Жизнь О малой родине Образование

Князікоўская васьмігадовая. У дзень сустрэчы з выпускнікамі сваімі ўспамінамі дзеліцца Ірына Пупа

У першую суботу лютага школы нашай краiны гасцiнна расчыняюць дзверы для сваiх дзяцей. У свой час пайшлi яны ў самастойнае жыццё, але заўсёды з радасцю вяртаюцца ў дарагi сэрцу дом, якi даў iм веды. На жаль, не кожны зможа пераступiць парог роднай школы, сустрэцца з настаўнiкамi i сваiмi аднакласнiкамi, прайсцi па класных пакоях. Час забiрае як  людзей, так i будынкi. А нам застаюцца толькi ўспамiны. 

Князiкоўская васьмiгадовая школа. На пярэднiм плане мемарыяльны знак ў гонар 50- годдзя Савецкай улады, 1965/66 навучальны год

Хачу запрасiць усiх у Князiкоўскую васьмiгадовую школу 60-х, пачатку 70-х гадоў XX стагоддзя, у час, калi дырэктарам працаваў Канстанцiн Давыдавiч Побаль, кiраўнiк з вялiкiм вопытам. З амаль саракагадовага педагагiчнага стажу на пасадзе дырэктара ён адпрацаваў 23 гады i прыкладаў усе намаганнi, каб навучальна — выхаваўчы працэс быў на высокiм узроўнi. Аб гэтым сведчаць шматлiкiя граматы i ўдзячнасцi ад раённых i абласных уладаў.  

Свой працоўны шлях Канстанцiн Давыдавiч пачаў да вайны. З 1937 года 10-гадовы хлопчык працаваў у заможных людзей, каб хоць чымсьцi дапагчы бацькам, бо сям´я была вялiкая. У гады Вялiкай Айчыннай вайны ён услед за старэйшым братам Леанiдам пайшоў у партызаны, быў байцом атрада iмя Чкалава партызанскай брыгады «Уперад». Пасля вайны працаваў на Уральскiм алюмiніевым заводзе, вучыўся ў ваенна-марскiм авiяцыйным вучылiшчы, але любоў да роднага краю вярнула яго ў блiзкiя сэрцу мясцiны. Тут ён скончыў Навагрудскае педагагiчнае вучылiшча, затым Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт па спецыяльнасцi «гiсторыя». Педагагiчная працоўная дзейнасць маладога настаўнiка пачалася ў 1949 годзе, i ён нiколi не здрадзiў выбранай прафесii.

Заглянуць у жыццё школы таго часу нам дапамогуць артыкулы К. Побаля, якi быў селькорам газеты «Путь Ильича» i шмат пiсаў аб жыццi раёна, яго людзях, у тым лiку i аб Князiкоўскай ВШ, а таксама  ўспамiны былых вучняў i настаўнiкаў, летапiс школы. 

Школа размяшчалася амаль на пачатку вёскi Вялiкiя Князiкоўцы на невялiкiм узвышшы у двухпавярховым драўляным будынку. Ён узводзiўся з 1948 па 1950 год у асноўным сiламi мясцовых жыхароў пад кiраўнiцтвам прараба Шпакоўскага. У той час школа  была адзiным высокiм будынкам, у якiм у свой час размяшчалiся пошта, ашчадная каса. Гэта было вельмi зручна. Напярэдаднi дзяржаўных святаў школьнiкi давалi добрую выручку пошце, бо раскуплялi ўсе паштоўкi. На пачатку ўрока кожнаму хацелася павiншаваць настаўнiка, i на яго стале вырастаў стос вiншавальных паштовак, падпiсаных дзiцячай рукой.

Для дзяцей з далёкiкiх вёсак у халодны перыяд года працавалі iнтэрнат, сталовая. У левым крыле школы жылi сем´i дырэктараў школы. На прасторным школьным двары была абсталявана  спартыўная пляцоўка, якая ў летнi час станавiлася месцам спартыўных баталiй моладзi. Пагуляць у валейбол або футбол знаходзiлася заўсёды шмат жадаючых. Яшчэ тут былі прышкольны ўчастак ды цяплiчка, дзе працавалi школьнiкi падчас практыкi летам. Улюбёная ў сваю працу настаўнiца бiялогii Зiнаiда Мiхайлаўна Сячко вырошчвала з дзецьмi цудоўныя кветкi, насенне якiх яна дабыла на ВДНГ у Маскве.

У гонар 50-годдзя савецкай улады на пляцоўцы перад школай па iнiцыятыве К. Побаля быў усталяваны мемарыяльны знак з вобразатворам сярпа i молата, сiмвала, якi ўвасабляе адзiнства рабочых i сялян i з´яўляўся дзяржаўнай эмблемай Савецкага Саюза. Таксама была закладзена капсула з пасланнем да нашчадкаў.

Недалёка ад школы знаходзiўся  сельскi клуб з бiблiятэкай. Паколькi ён быў невялiкiх памераў, то ўсе значныя мерапрыемствы праводзiлiся ў школе: выбары рознага ўзроўню, сустрэчы з цiкавымi людзьмi, канцэрты. Да ўсiх дзяржаўных святаў сiламi настаўнiкаў i вучняў ладзiлiся канцэрты, якiя з задавальненнем наведвалi бацькi i аднавяскоўцы.

Хор калгаса «Молодая гвардия», другая палова 60-ых гадоў XX стагоддзя

Гонарам школы быў музей на першым паверсе. Ён размяшчаўся ў пяцi пакоях i налiчваў некалькi сотняў экспа-натаў. У адным наведвальнiкаў знаёмiлi з прыладамi вытворчасцi, адзеннем, бытам, культурай нашых продкаў. Другi пакой расказваў аб мужнасцi i гераiзме савецкiх людзей у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Героям-землякам прысвячалiся стэнды «Участники Великой Отечественной войны», «Они прославляли Родину в боях, а сейчас в труде». Тут былі бiблiятэка са значным фондам кнiг аб  Вялiкай Айчыннай вайне, фотаальбом аб героях Вялiкай Айчыннай вайны, фотаальбом «По партизанским тропам». Над iх афармленнем працавалi самi вучнi. Яны вялi таксама летапiс  роднага калгаса «Молодая гвардия». У музеi  размяшчалiся пакоi, прысвечаныя Ленiну i вялiкiм рускiм мастакам. Для дзяцей, якiя яшчэ не бывалi ў знакамiтых карцiнных галерэях, наведванне гэтага пакоя было невялiкай вандроўкай у свет цудоўнага. 

У школе ладзiлiся сустрэчы з цiкавымi людзьмi, кiраўнiкамi гаспадаркi, медыцынскiмi работнiкамi. Хочацца  прыгадаць сустрэчу з першым старшынёй калгаса Мiхаiлам Iванавiчам Каспяровiчам

Ён нарадзiўся ў канцы XIX стагоддзя i як яго землякi, перажыў увесь цяжар жыцця першай паловы XX стагоддзя: i галоднае дзяцiнства, i Першую сусветную вайну, якая восенню 1915 года прыйшла ў вёску Вялiкiя Князiкоўцы. Увосень  1919 года Чырвоная армiя вызвалiла вёску. Мiхаiл Iванавiч знаходзiўся ў абозе чырвонаармейцаў, падвозiў баепрыпасы, прадукты. Але затым вёска апынулася ў саставе Польшчы, i толькi ў 1939 годзе, калі  Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, пачалося будаўнiцтва новага жыцця.

Першым старшынёй арцелi аднагалосна быў абраны Мiхаiл Iванавiч Каспяровiч. Не было належнай адукацыi (у свой час ён скончыў толькi царкоўна- прыходскую школу), вопыту, а толькi моцнае жаданне зрабiць жыццё сваiх аднавяскоўцаў лепшым. I вёска ажыла. А тут зноў вайна. 27 чэрвеня 1941 года гiтлераўцы захапiлi вёску Вялiкiя Князiкоўцы. Шчаслiвы выпадак дапамог старшынi калгаса пазбегнуць расстрэлу. Пасля вайны Мiхаiл Iванавiч узначалiў Князiкоўскi сельсавет, затым iзноў быў выбраны старшынёў калгаса. 

Вучнi 3-га класа Князiкоўскай васьмiгадовай школы разам з настаўнiцай Рулёвай Вольгай Фёдараўнай.  Сядзiць справа ад настаўнiцы Ткач Iрына, аўтар артыкула, 1970 год

Частым госцем у школе быў Сяргей Дзмiтравiч Федасенка, галоўны ўрач  Князiкоўскай туберкулёзнай бальнiцы. У 1959 годзе пасля заканчэння Мiнскага медыцынскага iнстытута ён прыехаў працаваць у Князiкоўскую  сельскую участковую бальнiцу. 

Дзякуючы намаганням маладога доктара з´явiлiся новыя пабудовы, павялiчылася колькасць бальнiчных ложкаў. I праз чатыры гады на базе медыцынскай установы была адкрыта туберкулёзная бальнiца на 35 ложкаў. Сяргей Дзмiтравiч выступаў перад школьнiкамi i дарослым насельнiцтвам з дакладамi на цiкавыя i важныя медыцынскiя тэмы.

Камсамольская арганiзацыя Князiкоўскай ВШ насiла iмя Люсi Сячко, юнай партызанкi, якая загiнула 22 сакавiка 1944 года пры разгроме нямецкага гарнiзона ў вёсцы Лугамавiчы Iўеўскага раёна. Дырэктар школы i настаўнiк гiсторыi К. Побаль неаднаразова адпраўляўся з вучнямi на экскурсii па баявым шляху Люсi Сячко. Вучань Вiктар Радзевiч зрабiў два бюсты Люсi, адзiн знаходзiўся ў школьным музеi, а другi быў падораны бацькам гераiнi. Вучань Э. Шыбутовiч намаляваў партрэт партызанкi.

Вучнi 7-га класа Князiкоўскай васьмiгадовай школы разам з настаўнiкамi i гасцямi.
Сядзяць (злева направа): Сячко Зiнаiда Мiхайлаўна, Новiк Анатоль Аляксеевiч, Ткач Соф´я Данiлаўна, Побаль Канстанцiн Давыдавiч, Баум Уладзiмiр Аляксандравiч (старшыня калгаса iмя XXII з´езда КПСС, Герой Сацыялiстычнай Працы), Жураўская Леакадзiя Iосiфаўна, Сяляўка Яўгенiя Аляксееўна, Федасенка Сяргей Дзмiтравiч (галоўны ўрач  Князiкоўскай тубуркулёзнай бальнiцы), Ванагель Арсенiй Уладзiмiравiч, 1970 год

Настаўнiкi школы прымалi актыўны ўдзел у грамадскiм i культурным жыццi вёскi, калгаса. У лiстападзе 1965 года ў калгасе «Молодая гвардия» быў створаны хор, дзякуючы намаганням завуча Князiкоўскай школы Леакадзii Iосiфаўны Жураўскай. У хоры налiчвалася больш за 50 чалавек, сярод iх былi i мясцовыя настаўнiкi. Рэпетыцыi праводзiлiся ў школе. Для ўдзельнiкаў па спецыяльным заказе пашылi прыгожыя сцэнiчныя касцюмы ў народным стылi. Хор выступаў з канцэртамi, прымаў удзел у аглядах мастацкай самадзейнасцi. Песня «Бухенвальдский набат» у выкананнi хору нiкога не пакiдала раўнадушным. Аднойчы ўзнагародай на раённым аглядзе стала радыёла. 

Такiм чынам мы заглянулi крыху ў час дзяцiнства нашых бацькоў i дзядоў, час, якi быў напоўнены цiкавым школьным жыццём. Школа ў той час была цэнтрам грамадскага i  культурнага жыцця вёскi i рабiла ўсе намаганнi, каб з годнасцю несцi гэтую мiсiю.

… 2026 год. Школьны двор. Не чуваць дзiцячых галасоў, зараслi сцежкi, па якiх дзецi спяшалiся ў школу. I толькi дрэвы, нямыя сведкi гiсторыi школы, сустракаюць нас на школьным двары.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Ірына ПУПА, г. Віцебск.