
Раённы прафактыў РГА «Белая Русь» пабываў на спектаклі “Адамавы жарты” ў тэатры беларускай драматургіі.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі стаў месцам сілы і яднання для актыву «Белай Русі» з усёй краіны. Мы змянілі звыклы працоўны рытм на магію тэатральных падмосткаў і не памыліліся! Спектакль «Адамавы жарты» — гэта люстэрка нашай беларускай душы. Разам з героямі мы смяяліся да слёз над трапным народным гумарам, разважалі пра сапраўдную мудрасць, адчувалі гонар за нашы карані і самабытнасць.




Гэтая сустрэча яшчэ раз даказала: нас аб’ядноўвае не толькі агульная справа, але і любоў да роднага слова і культуры.
“Адамавы жарты” – спектакль, пастаўлены паводле твораў Ф. Аляхновіча і Л. Радзевіча.
Саўка і Марыся — выдатная сямейная пара, якая жыве ў міры і згодзе, аднак іх адносіны спрабуюць разбурыць Чорт і зайздросная суседка Магрэта. Пастаноўка прымушае гледача задумацца аб філасофскіх і маральных аспектах прыроды адносін паміж мужчынам і жанчынай.
Уражаннямі аб спектаклі падзяліліся іўяўчане
Дар’я Більмон, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама:
— У мітусні працоўных будняў складана знайсці час для наведвання культурных аб’ектаў, а дзякуючы РГА «Белая Русь» нам пашчасціла наведаць рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. “Адамавы жарты” – гэта спектакль, які дорыць шмат пазітыву і добрага настрою. Ігра акцёраў прыгожая, мне здаецца, “разыначкай” спектакля стала яго пастаноўка на беларускай мове, што нагадала нам пра прыгажосць роднай мовы.
Анатоль Пякша, загадчык аддзела па кінавідэаабслугоўванні Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу:
— Я змог ацаніць спектакль не толькі як радавы глядач, але і як спецыяліст сваёй справы. У першую чаргу трэба адзначыць высокі ўзровень прафесіяналізму акцёраў, якія ажывілі свае выявы і ўдыхнулі ў іх іскру жыцця. Таксама хочацца адзначыць сучасную аранжыроўку твора, што дадае навізны і самабытнасці пастаноўцы. Калі меркаваць па бурных авацыях залы, артысты справіліся са сваімі ролямі на ўра. Цікавы спектакль, не без долі гумару.
Валерыя Аль Абдалах, урач-псіхатэрапеўт Іўеўскай ЦРБ:
— Паездка ў тэатр у канцы працоўнага тыдня — гэта добрая магчымасць адпачыць, за што хочацца сказаць дзякуй арганізатарам. Мы ўбачылі багаты спектр розных эмоцый ад прафесійных акцёраў, якія змаглі распаўсюдзіць гэтыя эмоцыі на ўсю залу. Таксама парадавала, што за аснову была ўзята біблейская сцэна пра Адама і Еву і перароблена на сучасны лад з беларускімі героямі Саўкай і Марысяй.
Падобныя паездкі — гэта нешта новае, што хочацца абавязкова паўтарыць.


Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте. Подписывайтесь: t.me/ivyenews
Мацвей Шабановіч.
Фота ўдзельнікаў дэлегацыі.






