Жанчына, у якой пахне шчасцем.
Філіял г.п. Юрацішкі ДУК «Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу» далучаецца да раённага культурнага фотачэленджа «Жанчына – творца культуры Іўеўшчыны», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны.
Вользе Антонаўне Гурынай — 90 гадоў. Некалі яна была ўдзельніцай клуба сталых людзей «Залатая пара», але і сёння не забывае завітаць у госці — часта з уласнаручна прыгатаванымі пірагамі.

Сустрэчы з Вольгай Антонаўнай заўсёды напоўнены добрымі эмоцыямі і душэўнай цеплынёй. Яна ахвотна размаўляе, дзеліцца ўспамінамі пра сваё нялёгкае жыццё, асабліва пра ваеннае дзяцінства.
Вайну Вольга Антонаўна запомніла вачыма пяцігадовага дзіцяці. Памятае, як фашысты выселілі жыхароў вёскі ў дамы, размешчаныя на ўскраіне. У вызваленых памяшканнях яны ўладкавалі кухню і іншыя бытавыя пакоі. Старэйшых дзяцей прымушалі працаваць.
Вольга Антонаўна прыгадвае, як дзеці чысцілі бульбу, а ачысткі забіралі сабе, каб было чым пракарміцца. Здараліся выпадкі, калі даводзілася начаваць у лесе, а жывёлу хавалі, каб яе не забралі немцы.
Аднак нават у самых складаных абставінах людзі падтрымлівалі адзін аднаго.
— Людзі трымаліся разам, адзін аднаго выбаўлялі, нічога не шкадавалі, — успамінае жанчына.
З цягам часу Вольга Антонаўна стала старастай вёскі Няфёдкі. А адным з яе самых любімых заняткаў стала выпечка пірагоў. Яна пякла іх да святаў, дзён нараджэння дзяцей, у царкву.
Духмяныя пірагі Вольгі Антонаўны не толькі радуюць вока, але і славяцца сваім цудоўным смакам. У іх — частка яе душы, цеплыня і клопат пра людзей.
— У хаце, дзе пахне пірагамі, заўсёды жывуць каханне і сапраўднае шчасце, — кажа Вольга Антонаўна.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: telegram.me/ivyenews
Па інфармацыі t.me/rdk_iv






