У Іўеўскім музеі нацыянальных культур адбылося адкрыццё выставы, якое смела можна назваць творчай падзеяй. Аўтарская кераміка Вольгі Жарнасек пад назвай «Мастацтва гліны і агню» ператварыла музейную залу ў прастору, дзе народныя традыцыі сустрэліся з сучасным майстэрствам. Тут не проста паліцы з посудам — тут цэлы свет, народжаны з зямлі, абпалены полымем і адухоўлены чалавечай фантазіяй.


Дырэктар музея Алена Віктарава, прадстаўляючы госцю, адразу звярнула ўвагу на ўнікальнасць майстрыхі:
— Яна да нас прыехала не здалёк, а з суседняга Навагрудскага раёна. Гэта майстар-рамеснік. Вы толькі паглядзіце на гэтыя пальчыкі — яна імі робіць не толькі прадметы, якія вы бачыце на нашай выставе, але і мноства іншых рэчаў з гліны. Сёння Вольга Алегаўна прывезла невялічкую, але вельмі змястоўную калекцыю. Гэта сугуба калекцыя талерак. Але гэта не проста распісныя каляровыя талерачкі. Яны звязаны з цікавымі мастацка-дэкаратыўнымі напрамкамі нашай культуры. З якімі імёнамі і сюжэтамі? Пра ўсё гэта аўтар раскажа лепш за нас.
І Вольга Жарнасек расказала. Госця пачала не з тэхналогіі, а з натхнення. Аказалася, што ў аснове незвычайных керамічных талерак ляжыць сапраўдная беларуская душа — маляваныя дываны, або, як іх яшчэ называюць, «беларуская маляванка».
— Мне вельмі прыемна, што сёння прыйшло так шмат людзей, асабліва маладога ўзросту. Гэтая выстава прысвечаная вельмі цікавай з’яве — беларускай маляванцы, — звярнулася да гасцей Вольга. — Гэта народны жывапіс, які малявалі на камінах, на цыратах, нават на сценах. У горадзе Заслаўе існуе цэлы музей маляванкі, дзе захоўваюцца нават карціны, створаныя на старых коўдрах. На маляванках часта сустракаецца чорны фон, які запаўняўся яркім кветкавым арнаментам. Такія дываны віселі ў вясковых хатах. Амаль пад такім, як вы бачыце, я засынала ў хаце свайго дзеда. З цягам часу маляванкі сышлі з дамоў, і я пра іх амаль нічога не ведала, пакуль мне гадоў 16 таму не трапіла ў рукі кніга «Беларускія маляваныя дываны». Мяне гэта вельмі захапіла. Па адукацыі я журналістка, але заўсёды любіла маляваць, а рэалізавала сябе ў кераміцы. Зараз я прафесійная керамістка. Мне захацелася перанесці той самы настрой на гліну. Усё, што вы тут бачыце — гэта не проста копіі, а мае інтэрпрэтацыі, маё бачанне тых узораў.
Вольга Жарнасек стварыла сапраўдны гімн беларускім майстрам. Яна распрацавала чатыры міні-калекцыі, прысвечаныя канкрэтным асобам, якія праславілі жанр маляванага дывана. Іх партрэты і біяграфіі арганічна дапоўнілі экспазіцыю.
— Тут прадстаўлены чатыры мастакі, — працягвае аўтарка. — Алена Кіш са Случчыны — адна з самых вядомых. Яе імя ўнесена ў міжнародную энцыклапедыю наіўнага мастацтва, яна сусветна вядомы мастак-прымітывіст. Язэп Драздовіч — напэўна, адзіны прафесійны мастак, які працаваў у стылі маляванак. Дарэчы, ён шмат працаваў і ў Навагрудку, даследаваў і распрацоўваў сваю стылістыку. Ніна Бохан, якая паходзіла са Смаргоншчыны, не мела прафесійнай адукацыі, але калі я разглядала фотаздымкі яе прац, я была проста ўражана, наколькі прыгожа яна рабіла. І Віктар Марціновіч — чалавек з адукацыяй у галіне сельскай гаспадаркі, але ён так любіў жывапіс і прыроду, што не кожная жанчына магла параўнацца з яго кветкавымі вобразамі.
Калі госці музею ўважліва разглядалі талеркі, узнікаў натуральны здзіўлены шэпт: «Няўжо гэта проста гліна?». Каб растлумачыць, чаму гэтыя вырабы называюцца мастацтвам, Вольга прыадчыніла заслону керамічнай кухні. Яна патлумачыла, што гліна — матэрыял далікатны, і без валодання чатырма стыхіямі добрага вырабу не атрымаць.
— Кераміка — гэта праца з зямлёй, вадой, паветрам і агнём, — тлумачыць майстрыха. — Калі мы сушым выраб няправільна — на сонцы ці ветры, калі таўшчыня няроўная — ён проста трэсне або скрывіцца. Да таго ж, падчас сушкі і абпалу выраб памяншаецца на дзесяць працэнтаў. Каб гліна стала керамікай, яе трэба абпаліць пры тэмпературы 950 градусаў. У хатняй духоўцы гэтага не зробіш — гліна застанецца крохкай. Самы цяжкі этап — глазуроўка. Бывае, адну талерку трэба тры разы ставіць у печ. Некаторыя з прадстаўленых талерак, дарэчы, пакрытыя малаком — гэта асобная тэхніка.
Пасля афіцыйнай часткі і жывога дыялогу з аўтарам, аматары ручной працы не спяшаліся разыходзіцца. У музеі тут жа пачаўся майстар-клас. За сталы селі і юныя школьнікі, і людзі сталага ўзросту. Кожны атрымаў кавалак керамікі і магчымасць дакрануцца да таямніцы пераўтварэння звычайнай зямлі ў твор. Сагрэты цяплом рук, кожны выраб стаў маленькім успамінам пра сустрэчу з сапраўдным мастацтвам у Іўі.






Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Падрабязней у бліжэйшым нумары «Іўеўскага краю».
Ягор Шэмет. Фота аўтара.






