Гэта гісторыя пачалася ў 20-х гадах XX стагоддзя. У адной вялікай вёсцы жыла бедная сям’я, у якой падрастала сямёра дзяцей. Хлеба, бывала, хапала толькі да вясны. Потым пазычалі зерне, каб пасеяць і крыху змалоць на хлеб. Доўг аддавалі восенню.

У той жа вёсцы жыў багаты чалавек, які меў больш 20 гектараў ворыўнай зямлі, луг і вялікі абшар лесу. Аднойчы гэты багач заўважыў, што калі-нікалі хтосьці пілуе дрэвы ў яго лесе. Узяў дубальтоўку, паклікаў парабка і пайшоў у лес. У гэты ж дзень убачыў, як яго сусед-бядняк, што мае 7 дзяцей, пілуе невялікую сасёнку. Без папярэджання стрэліў не ўверх, а ў чалавека…
Гэты парабак кінуў работу ў багача, расказаў людзям аб гэтым жудасным выпадку.
На пахавані бедняка вельмі плакала яго жонка, кляла забойцу. Яна не ведала, як ёй адной падняць на ногі сямёра дзяцей. У вёсцы ўсе гаварылі, што Бог не даруе багацею за забойства.
Прайшло некалькі год. У багацея нарадзілася дзіця… Гэта адбылося цёплым летнім днём. На ложку ляжала яго жонка і карміла грудзьмі дзевяцімесячнага сынка.
Вокны ў хаце былі адчыненыя. Горача. Ніхто не заўважыў, як хутка з’явілася цёмная хмара і раз за разам ударыў гром. Маланка сіганула праз акно ў хату і забіла жанчыну. Дзіцё засталося жывым.
Ішлі гады. Гэты хлопчык – сын забойцы – вырас і стварыў сваю сям’ю. Жыў у вялікай бацькоўскай хаце. Ужо ў яго падрасталі два хлапчукі. Яны выраслі неўпрыкметку, паехалі на працу ў горад. Часта прыязджалі да бацькі.
Аднойчы паднялася вялікая бура, і бацька рашыў выйсці на вуліцу, каб загнаць цялят у хлеў. Але ён не заўважыў, што слуп з электрычнымі правадамі нахіліўся і правады ўпалі на зямлю. Вядома, бацьку забіла адразу. Сыны заўважылі, што бацька доўга не вяртаецца ў хату, на вуліцы лье як з вядра. Выйшаў старэйшы сын і ўбачыў, што каля студні ляжыць бацька. Падбег, узяўся яго падымаць – і таксама быў забіты токам. Тое ж адбылося і з яго братам…
Да сённяшняга дня старэйшыя людзі вёскі расказваюць гэтую гісторыю і гавораць, што шкада загінуўшых людзей, але гэта ўжо трэцяе пакаленне, якое прымае кару за страшны ўчынак дзеда. А ў семярых дзяцей бедняка склаўся вельмі добры лёс.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алена Смалянічэнка.






