0
Актуальное Главное Жизнь

Цеплыня ў кожны дом: у Іўі ўшанавалі работнікаў ЖКГ

У глядзельнай зале Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу сабраліся тыя, дзякуючы каму нашы дамы сустракаюць цяплом, двары — чысцінёй, а вуліцы радуюць вока парадкам. 20 сакавіка тут прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Гэта свята — нагода сказаць словы ўдзячнасці тым, чыя праца часта застаецца за кадрам штодзённага жыцця, але менавіта яна стварае аснову для камфорту і бяспекі ў кожнай хаце. У зале сабраліся слесары і маляры, вадзіцелі і зваршчыкі, электрыкі і сантэхнікі, дарожнікі і садоўнікі — усе тыя, хто робіць жыццё іўяўчанаў па-сапраўднаму ўтульным.

Праца, якую не заўважаюць пакуль усё добра

Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Генец.

— Паважаныя працоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — пачаў кіраўнік раёна. — Я задаўся пытаннем: чаму ж свята адзначаецца ў канцы сакавіка? І прыйшоў да высновы, што потым ужо будзе не да святкавання — наперадзе сезон вялікіх работ. Ваша праца такая, што калі ўсё добра, вас ніхто не заўважае. Але як толькі знікла вада або цяпло — адразу ж успамінаюць.

Ігар Мікалаевіч падзякаваў калектыву за мінулы ацяпляльны сезон, які прайшоў без сур’ёзных збояў, і пажадаў, каб праца заўсёды прыносіла задавальненне і радасць.

Пасля выступлення старшыня райвыканкама ўручыў узнагароды. Ганаровай граматай райвыканкама і Падзякай старшыні  Іўеўскага райвыканкама былі адзначаны:

Станіслаў Ярошка, слесар аварыйна-аднаўленчых работ; Святлана Пучко, спецыяліст па рабоце з кліентамі службы і сэрвісу 115.
Ганаровай граматай, Граматай і Падзячным лістом Дзяржаўнага аб’яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці» былі адзначаны: Іван Матэйка, інжынер па ахове працы; Наталля Стэцкая, начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка; Антон Клінцавіч, машыніст (качагар) кацельні аг.Трабы.       

Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Жамойта ў сваім выступленні адзначыў асаблівы характар гэтай прафесіі:

— Паважаныя калегі, сёння мы віншуем тых, ад каго залежыць утульнасць у кожным доме і парадак на кожнай вуліцы. Ваша работа часта застаецца незаўважанай, калі ўсё добра, але яна становіцца неацэннай у моманты цяжкасцей. Вы першымі сустракаеце капрызы прыроды і апошнімі сыходзіце з паста. Тут не бывае выпадковых людзей, бо ваша праца патрабуе асаблівых адносін да справы.

Віктар Віктаравіч таксама ўручыў узнагароды. Падзячны ліст старшыні Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў ад яго атрымалі: Алена Станчык, намеснік дырэктара — галоўны інжынер;  Віталь Дрозд, вадзіцель аўтамабіля; Алег Грыбоўскі, майстар па электрагаспадарцы.

Высокія ўзнагароды — за добрасумленную працу

На свяце былі ўручаны ўзнагароды і больш высокага ўзроўню. Ганаровай граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь адзначана эканаміст Вольга Жыдко. Падзякай міністэрства ўзнагароджана інжынер-цеплатэхнік Рэгіна Кавалеўская. Уручэнне адбылося ў Гродне.

8-е месца сярод 18: вынік, які натхняе на новыя поспехі

Дырэктар Іўеўскага раённага ўнітарнага прадпрыемства ЖКГ Андрэй Боландзь падзяліўся вынікамі працы калектыву:

— Віншую ўсіх з прафесійным святам. На вашых плячах ляжыць велізарны цяжар адказнасці па забеспячэнні спрыяльных і камфортных умоў жыцця нашых грамадзян, а гэта значыць — і нас з вамі. Таму мы павінны працаваць не дзеля кагосьці, а  дзеля сябе.

Андрэй Станіслававіч адзначыў, што за мінулы год прадпрыемства выканала ўсе патрабаванні, і па выніках работы Іўеўскі раён заняў 8-е месца з 18.

— Я лічу, гэта вельмі добры вынік, — падкрэсліў кіраўнік. — У нас аднаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база і будзе аднаўляцца далей. Цяперашні год у Беларусі аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, і мы павінны працаваць яшчэ больш адказна, ініцыятыўна.

Пасля выступлення Андрэй Станіслававіч уручыў узнагароды прадпрыемства. Ганаровай граматай Іўеўскага раённага ўнітарнага прадпрыемства ЖКГ і Падзякай прадпрыемства былі адзначаны лепшыя працоўнікі, якія штодзённымі справамі даказваюць вернасць абранай справе.

Прафсаюз: клопат пра людзей — галоўны прыярытэт

Ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі калектыў і гасцей свята віншавала старшыня Таццяна Мінко.

— Сардэчна віншую вас з прафесійным святам, — звярнулася яна да прысутных. — Дзякуй вам за вашу штодзённую працу, якая робіць нашы дамы ўтульнымі, двары — чыстымі, а гарады і вёскі — прыгожымі і камфортнымі для жыцця. Ваша адказнасць, стараннасць і адданасць справе — гэта аснова дабрабыту кожнага чалавека.

Таццяна Станіславаўна ўручыла ўзнагароды ад Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання.

Ганаровай граматай за шматгадовую і добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву ўзнагароджана Галіна Лобач, галоўны бухгалтар прадпрыемства.

Граматамі адзначаны: Уладзімір Берцук, старшы майстар ацяпляльнай кацельні па вул. Чапаева ў Іўі, Яўгеній Латарэвіч, рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў, Алена Станчык, намеснік дырэктара — галоўны інжынер, Людміла Шамбэцкая, бухгалтар, Алена Лотвін, аператар дыспетчарскага руху.

Музычны падарунак з Ліды

Завяршальным акордам святочнага мерапрыемства сталі выступленні артыстаў дзяржаўнай установы «Палац культуры горада Ліда». Іх творчыя нумары сталі сапраўдным падарункам для тых, хто прывык дарыць цяпло і ўтульнасць іншым.

Са святам, шаноўныя работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання! Няхай ваша праца заўсёды будзе ў пашану, а дома вас чакае сямейны ўтулак і цяпло родных сэрцаў.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Ягор Шэмет.
Фота Станіслава Зянкевіча.