З мэтай папаўнення этнаграфічнага кутка ўнікальнымі прадметамі даўніны і побыту і вывучэння традыцый нашых продкаў, супрацоўнікі Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу накіраваліся ў госці да адной з старэйшых жыхароў вёскі Баравікі Суботніцкага сельсавета шчырай і гасціннай гаспадыні — Грыгуць Феліцыі Станіславаўны.

Гэтая сустрэча стала сапраўдным падарожжам у мінулае, напоўненым цяплом чалавечай памяці і багаццем беларускіх традыцый. Падчас візіту спадарыня Феліцыя перадала ў дар аддзелу раместваў і традыцыйнай культуры ДУК «Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу» каштоўныя рэчы, якія калісьці былі неад’емнай часткай вясковага інтэр’еру кожнай сям’і:
Саматканыя ходнікі, напоўненыя працай дбайных рук;
Святы абраз, які дзесяцігоддзямі ахоўваў сям’ю;
Старадаўнюю этажэрку — упрыгожванне хаты мінулага стагоддзя.


Феліцыя Станіславаўна сама з’яўляецца сапраўдным захавальнікам народных раместваў. У маладыя гады яна з захапленнем займалася вышыўкай, вязаннем, ткацтвам. Яе таленавітыя рукі стваралі непаўторныя рэчы, якія ўпрыгожвалі побыт і радавалі вока.
Асаблівую атмасферу сустрэчы надалі расповеды гаспадыні пра вясельныя звычаі яе маладосці. Разглядаючы чорна-белыя сямейныя фатаздымкі, Феліцыя Станіславаўна з пяшчотай і лёгкай настальгіяй узгадала, як калісьці «хадзілі ў сваты».

У тыя часы гэта быў сапраўдны рытуал са сваімі законамі і адмысловым словам. Сваты заходзілі ў хату з павагай і з парога прамаўлялі запаветныя словы:
«Я сват прысланы, каб стол быў засланы!»
Гэта быў знак пачатку перамоў. Сват урачыста клаў на стол хустку, а зверху на яе — бутэльку, што сведчыла пра сур’ёзнасць намераў жаніха.
Шчыра дзякуем Феліцыі Станіславаўне за захаванне нашай спадчыны, за падораныя рэчы і каштоўныя ўспаміны, якія цяпер стануць часткай агульнай гісторыі Іўеўшчыны. Памяць жыве, пакуль мы яе шануем!
Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews






