Актуальное

Рассказываем о работе землеустроительной службы Ивьевского райисполкома

21 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Напярэдадні свята сустрэліся са спецыялістамі аддзела землеўпарадкавання Іўеўскага райвыканкама, каб пазнаёміць чытачоў з іх дзейнасцю.

четверо
А. Юргелевіч, А. Сілюк, В. Матылевіч, В. Тапуць

Ужо больш за два гады аддзел узначальвае Аляксей Сілюк. Пад яго кіраўніцтвам працуюць тры галоўныя спецыялісты — Вольга Матылевіч, Вольга Тапуць і Аляксандр Юргелевіч. Цяперашні калектыў аддзела плённа спраўляецца са сваімі задачамі вось ужо шэсць гадоў.

— Усё пачынаецца з зямлі, таму так ці інакш праз наш аддзел праходзіць пераважная большасць жыхароў раёна. Штодня на спецыялістах аддзела землеўпарадкавання ляжыць вялікая адказнасць. У нашы абавязкі ўваходзіць: кантроль за выкарыстаннем і аховай зямлі, прадастаўленне і адбіранне зямельных участкаў, афармленне адпаведных дакументаў і падрыхтоўка рашэнняў па кожным участку, а таксама кантроль за выкарыстаннем зямель у сельскай гаспадарцы, — расказвае Аляксей Сілюк.

Калі глядзець на карту Гродзенскай вобласці, то наш раён нічым не вылучаецца сярод астатніх 16 раёнаў. Але вось цікавы факт: Іўеўскі раён займае 3-е месца па плошчы тэрыторыі, а гэта ажно 184 956 гектараў.
За мінулы год у аддзел землеўпарадкавання паступіла 578 зваротаў ад грамадзян і 95 — ад юрыдычных асоб. Сярод найбольш распаўсюджаных прычын — перагляд і аднаўленне межаў зямельных участкаў, а таксама змяненне іх плошчаў у сувязі са зменамі ў заканадаўстве.
Супрацоўнікамі аддзела за 2025 год праведзена велізарная праца. Выяўлена 1361 парушэнне, звязанае з самавольна захопленымі ўчасткамі. Створаны і вядзецца адзіны спіс грамадзян, якія маюць патрэбу ў будаўніцтве і абслугоўванні аднакватэрных жылых дамоў.
Пастаянна вядуцца работы па ўключэнні сельскагаспадарчых зямель у мэтавы абарот, зыходзячы з балу ўрадлівасці глебы. Да прыкладу, 350 гектараў зарослых хмызняком зямель у 2025 годзе перададзена для вядзення лясной гаспадаркі, а 45 гектараў такіх жа зямель узарана і ўведзена ў сельскагаспадарчы абарот.
Аляксей Сілюк падзяліўся думкамі аб выбары прафесіі:
— Я родам з аграгарадка Жамыслаўль, і ўсё маё жыццё звязана з працай на зямлі. За плячыма шматгадовы стаж у сельскай гаспадарцы. Набыты практычны вопыт я выкарыстоўваю на цяперашнім месцы працы. Заканадаўства ў сферы землеўпарадкавання — гэта важнейшы аспект, які эканоміць сілы і сельскагаспадарчых арганізацый, і фермераў, і звычайных грамадзян. Наяўнасць правільна аформленых дакументаў — гэта надзейны тыл для любога гаспадарніка.

Вольга Матылевіч, Вольга Тапуць і Аляксандр Юргелевіч пра сваю працу:
— У кожнага з нас свая зона адказнасці, але за столькі гадоў сумеснай працы мы сталі сапраўднай камандай. Пераважна наша работа — гэта праца з дакументацыяй. Аднак выезды на месцы таксама здараюцца, бо штогод паступае велізарная колькасць зваротаў ад грамадзян. Хочам скарыстацца шанцам і нагадаць, што да 1 студзеня 2028 года дзейнічае «зямельная амністыя», якая дазваляе ўзаконіць самавольна занятыя ўчасткі і пабудовы, узведзеныя да 1 верасня 2022 года.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews


Мацвей Шабановіч. Фота аўтара.