Напярэдадні светлага свята Дня перамогі ў Іўеўскай раённай бібліятэцы была праведзена літаратурная кампазіцыя «Боль памяці» (паводле серыі карцін Міхаіла Савіцкага «Лічбы на сэрцы» і паэмы Пятруся Броўкі «Голас сэрца»).
Супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі запрасілі на мерапрыемства вучняў 9 класа гімназіі №1 г. Іўе і іх класнага кіраўніка Г.Б.Балунда.
Вядучыя пазнаёмілі прысутных з серыяй карцін Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, беларускага мастака, шматлікія палотны якога былі прысвечаны менавіта тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны.
Серыя «Лічбы на сэрцы» знамянуе сабой асаблівы этап у творчасці мастака, які сам быў вязнем Бухенвальда, адчуў на сабе подых смерці. Палотны раскрываюць гледачу злавеснае аблічча фашызму і адначасова сцвярджаюць бессмяротнасць непакорнага чалавека.
Гэтыя карціны М. Савіцкі пісаў у першую чаргу дзеля моладзі, якая нарадзілася пасля вайны. Нельга без душэўнага хвалявання глядзець на гэтыя палотны. І аўдыторыя не засталася раўнадушнай.
Пранікнёна гучалі ўрыўкі з паэмы П. Броўкі «Голас сэрца», дзе адлюстраваны запаветныя мары і думы чалавека, багацце і прыгажосць яго душы, імкненне да шчасця і міру. Паэма прысвечана маці паэта, якая загінула ў Бухенвальдзе.
Прагучалі запісы песень «Хатынь», «Бухенвальдский набат», «Аист на крыше».
Падрастаючае пакаленне, нашчадкі герояў Вялікай Айчыннай вайны павінны ведаць, якой цаной былі заваёваны шчасце і магчымасць жыць у мірнай краіне.
У завяршэнне мерапрыемства бібліятэкар зрабіла агляд літаратуры, экспанаванай на выставе «Далёкое эхо войны».
Выступіла на мерапрыемстве і Лідзія Фёдараўна Федаровіч — вязень працоўных лагераў у Германіі, дзе яна знаходзілася разам з маці.
В. ВІКТАРАВА.






