Навіны культуры.Фэст у Бакштах
Працягваецца праект работнікаў культуры раёна «Свята кожны дзень», які і сапраўды сабраў пад сваімі ўрачыстымі сцягамі шмат цікавых, яркіх, таленавітых мерапрыемстваў і людзей. Вось і ў мінулую нядзелю зноў паклікаў сваіх паклоннікаў фэст вясковай культуры «Бакштаўскі каларыт». Мне, прынамсі, здаецца, што кожнае свята, што праводзяць культработнікі аддзелаў і сектараў культурна-масавай і асветніцкай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, і ёсць той самы фэст вясковай культуры. Ці то свята сенакосаў, ці то беларускіх страў, ці даўняга промыслу жыхароў Панямоння… Усё наша, беларускае, тое, чым жыла і спрадвеку трымалася вёска. Толькі раней гэта была цяжкая і неабходная праца, а зараз у той працы знайшлі і свята, і звычаі, і культуру, якія патрэбна не толькі шанаваць, але і развіваць, захоўваць.




І ўсё ж «Бакштаўскі каларыт» увабраў у сябе не проста якуюсьці адну тэму ці адзін накірунак з таго, аб чым гаварылася вышэй. Ён акумуляваў усё, што мае нацыянальную каштоўнасць, што цікава і ў плане асветы, і ў якасці відовішча.
На сцэнічнай пляцоўцы ля будынка культурнай установы вёскі Бакшты надвячоркам у нядзелю загуло і зазвінела свята. У Бакштах умеюць і могуць ладзіць урачыстасці. Фестываль заклікаў знаўцаў і аматараў вясковай культуры на сустрэчу з песнямі, жартамі, вясковай кухняй і выдатнымі вырабамі народнай творчасці.
У праграме быў цудоўны канцэрт калектываў аматарскай творчасці «Гучы, родная песня».
І яна гучала, лунала высока ў нябёсах, ляцела да самай Налібоцкай пушчы, на ўскрайку якой прымасціліся старадаўнія і славутыя Бакшты.
Госці і ўдзельнікі свята прадэгусціравалі незвычайныя экспанаты яшчэ больш незвычайнай выставы — страў і напояў вясковай кухні «Што ні страва — дзіўны смак»; захапляліся выставай рэчаў народнага побыту «Зроблена рукамі землякоў» і дэкаратыўна-прыкладной творчасці «З крыніц прыгажосці».
Вясёлы экспрэс імчыць у лета
У спісе мерапрыемстваў праекта «Свята кожны дзень» сваё пачэснае і годнае месца заняла і праграма дзіцячых мерапрыемстваў. Ужо прайшлі: дзіцячая анімацыйная праграма «Летнія прыгоды ваўка», забаўляльнае мерапрыемства «5-D атракцыён», музычна-забаўляльная праграма «Я малюю лета», фальклорнае свята «Родныя напевы», свята «Камплімент-пазітыў».





31 ліпеня у 18 гадзін мікрараён Маладзёжны стаў сапраўднай канцэртнай і забаўляльнай пляцоўкай. У адкрытыя вокны пачало залятаць свята: гучна, весела. І раздаўся вядомы кожнаму голас — мікрафон у рукі ўзяў наш творчы кіраўнік народнага тэатра Мікалай Пятровіч Завадскі. Гэта менавіта ён ладзіць штогод у гэтым месцы горада і святы двароў, і святы мікрараёна, і іншыя мерапрыемствы, на якія збіраецца мясцовы люд.
У на гэты раз ён праводзіў тут свята для дзяцей «Вясёлы экспрэс». Назва мерапрыемства гаварыла сама за сябе. Гэта быў актыўны адпачынак на свежым паветры для дзяцей і падлеткаў. Гульні, канцэртная праграма, у якой бралі ўдзел і самі дзеці, флэшмоб і іншае, што стварала сапраўдны святочны, летні настрой і шчаслівае разуменне таго, што канікулы і жаданае лета працягваюцца.
В. ГУЛІДАВА. Фота з архіва культустаноў.






