У кожнага чалавека ёсць свая Радзіма, свой родны куток, куды яму заўсёды хочацца вяртацца. І хоць я нарадзіўся ў Мінску, але для мяне найлепшы кавалачак нашай планеты знаходзіцца ў вёсцы Заберазь Іўеўскага раёна, што на Гродненшчыне, побач з Налібоцкай пушчай. Там пражываюць мае бабуля з дзядулем, сям’я Адашкевіч. Гэта самы прыгожы і светлы край ва ўсім свеце!

На гэтых зімовых канікулах, якія я праводжу ў весцы Заберазь, мне давялося наведацца ў Налібоцкую пушчу, захапіцца яе дзівосамі і цудадзейнымі гукамі. Усё там мяне замілоўвае: і роў лася, і выццё воўка, і ягады зімняй рабіны, і яшчэ нешта таямнічае, нікім не зведанае, а таму і такое жаданае.
Там, побач адзін з адным, мірна суіснуюць зубры, тарпаны, лісы, бабры. І, здаецца, там назаўжды пасяліліся спакой, любоў, прыгажосць.
Там заўсёды стаіць водар велічы і сілы. Бо што можа быць велічней за стогадовы дуб, погляд зубра або клёкат чорнага бусла?
Часта можна заўважыць у пушчы як адно, больш магутнае дрэва, быццам абдымае маленькае кволае дрэўца, як сваё дзіця, абвіваецца вакол, здаецца, яно хоча яго зберагчы ад ўсіх вятроў і ўраганаў, якія ў апошні час наведваюцца ў пушчу. Гэта вялікае дрэва як быццам кажа:”Я нікому не дам цябе ў крыўду, я зберагу цябе для нашчадкаў”.

А трохі далей дзве рэчанькі, Заходняя Бярэзіна і Іслач, сталі такімі сяброўкамі, што зліліся ў адну і цяпер ніяк не могуць адарвацца адна ад адной, пагэтаму весела пераліваюцца, рагочуць.
А яшчэ, калі я быў у пушчы, я чуў, як некалькі снегіроў разводзілі плёткі пра цецерука, які рабіў сабе белую снежную коўдру.
У пушчы, нават зімой, стаіць водар суніц і баравікоў, якія летам хаваюцца амаль што пад кожным дрэвам, дагэтуль слепяць вочы водбліскі чырванюткіх журавінаў і гэтак жа вабіць сваім святлом Папараць-кветка.

Я вось думаў: што б я загадаў, каб знайшоў гэтую цудоўную кветку ў пушчы? Можа, шмат грошай або дарагі аўтамабіль? Не, я дакладна ведаю, што я прасіў бы ў яе яшчэ большага росквіту маёй любай Беларусі, каб яна з кожнай хвілінай мацнела і харашэла. Бо калі будзе шчаслівай мая краіна, то будзе шчаслівы і кожны чалавек у ёй, а значыць, буду шчаслівы і я!
Цяпер модна гаворыць:”Вось падрасцеш і едзь вучыцца ў любую краіну, выбірай сам сабе Радзіму”. Але хто мне падкажа: хіба ж можна дзе знайсці такую празрыстую ваду, як у блакітных азёрах нашай пушчы, хіба ж можна яшчэ дзе адчуць водар такога ж, як у нас, чыстага, мірнага і светлага неба, палюбавацца бязмежнымі зялёнымі прасторамі, якія маюць толькі нашы лясы? Хіба ж дзе можна сустрэць такіх спагадлівых, таленавітых людзей, як у краі блакітных азёр? І хіба ж дзе ёсць такія смачныя і духмяныя бліны, якія пячэ мая бабуля?


Я вельмі люблю нашу Беларусь, маю вялікую і малую радзіму, і ўсё жыцце буду дзякаваць Богу, што ён зрабіў мне такі велізарны падарунак: дазволіў нарадзіцца ў лепшай краіне свету, і я магу толькі прысвячаць сваёй Радзіме вершы.
Зіма у Налібоцкай пушчы —
Хто бачыў штосьці прыгажэй?
Стаіць там ёлка ў снежнай хустцы,
Не зводзіш ты з яе вачэй!
І як пісаў нам Максім Танк
Пра Налібокі ў сваім вершы:
«Там вецер скача, як мустанг!
І воўк там вые азвярэўшы!»
Там лось, высокі прыгажун,
Капытам б’е, нібы злуецца,
Насустрач мчыцца, як тайфун,
З грудзей выскоквае аж сэрца!
Удалечыні сям’ю дзіка
Там можна ціхенька разгледзіць,
Іклом падгоніць той сынка,
Каб паляўнічы не прыкмеціў.
Тарпаны носяцца ваўсю:
Яны так радуюцца волі.
Нясуць і веліч, і красу!
Не трэба лепшай коням долі.
Там снегіры ў сваёй красе
Шукаюць ягады лясныя.
Русак вавёрачцы нясе
У зубах арэхі залатыя.
А побач рэчанька плыве…
З марозам весела гуляе:
Яна, як быццам у цеціве,
Усё бяжыць, не замярзае.
І гэта ўсё так блізка мне,
Люблю я моцна Налібокі!
Там дуб мне сілы аддае,
Там корань ёсць душы глыбокі.
Уладзіслаў ПАЗДНЯКОЎ.






