Образование

На працягу Тыдня роднай мовы ў Геранёнскай СШ праведзены шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў

Мілагучная родная мова

Так прыемна лашчыць нам слых!

Песняй льюцца родныя словы

З вуснаў нашых старых і малых.

Мова – найкаштоўнейшы скарб народа, неацэнны набытак, які перадаецца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне. Нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца: і багатай духоўнай спадчынай, і мілагучнай беларускай мовай.

Тыдзень роднай мовы ў 2026 годзе праходзіў у перыяд з 16 па 21 лютага. На працягу Тыдня ў Геранёнскай СШ праведзены шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў.

Першыдзень Тыдня роднай мовы звычайна задае агульны ўрачысты настрой усім наступным мерапрыемствам. Гэты дзень служыць сімвалічным стартам для глыбокага пранікнення ў багацце роднага слова, падкрэсліваючы важнасць захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Каля святочнага стэнда вучні прачыталі свае пажаданні роднай мове, пазнаёміліся з выказваннямі беларускіх пісьменнікаў, прысвечаных роднаму слову, прачыталі свае любімыя вершы. На працягу дня праходзіла акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску!”

Другі дзень Тыдня стартаваў акцыяй “Перакладзі слова”, якая дазволіла выявіць лепшага знаўцу беларускіх слоў сярод вучняў пачатковых  класаў. Вучні 5 класа акунуліся ў казачную атмасферу і пабывалі “Угасцях у казкі”, дзе не толькі ўспомнілі беларускія народныя казкі, але і падрыхтавалі да іх выставу ілюстрацый.

Трэці дзень прайшоў пад дэвізам “Кожны народ стварыў хаця б адзін геніяльны твор, і твор гэты – мова” (А.Разанаў). Вучні 8 класа ў нацыянальных строях завіталі ў госці да вучняў 6-7 класаў і прапанавалі ім віктарыну “Адгадай беларускае слова”. Да віктарыны актыўна далучыліся і работнікі школы. Тэматычная дошка з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў заклікала навучэнцаў пазнаць таго ці іншага мастака слова. Вучні 7 класа на некалькі хвілін адчулі сябе ў ролі акцёраў і прынялі ўдзел у інсцэніроўцы ўрыўка з апавядання З.Бядулі “На Каляды к сыну”.

“Мову родную люблю, мову родную вучу!” – пад такім дэвізам прайшоў чацвёрты дзень, прысвечаны інтэлектуальным гульням. У7 класе адбыўся лінгвістычны турнір “Самы шчыры беларус”. Для вучняў 8 класа праведзена віктарына “Таямніцы роднай мовы”. Вучні 10 класа мелі магчымасць праверыць свае веды ў інтэлектуальнай гульні “Эрудыт”.  Мерапрыемствы дапамаглі паглыбіць веды вучняў, спрыялі равіццю моўнай культуры, творчых здольнасцей, выхоўвалі павагу да нацыянальнай культуры.

20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, з мэтай захавання мовы як культурнай спадчыны беларускага народа вучні 10-11 класаў і настаўнікі далучыліся да рэспубліканскай акцыі і напісалі дыктант.

У рамках праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё!” для вучняў 5-8 класаў была арганізавана гульня “Гаворым па-беларуску”, накіраваная на выхаванне патрыятычнай свядомасці і грамадзянскай культуры праз асэнсаванне духоўных каштоўнасцей.  Удзельнікі паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў, тлумачальнікаў, інтэлектуалаў, паэтаў. Падчас гульні гучалі беларускія вершы і песні. У зале панавала цёплая, добразычлівая атмасфера.

Усе мерапрыемствы Тыдня роднай мовы сталі добрымі ўрокамі выхавання патрыятызму, духоўнасці, пачуцця адданасці роднаму краю і яго нацыянальнай спадчыне.

Мы зберажом цябе, родную,

Простую і пяшчотную,

Жывое ў вяках слова шчырае,

Слова матчына, слова мілае…

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми?  Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

І. Драб, І. Барысевіч, настаўнікі

беларускай мовы і літаратуры Геранёнскай СШ