Сёння 65-годдзе з дня нараджэння адзначае народны майстар Рэспублікі Беларусь, жыхарка аг. Лелюкі Вера Чурэйна. З гэтай нагоды ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу прайшоў віншавальны вечар.

Дырэктар установы Сяргей Марцінкевіч адрасаваў юбілярцы кранальныя радкі.
— Ваш творчы шлях — гэта прыклад нястомнай працы, глыбокай адданасці роднай культуры і сапраўднага таленту . Дзякуючы Вашаму майстэрству, старажытнае мастацтва саломапляцення жыве, развіваецца і захапляе кожнага, хто дакранаецца да Вашай творчасці. Вы — не проста народны майстар Рэспублікі Беларусь, Вы — чалавек, які захоўвае душу нашага народа і дорыць свету святло праз свае залатыя вырабы, — сказаў Сяргей Марцінкевіч.

Цёплыя віншаванні з юбілеем гучалі ад калег, сяброў і аднадумцаў. Калегі адзначылі, што Вера Чурэйна не толькі стварае ўнікальныя вырабы з саломкі, але і перадае свае веды новым пакаленням, арганізуючы майстар-класы і навучальныя праграмы для жадаючых.
Майстар па саломапляценні Вера Чурэйна спецыялізуецца (калі гэта слова прымянімае для творчасці) на вырабе капелюшоў – мужчынскіх, жаночых, дзіцячых, картузоў і ўсяго, што звязана з галаўнымі ўборамі. Нездарма выставы майстра мелі назву “Уся справа ў капелюшы”.


Капелюшы ад лелюкінскага майстра разляцеліся па ўсім белым свеце. І гэта без перабольшвання. Напэўна, прасцей пералічыць тыя краіны ў Еўропе і Бліжнім Усходзе, у якіх саламяных вырабаў нашай зямлячкі няма.
Вера Чурэйна са шчырай усмешкай на твары падзякавала ўсім за цёплыя словы і падтрымку. Яна адзначыла, што яе праца — гэта не толькі хобі, але і прызванне, якое натхняе яе кожны дзень. «Я шчаслівая, што магу дзяліцца сваёй любоўю да саломапляцення з іншымі. Спадзяюся, што мая праца будзе натхняць многіх на захаванне нашых традыцый», — сказала яна.

Гэта было не толькі святкаваннем юбілею, але і ўшанаваннем беларускай культуры і мастацтва, якое працягвае жыць дзякуючы такім людзям, як Вера Чурэйна.


Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Фота Станіслава Зянкевіча.






