Жизнь Культура и творчество О малой родине

Беларусь — мой найлепшы кавалачак планеты

У кожнага чалавека ёсць свая Радзіма, свой родны куток, куды яму заўсёды хочацца вяртацца. І хоць я нарадзіўся ў Мінску, але для мяне найлепшы кавалачак нашай планеты знаходзіцца ў вёсцы Заберазь Іўеўскага раёна, што на Гродненшчыне, побач з Налібоцкай пушчай. Там пражываюць мае бабуля з дзядулем, сям’я Адашкевіч. Гэта самы прыгожы і  светлы край ва ўсім свеце! 

На гэтых зімовых канікулах, якія я праводжу ў весцы Заберазь, мне давялося наведацца ў Налібоцкую пушчу, захапіцца яе дзівосамі і цудадзейнымі гукамі. Усё там мяне замілоўвае: і роў лася, і выццё воўка, і ягады зімняй рабіны, і яшчэ нешта таямнічае, нікім не зведанае, а таму і такое жаданае.

Там, побач адзін з адным, мірна суіснуюць зубры, тарпаны, лісы, бабры. І, здаецца, там  назаўжды пасяліліся  спакой, любоў, прыгажосць.

Там заўсёды стаіць водар велічы і сілы. Бо што можа быць велічней за стогадовы дуб, погляд зубра або клёкат чорнага бусла?

Часта можна заўважыць у пушчы як адно, больш магутнае дрэва, быццам абдымае маленькае кволае дрэўца, як сваё дзіця, абвіваецца вакол, здаецца, яно хоча яго зберагчы ад ўсіх вятроў і ўраганаў, якія ў апошні час наведваюцца ў пушчу. Гэта вялікае дрэва як быццам кажа:”Я нікому не дам цябе ў крыўду, я зберагу цябе для нашчадкаў”.

А трохі далей дзве рэчанькі, Заходняя Бярэзіна і Іслач,  сталі такімі сяброўкамі, што зліліся ў адну і цяпер ніяк не могуць адарвацца адна ад адной, пагэтаму весела пераліваюцца, рагочуць.

А яшчэ, калі я быў у пушчы, я чуў, як некалькі снегіроў разводзілі плёткі пра цецерука, які рабіў сабе белую снежную коўдру. 

У пушчы, нават зімой, стаіць водар суніц і баравікоў, якія летам хаваюцца амаль што пад кожным дрэвам, дагэтуль слепяць вочы водбліскі чырванюткіх журавінаў і гэтак жа вабіць сваім святлом Папараць-кветка.

Я вось думаў: што б я загадаў, каб знайшоў гэтую цудоўную кветку ў пушчы? Можа, шмат грошай або дарагі аўтамабіль? Не, я дакладна ведаю, што я прасіў бы ў яе яшчэ большага росквіту маёй любай Беларусі, каб яна з кожнай хвілінай мацнела і харашэла. Бо калі будзе шчаслівай мая краіна, то будзе шчаслівы і кожны чалавек у ёй, а значыць, буду шчаслівы і я! 

Цяпер модна гаворыць:”Вось падрасцеш і едзь вучыцца ў любую краіну, выбірай сам сабе Радзіму”. Але хто мне падкажа: хіба ж можна дзе знайсці такую  празрыстую ваду, як у блакітных азёрах нашай пушчы, хіба ж можна яшчэ дзе адчуць водар такога ж, як у нас, чыстага, мірнага і светлага неба, палюбавацца бязмежнымі зялёнымі прасторамі, якія маюць толькі нашы лясы? Хіба ж дзе можна сустрэць такіх спагадлівых, таленавітых людзей, як у краі блакітных азёр? І хіба ж дзе ёсць такія смачныя і духмяныя бліны, якія пячэ мая бабуля?

Я вельмі люблю нашу Беларусь, маю вялікую і малую радзіму, і ўсё жыцце буду дзякаваць Богу, што ён зрабіў мне такі велізарны падарунак: дазволіў нарадзіцца ў лепшай краіне свету, і я магу толькі прысвячаць сваёй Радзіме вершы.

Зіма у Налібоцкай пушчы —

Хто бачыў штосьці прыгажэй?

Стаіць там ёлка ў снежнай хустцы,

Не зводзіш ты з яе вачэй!

І як пісаў нам Максім Танк

Пра Налібокі ў сваім вершы:

«Там вецер скача, як мустанг!

І воўк там вые азвярэўшы!»

Там  лось, высокі прыгажун,

Капытам б’е, нібы  злуецца,

Насустрач мчыцца, як тайфун,

З грудзей выскоквае аж сэрца!

Удалечыні сям’ю дзіка

Там можна ціхенька разгледзіць,

Іклом падгоніць той сынка,

Каб паляўнічы не прыкмеціў.

Тарпаны носяцца ваўсю:

Яны так радуюцца волі.

Нясуць і веліч, і красу!

Не трэба лепшай коням долі.

Там снегіры ў сваёй красе

Шукаюць ягады лясныя.

Русак вавёрачцы нясе

У зубах арэхі залатыя.

А побач рэчанька плыве…

З марозам весела гуляе:

Яна, як быццам у цеціве,

Усё бяжыць, не замярзае.

І гэта ўсё так блізка мне,

Люблю я моцна Налібокі!

Там дуб мне сілы аддае,

Там корань ёсць душы глыбокі.

Уладзіслаў ПАЗДНЯКОЎ.