
Дарагія сябры!
З вялікай радасцю звяртаюся да вас, мае юныя землякі, хлопчыкі і дзяўчынкі роднага Прынёманскага краю.
Дазвольце сардэчна павіншаваць вас са святам – Міжнародным днём абароны дзяцей!
Мне, як і вам, пашчасціла нарадзіцца ў нашым Іўеўскім раёне – непаўторным, цудоўным кутку Беларусі. Тут прайшлі мае дзіцячыя гады, тут я вучыўся ў школе, адсюль жыццёвыя сцежкі павялі мяне ў вялікі зямны свет. Але, дзе б я ні быў, маё сэрца заўсёды на радзіме, і таму я зноў і зноў прыязджаю ў сваю родную вёску Крывічы.
Раённая газета “Іўеўскі край”, са старонак якой я звяртаюся да вас, напэўна, прыходзіць і ў вашу сям’ю. Час ад часу ў гэтай газеце друкуюцца мае вершы, прысвечаныя нашай прыгожай зямлі і яе жыхарам. Раней я адрасаваў свае вершы людзям старэйшага пакалення – вашым бацькам, дзядулям і бабулям. А сёння мне хочацца пазнаёміць вас з творамі, якія напісаны менавіта для вас, для маіх маленькіх сяброў.
Вы толькі-толькі пачынаеце жыць, пакуль яшчэ ходзіце ў дзіцячы садок ці ў школу. Мне цікава быць разам з вамі, і я хачу прапанаваць вам дружбу.
Давайце будзем сябраваць, разам любіць нашу родную зямлю, аддаваць ёй цеплыню сваіх сэрцаў і клапаціцца пра яе прыгажосць. Нам трэба сумеснымі высілкамі берагчы родную прыроду, хараство гэтага маляўнічага куточка Прынямоння. Давайце будзем штогод высаджваць на роднай Іўеўшчыне, у парках і каля сваіх хат, маладыя дрэўцы і кветкі, рабіць для птушак кармушкі і шпакоўні.
І давайце будзем сябраваць, праз усё жыццё, з кнігай, з матчынай мовай, з родным беларускім словам, якія памагаюць і заўсёды будуць памагаць нам жыць.
Пачытайце, калі ласка, мае вершы. А калі вы яшчэ не навучыліся чытаць, то я спадзяюся, што гэтыя вершы прачытаюць вам дарослыя – дома ці ў дзіцячым садку. Мне вельмі хочацца, каб яны вам спадабаліся, каб адгукнуліся ў вашых сэрцах.
Ад усёй душы жадаю вам і вашым сябрам шчаслівага дзяцінства, поспехаў у вучобе, ажыццяўлення ўсіх вашых мар у блізкай і далёкай будучыні!
Ваш зямляк, паэт Іван Карэнда,
Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна.

Бусел і Жабка
Каля рэчкі, дзе гагочуць
І смакуюць траўку гусі,
За царэўнай-жабкай сочыць
Ганарлівы белы бусел.
У сукенцы аксамітнай
І зялёных новых ботах
Прыгажуня-жабка спрытна
Вытанцоўвае факстроты.
Скок налева, скок направа,
Паміж купінак і кветак.
Гэтак лёгка, гэтак жвава
Аніхто не скача ўлетку.
“Вось дык забаўка-пацеха
Для маленькіх буслянятак,
Будуць курчыцца ад смеху,
Будзе ім цяпер занятак”, –
Думаў бусел, прыглядаўся.
Потым ціха ўскінуў крылы,
Над зямлёю распластаўся,
Пакружыў, праверыў сілы.
За чародкаю гусінай
Зноў прысеў. Падняў царэўну
І панёс у край бусліны
Пад гусіны крык напеўны.
Дожджык
Пырснуў дожджык з цёмнай хмаркі
І пабег па сцежцы шпарка.
Даўгавязы, басаногі,
Намачыў і мне ён ногі.
Мама ўсклікнула: “О, Божа!
Захварэе мой Сярожа…”
Я матулю супакоіў:
“Ногі высушу ў пакоі”.
Камарык
Сеў камарык на шчаку,
Хоча пазнаёміцца.
Працягнуў яму руку –
Стаў ён непакоіцца.
Закружыўся, зазвінеў,
Запішчаў пад вухам.
Я, вядома, не сцярпеў –
Пляснуў аплявуху.
Мусік
Рыжы коцік з лапкамі
Белымі, як снег,
Ходзіць следам, мяўкае
І міргае мне.
Вочы, як ліхтарыкі.
Вусы – да вушэй.
А скакун! – за Шарыка
Скача ён вышэй.
Хто пакрыўдзіў, кісачка?
Можа, што баліць?..
Дам табе я віскаса,
Малачка папіць…
Раптам Мусік зайчыкам
Скокнуў па двары…
Вы спрытнюгу бачылі? –
Цягне мыш з нары…
Крот
Каля сцежкі на падворку
Неўпрыкмет узнікла горка.
А пад той пясчанай горкай
Невялічкая ёсць норка.
А ў той цёмнай норцы – крот,
Спіць, пяску набраўшы ў рот.
А на горцы – камары,
Спяць нагамі дагары.
Як прачнуцца – засмяюцца:
“І дзівак жа гэты крот! –
Хто ж бярэ пясок у рот?”
Гаўчык
З самай раніцы “Гаў-гаў!..”
Чуецца ля хаты.
“Нешта Гаўчык закульгаў”, –
Уздыхае тата.
Я да Гаўчыка бягу:
“Бедны наш сабачка!
Пакажы сваю нагу,
Дзе твая балячка?”
Лапу з ранкаю кладзе
Гаўчык мне на грудзі:
“Ну а лекі твае дзе?
Чым лячыць ты будзеш?”
Бачу: з лапкі кроў цячэ –
Клічу маму, тату:
“Прынясіце мне хутчэй
Бінцік, ёд і вату!”.
Змыю з ранкі кроў і пыл
І зраблю павязку.
“Хоць балюча, пацярпі
Трошкі, калі ласка!
Ты не бойся дактароў,
Смелы будзь і мужны!
Мілы Гаўчык, будзь здароў!
Папраўляйся, дружа!”
Брацік
У маёй сястрычкі Каці
Нарадзіўся сёння брацік.
Каця радуецца, скача:
– Брацік, брацік, родны брацік!
Разам будзем жыць у хаце!
– Дзе, скажы, яго ты бачыш? –
Я пытаюся ў сястры.
– Я нідзе яго не бачу,
Ні ў пакоі, ні ў двары.
Каця весела рагоча:
– Ты яго пабачыць хочаш?
Пачакай, праз пару дзён
Будзе з мамай дома ён.
А пакуль ён у радзільні,
Толькі-толькі нарадзіўся!
Тата мне сказаў пра гэта,
І пабег туды з букетам.
І яшчэ сказала Каця:
– Хіба ж толькі мой ён брацік?
Думаць трэба галавой –
Гэта брацік мой і твой!
Яблыкі
На галінках яблынькі,
Мокрых ад расы,
Гойдаюцца яблыкі
Казачнай красы.
Круглыя, пунсовыя,
Быццам загарэлыя, –
І не дзіўна: сонейка
Усё лета грэла іх.
Буйныя і спелыя,
Сокамі налітыя,
Чыстыя і свежыя,
Дожджыкам прамытыя.
Лёгкі ветрык гушкае
Іх, як немаўлят,
Бае разам з птушкамі
Казкі ім пра сад.
Мама кажа весела:
Гэта ж – райскі кут!
Мабыць, паразвешвала
Неба зоркі тут.
Ну чаго глядзіш на іх? –
Рві і пакаштуй,
І хутчэй сяброў сваіх
Імі пачастуй!
Пчолка
Пчолка над кветкамі
кружыць-гудзе,
быццам вітаецца:
“Добры вам дзень!”
Нібыта гутарку
з імі вядзе:
“Дзе ўзяць мядку мне
для добрых людзей?”
Кветачкі шэпчуць:
“Вось тут, не жужжы,
доўга над намі
дарма не кружы.
Лепшай, як сёння,
не будзе пары.
Колькі мядку
табе трэба, – бяры…”
Зайчык
Па лясной сцяжынцы скача,
Азіраючыся, Зайчык.
Дзесьці ззаду Воўк бяжыць,
Аж зямля пад ім дрыжыць.
Хоча Зайчыка дагнаць –
Футра беленькае зняць,
Каб пагрэць старыя плечы,
Бо Ваўку накрыцца нечым
У марозны сцюжны вечар.
Ды дарма яго пагоня –
Воўк знямогся, і сягоння
Яму Зайца не дагнаць,
Футра белае не зняць.
Не дагнаць, як ветра ў полі,
Пэўна, Зайчыка ніколі:
Лепшы ў лесе ён спартсмен –
Па ўцякачках рэкардсмен.
Рамонкі
Плыве па небе аблачынка,
Адна на ўвесь вялікі свет,
А па зямлі бяжыць дзяўчынка,
Да сэрца тулячы букет.
Бяжыць дзяўчынка мне насустрач
Па сцежцы, мокрай ад расы,
А ўследкі ёй плывуць-нясуцца
Вясёлых птушак галасы.
– Хто бела-жоўтыя рамонкі
Табе, красуня, падарыў? –
Я запытаў, і голас звонкі
Мне тайну раніцы адкрыў:
– Мне падарыла кветкі лета…
На крылах шчасця я лячу… –
Усмешкай цёплай сведчыў гэта
З суседняй вуліцы хлапчук…
Касманаўты
Вясною і летам,
Увосень і ўзімку
Малюе ракеты
Хлапчына Максімка.
Са старта – угору,
Да зорак Сусвету,
Над сушай і морам,
Нясуцца ракеты.
І хтосьці махае
Рукою з арбіты –
Як быццам гукае,
І кліча нібыта:
“Які над зямлёю
Прастор неабсяжны!
Хто следам за мною?
Хто смелы, адважны?..”
…Сястрычка Аліска
Пытае ў малога:
– Далёка ці блізка
Да зорак дарога?
– Яшчэ ты малая,
Каб думаць пра гэта.
Табе я параю
Забыць пра ракеты.
А я не жартую –
У космас гатовы…
Мне толькі матуля
Скафандр купіць новы…
Яму – шэсць мінула,
Сястрычцы – трынаццаць.
І цяжка дзядулі
Ад смеху ўстрымацца.
Смяецца і кажа:
– Лепш разам ляціце!
Ну хто зварыць кашу
Табе на арбіце?
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews






