У перадсвяточныя дні Іўеўскі раённы цэнтр культуры і вольнага часу прымаў самых ганаровых гасцей – працаўнікоў зямлі. Тут прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, якое ў гэтым годзе краіна адзначыць 15 лістапада.

Каравай як знак пашаны
Адкрылася свята добрай традцыяй: на сцэну пад урачыстую музыку ўвайшлі дзяўчаты з караваямі ўраджаю-2026 ад СУП «Лаздуны-Агра», КСУП «Суботнікі», «Трабы» і «Баума». Галоўны каравай – знак дастатку, пашаны і надзеі на далейшае працвітанне ўручылі старшыні Іўеўскага райвыканкама Ігару Генцу.

Кожны з чатырох караваяў – гэта не хлебны сімвал з магазіна, а вынік гадавога рытму вясковага жыцця: сяўба, корманарыхтоўка, жніво. У ім турбота ад рання да змяркання тых, хто кожны дзень выходзіць на палі і фермы раёна.
Галоўным складальнікам, з якога складаўся сённяшні каравай, стала лічба, якая прагучала ў віншаванні старшыні райвыканкама Ігара Генца.

– Упершыню мы перасягнулі 80-тысячны рубеж намалоту збожжа з улікам кукурузы: больш за 82 тысячы тон сабралі ў гэтым годзе, – расказаў Ігар Мікалаевіч. – А пятнаццаць год таму раён намалаціў 1 572 тонны рапсу, а сёлета –15 721 тону, у дзесяць разоў болей. Гэты рубеж ужо пройдзены, і мы павінны імкнуцца да новых вяршынь. Наступны год будзе яшчэ цікавейшым.

Лічбы вялікія, але за імі звыклая штодзённая праца: трактарысты-машыністы і камбайнеры, вадзіцелі, аграномы, жывёлаводы, ветэрынарныя ўрачы, бухгалтары і кладаўшчыкі. Менавіта ім, як адзначаў са сцэны кіраўнік раёна, належыць галоўная заслуга ў тым, што зямля адплаціла працавітасць шчодрым ураджаем.

Ганаровыя граматы і падзякі — ад райвыканкама і райсавета
Прадоўжылася свята ўручэннем узнагарод. Ганаровай граматай Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі ўзнагароджаны Сяргей Бажын, галоўны інжынер-механік ССП «Лаздуны-Агра», і Мікалай Марусаў, галоўны аграном КСУП «Трабы».
Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі Георгій Філімон, намеснік дырэктара па раслінаводстве СУП «Лаздуны-Агра», і Вацлаў Смалеўскі, вадзіцель КСУП «Баума».
Ад усяго сэрца віншавала працаўнікоў зямлі старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Філон:

– Ад усяго сэрца віншую вас з прафесійным святам, жадаю дабрыні і міру, радасці і ўтульнасці ў кожны дом і ў кожнае сэрца. Няхай заўсёды спрыяе вам надвор’е, а нявычэрпная энергія суправаджае ў плённай працы. А дома хай вас чакаюць самыя любімыя і родныя людзі, – гаварыла Валянціна Станіславаўна.

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны трактарыст-машыніст КСУП «Суботнікі» Станіслаў Місюкевіч і вадзіцель СУП «Лаздуны-Агра», а сёння ветэран працы, Віктар Калышка. Падзячнымі лістамі старшыні райсавета адзначаны намеснік галоўнага бухгалтара КСУП «Баума» Ірына Рынкевіч і жывёлавод КСУП «Суботнікі» Наталля Яцкевіч.

Шанаваць тых, хто корміць
Віншаваў працаўнікоў галіны першы намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Жэбрык:

—Ваша штодзённая, нялёгкая, упартая праца, ваш прафесіяналізм і любоў да роднай зямлі заслугоўваюць глыбокай павагі. Дзякуючы вам на нашым стале заўсёды ёсць свежыя і якасныя прадукты. Няхай ваша праца заўсёды будзе адзначана высока, а ў жыцці пануюць мір і дабрабыт, – гаварыў Андрэй Нікадзімавіч.

Фіналам гэтага блока сталі ўзнагароды пераможцам раённых спаборніцтваў па раслінаводстве і жывёлагадоўлі : граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і грашовыя прэміі Іўеўскага райвыканкама атрымалі тыя, хто працаваў у мінулым годзе найлепшым чынам.

Прафсаюз — рэальная сіла
Старшыня Гродзенскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міраслаў Сарасек, які не раз пабываў на Іўеўшчыне падчас жніва і добра ведае рэгіён, прызнаўся: быць на гэтым свяце – гонар для любога чалавека.

– Сучасны свет хутка змяняецца: з’яўляюцца новыя прафесіі, новыя спецыяльнасці. Але аграрную працу ніхто і нішто не заменіць: менавіта ад яе вынікаў залежыць наш дабрабыт. Гэта найбольш сумленная і паважаная праца, хоць і не самая лёгкая. Жадаю раёну далейшага развіцця і яшчэ больш высокіх вяршыняў, а моладзі, каб сельскія школы не пусцелі і ў нашы гаспадаркі прыходзіла новае пакаленне хлебаробаў, – адзначыў Міраслаў Эдмундавіч.

Ганаровай граматай абласной прафсаюзнай арганізацыі ўзнагароджаны трактарыст-машыніст КСУП «Суботнікі» Валерый Ледаковіч. Граматы абкама атрымалі кладоўшчык зернесклада «Эйгерды» СУП «Лаздуны-Агра» Андрэй Куляшо і намеснік дырэктара па вытворчасці КСУП «Баума» Уладзімір Ціткоў.
Падзячнымі лістамі Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК адзначаны аператар машыннага даення КСУП «Трабы» Таццяна Райская, ветэрынарны ўрач Іўеўскай раённай ветэрынарнай станцыі Генадзь Сляпцоў, Вераніка Агароднік, вядучы спецыяліст па ідэалагічных пытаннях СУП «Лаздуны-Агра».
Асаблівай узнагароды заслугоўваюць тыя, хто сёлета паказаў найлепшыя вынікі на жніве. Дыпломам абласной прафсаюзнай арганізацыі па самаму найвышэйшаму паказчыку намалоту збожжа па стане на 1 лістапада 2026 года ўзнагароджаны трактарыст-машыніст СУП «Лаздуны-Агра» Пётр Падгайскі.

Падзякі абласнога прафсаюза атрымалі супрацоўнікі Іўеўскай раённай ветэрынарнай станцыі : ветэрынарны ўрач лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы Вячаслаў Кот, намеснік начальніка ўстановы Антон Пішчык і ветэрынарны ўрач дыягнастычнай лабараторыі Марыя Ус.
Падзячны ліст абласнога прафсаюза атрымала старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі СУП «Лаздуны-Агра» Ірына Уляшка.
Слова для віншавання таксама мела старшыня Іўеўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Інэса Куляшо, якая ўручыла ўзнагароды ад раённай прафсаюзнай арганізацыі.
Моладзь і ветэраны: саюз пакаленняў
У асобным блоку свята былі ўшанаваны маладыя работнікі галіны. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Федаровіч адрасавала ім словы падзякі:

– Ваша праца – аснова жыцця і дабрабыту кожнага з нас. Дзякуй вам за клопат пра зямлю, за высокі ўраджай і за хлеб на нашым стале. Жадаю вам моцнага здароўя і міру, а моладзі упэўненасці ў сваіх сілах і годных вынікаў, – гаварыла Вольга Чаславаўна.
За праяўленыя працавітасць, ініцыятыўнасць і адказнасць у працы каштоўнымі падарункамі Іўеўскага райвыканкама ўзнагароджаны маладыя работнікі аграпрамысловага комплексу.


Не абышлі сваёй увагай арганізатары і людзей, без якіх сённяшняе сяльское жыццё нельга ўявіць, – ветэранаў працы. За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі ўзнагароджаны ветэраны АПК. Уручыць ім узнагароды выйшлі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Жэбрык і старшыня райпрафсаюза Інэса Куляшо.



Свята адбывалася традыцыйна: з песняй, апладысментамі і шчырымі віншаваннямі. Але што галоўнае з пачуццём, што ўраджай-2026 у Іўеўшчыны сапраўды асаблівы. А гэта выдатная прычына ўшанаваць тых, хто сваімі залатымі рукамі множыць багацце нашай малой радзімы.












Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: telegram.me/ivyenews
Ягор Шэмет.
Фота Станіслава Зянкевіча.






