын Ігар.

Сын Валодзя быў жанаты, жыў у Шчучым Бары з бацькамі Рыгорам і Зоняй. Сын Аляксей жыў і працаваў у Мінску.

У трэцяга роднага брата Юстына і Ігната Міхалевічаў Рыгора было двое сыноў – Міхаіл і Іван. Яны таксама засталіся жыць і працаваць на зямлі і пабудаваліся побач з бацькавай хатай на адным хутары.

Міхаіл Рыгоравіч Міхалевіч, 1910 г.н., працаваў рознарабочым у мясцовым калгасе. Яго ведалі ў вёсцы як народнага ўмельца. Сам зрабіў прыстасаванне шчапаць дранку – дошчачку для пакрыцця стрэхаў пабудоў, змайстраваў жорны для памолу мукі, віў льняныя вяроўкі для патрэб калгаса, каб увязаць вазы сена. Хацеў сабраць самаробны трактар, але не паспеў. Памёр маладым, у 55-гадовым узросце.

Жонка Міхалевіча Лізавета Дзям’янаўна, 1905 г.н., была родам з Гудзішак. Працавала ў калгасным паляводстве, вечарамі прала, ткала на кроснах. У годы нямецкай акупацыі Лізавета Дзям’янаўна хавала і лячыла чырвонаармейцаў, якія ўцяклі з варожага палону. Адзін з іх, салдат з Расіі Цыркоў, быў вельмі ўдзячны за выратаванне беларускай жанчыне, дасылаў ёй пасля вайны пісьмы ў Шчучы Бор і ласкава называў сваёй мамай.

Лізавета Дзям’янаўна дапамагала партызанам. Яе добра ведалі і прыязджалі камісар партызанскай брыгады імя Аляксандра Неўскага Мікалай Гаўрылаў, намеснік камандзіра брыгады па разведцы Мікалай Лявінскі. Пасля вайны дасылалі ёй святочныя віншаванні.

Адзіная дачка Міхалевічаў Ганна, 1946 г.н., пасля заканчэння Даўнарскай школы закончыла курсы прадаўцоў пры Іўеўскім райспажыўтаварыстве. Працавала касірам ў іўеўскай сталовай, а затым, доўгі час, бухгалтарам раённага камбіната бытавога абслугоўвання.

У Іўі Ганна пазнаёмілася з хлопцам з Круглага Бору Бакштаўскага сельсавета Мікалаем Булко. У 1966 годзе маладыя пажаніліся і засталіся жыць у Іўі, атрымалі трохпакаёвую кватэру, дзе і цяпер пражываюць.

Мікалай Булко з сябрам у час службы ў арміі. 1960 г

Мікалай Філіпавіч закончыў Мінскі будаўнічы тэхнікум па спецыяльнасці майстар — будаўнік. Большую частку свайго жыцця працаваў дарожным майстрам у Старчаняцкім ДРП Лідскага ДЭУ-840. Удзельнічаў у будаўніцтве аўтамабільнай трасы Мінск – Гродна: ставіў знакі, рабіў дарожную разметку.

Мікалай Філіпавіч і Ганна Міхайлаўна 59 гадоў разам крочаць па жыцці. Цёплыя сямейныя адносіны, любоў і ўзаемадапамога толькі мацуюць іх сям’ю, дапамагаюць перажыць цяжкія перыяды ў жыцці.

Мікалай Філіпавіч Булко, 1959 г

Сын Мікалая і Ганны Булко Яраслаў, 1967 г.н., закончыў Мінскі радыётэхнічны тэхнікум і працаваў у Мінску тэлеаператарам на Беларускім тэлебачанні. З тэлевізійнай групай Яраслаў бываў у Іўеўскім раёне і здымаў тэлерэпартажы пра падзеі і людзей Іўеўшчыны, пра помнікі гісторыі і культуры нашага краю. У 1997 годзе нечаканая смерць абарвала яго жыццё у росквіце фізічных і духоўных сіл. Яму было 30 гадоў. Пахаваны Яраслаў на гарадскіх могілках у Іўі.

Яраслаў Булко

Сын Булко Сяргей пражывае разам з бацькамі. Дачка Ала закончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум і працуе аграномам – аналітыкам у Іўеўскай насеннай інспекцыі.

У сям’і Булко трое ўнукаў і двое праўнукаў.

Міхалевіч Іван Рыгоравіч, 1912 г.н., быў родным братам Міхаіла Міхалевіча. У братоў яшчэ былі чатыры сястры. Усе яны выйшлі замуж і засталіся жыць у былым Юрацішкаўскім раёне. У Грабава жыла Вольга, у Даўгердзішках – Яўгенія і Серафіма, у Юрацішках – Таіса.

Калі арганізаваўся мясцовы калгас, у Шчучым Бары быў пабудаваны драўляны цялятнік каля лесу. Іван пайшоў працаваць даглядчыкам. Яго жонка Лідзія Сцяпанаўна была родам з Лаздунаў. Працавала ў калгасным паляводстве.

Старэйшы сын Міхалевічаў Віктар служыў афіцэрам у Ніжнім Тагіле Расійскай Федэрацыі. Там пражывае яго сям’я. Другі сын Мечыслаў пражываў з сям’ёй ў горадзе Часавы Расіі. Дачка Зінаіда пражывае ў горадзе Каломна Маскоўскай вобласці.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі.

Працяг будзе.