Культура и творчество

Беларускі сувенір ад іўеўскіх майстроў і артыстаў

 

 

 

Больш 13 тысяч квадратных метраў плошчы перад Палацам спорту ў Мінску заняла выстава-кірмаш вырабаў народных промыслаў (рамёстваў), нацыянальнай сувенірнай прадукцыі і страў беларускай кухні «Беларускі сувенір», якая была прысвечана 70-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Майстры з усёй Беларусі прадставілі на гэтае вялікае цудоўнае відовішча вырабы традыцыйных мастацкіх рамёстваў: разьбу, ганчарныя і кавальскія вырабы, ткацтва, вышыўку, бісерапляценне, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў і іншае.


Гэта было свята ўмельцаў, творчых, апантаных любоўю да сваёй цікавай справы людзей. Гэта было свята і для наведвальнікаў гэтай выставы. Можна было набыць непаўторныя сувеніры ручной работы, паспрабаваць смачныя беларускія стравы, як бы вярнуцца ў далёкія гады, калі і тыя вырабы, і тыя стравы не былі сувенірамі для выстаў, а проста звычайным укладам жыцця, патрэбнай работай, каб забяспечыць сябе неабходнымі рэчамі штодзённага ўжытку.
Гродзенскую вобласць сярод асобных яе раёнаў прадстаўлялі і нашы майстры, якія славяцца сваімі талентамі, а раённы цэнтр рамёстваў пад кіраўніцтвам Ірыны Смірновай лічыцца адным з лепшых у вобласці і краіне.
Ірына Смірнова, Вера Чурэйна, Зоя Старасціна, Алеся Андрыянава ўдзельнічалі ў выставе — кірмашы. І, безумоўна, творчае адкрыццё РЦМ апошняга часу — Леакадзія Канстанцінаўна Іваноўская разам са сваім калаўротам. Прыгожыя жанчыны, прыгожыя вырабы прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў выставы да «Іўеўскага падворка».


А яшчэ на выставе-кірмашы спявалі артысты «Юрацішкаўскага кірмашу» — сплаў творчых людзей, кожнае выступленне якіх з удзячнасцю ўспрымаецца публікай. Артысты з Юрацішак выступалі і на «Іўеўскім падворку», і на галоўнай сцэне выставы-свята.

В. ГУЛІДАВА.