Жизнь О людях О малой родине

«Добра быць дома на святы!». Іўе — месца, дзе Каляды адчуваюцца сэрцам

Сёння мы святкуем Божае Нараджэнне —для многіх з дзяцінства самае радаснае, цёплае і чароўнае свята. Дзеці з нецярпеннем чакаюць падарункаў, а дарослыя — магчымасці хоць на хвілінку спыніцца, сабрацца ўсёй сям’ёй за адным сталом, падзяліцца аплаткам, словамі віншаванняў і шчырымі абдымкамі.

Напэўна, іўяўчане пагодзяцца: ужо не першы год важнай часткай каляднай атмасферы ў нашым горадзе становіцца ўпрыгожванне парафіяльнага касцёла.

Летась, здымаючы відэа для TikTok пра святкаванне Калядаў у Іўі, блогер Паліна Халява назвала дзве прычыны, чаму яна ганарыцца тым, што нарадзілася менавіта тут. Першае – фэст «Іўеўскі памідор», і другое, але не па значнасці, — як у Іўі адзначаюцца рэлігійныя святы.

Батлейка з жывёламі каля касцёла, упрыгожаныя ялінкі, падлога, засланая сенам, спеў парафіяльнага хору пад акампанемент скрыпкі і аргана, святы Мікалай з падарункамі — гэта толькі частка таго, што асабліва ўразіла дзяўчыну падчас імшы-пастэркі.

Дарэчы, Паліна прызналася, што раней святкавала Божае Нараджэнне ў Мінску, але «пасля іўеўскага размаху — гэта ўжо зусім не той вайб».

Аднак найбольш кранальнымі сталі словы, пакінутыя ёю ў подпісе пад відэа: «Месца, дзе сустракаецца ўвесь горад. Я захапляюся тым, што ўсё прадумана да дробязяў. Дзякуй, што так добра быць дома на святы».

Гэтая падзяка была адрасавана не аднаму чалавеку: яна прагучала для кожнага, хто дакрануўся да стварэння гэтай каляднай прыгажосці. Для кожнага каталіка, кожнага іўяўчаніна. Відэа сабрала больш за 100 тысяч праглядаў, а ў каментарыях карыстальнікі не скупіліся на цёплыя словы ў адрас нашага горада.

Амаль год прайшоў з моманту публікацыі. І вось 20 снежня, напярэдадні Божага Нараджэння і Новага года, іўеўская парафія святых апосталаў Пятра і Паўла была ўдастоена значнай узнагароды — граматы Рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Аб’ект рэлігійнага турызму».

Сярод 82 святынь краіны былі адзначаны толькі пяць, і адна з узнагарод, уручаных на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, прыехала ў Іўе.

— Храмы, культавыя пом-нікі дапамагаюць зразумець гісторыю праз характар беларусаў, — адзначыў падчас узнагароджання намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя.

Парафіяльны музей, фестываль калядных песень і арганнай музыкі, пілігрымкі, святочныя дэкарацыі да Калядаў і Вялікадня, парафіяльныя дажынкі, урачыстасці Першай святой камуніі і, безумоўна, кветкавыя дываны на працэсію Божага Цела — усё гэта не толькі ўпрыгожвае рэлігійнае жыццё, але і стварае ўнікальны вобраз нашага невялікага, утульнага горада.

Асабліва прыемна, што гэтыя ініцыятывы даўно выйшлі за межы Іўя: мы дзелімся фотаздымкамі і відэа з роднымі, сябрамі, калегамі ў іншых гарадах і краінах, з гонарам паказваючы прыгажосць сваёй малой радзімы.

Упэўнены, што сёння многія пасля куцці зноў накіруюцца ў наш велічны касцёл, каб сустрэць Нованароджанага Збаўцу. І хочацца верыць, што разам з малітвамі кожны прынясе ў сэрцы простыя, але такія важныя словы: «Дзякуй, што так добра быць дома на святы!».

***

Дарагія браты і сёстры!

У святочныя дні Божага Нараджэння мы імкнёмся сустрэцца з самымі блізкімі нам асобамі: роднымі, сябрамі і знаёмымі, каб яшчэ раз выказаць ім словы найлепшых пажаданняў і раздзяліць з імі калядную радасць.

Для нас ўсіх з’яўляецца радаснай магчымасць яшчэ раз заглыбіцца ў таямніцу прыходу ў гэты свет Божага Сына, перажыць асаблівую атмасферу сустрэчы з Нованароджаным Хрыстом.

Няхай надзея, супакой і згода, любоў і дабрыня, праўда і шчырасць, якія асвячаюць ноч Божага Нараджэння, ззяюць у нашых дамах і сем’ях нават тады, калі сціхнуць апошнія віншаванні і спевы калядак.

Радасных, благаслаўлёных святаў і шчаслівага, шчодрага на дабро і Божую ласку Новага года!

Кс. Павел Калеснік, дзекан іўеўскага дэканата, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Раман Ярмош.