Экономика

Чым багата “Беларуская хатка”. Расказваем пра краязнаўчы музей Эйгердаўскай СШ

Краязнаўчы музей “Беларуская хатка” Эйгердаўскай сярэдняй школы заснаваны ў 1990 годзе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Ганнай Казіміраўнай Шыльван, якая разам з вучнямі сабрала больш за 130 экспанатаў. Экспазіцыя музея дае магчымасць убачыць вясковую хату канца XIX пачатку XX стагоддзя і прадстаўлена некалькімі раздзеламі. Ганна Куляшо і Сцяпан Маркевіч, вучні 11 класса, экскурсаводы музея, расказалі, чым багата “Беларуская хатка”.

Ганна Куляшо:

– Многае можа беларуская хата! Можа накарміць цябе цёплым і смачным хлебам, напаіць свежай крынічнай вадой, зачараваць прыгажосцю і непаўторнасцю сваіх вышыванак. Таму любіць і шанаваць гісторыю нашых продкаў – абавязак тых, хто жыве на роднай зямлі, п’е яе ваду, любуецца яе хараством.

У экспазіцыі нашага музея прадстаўлены інтэр’ер беларускай традыцыйнай хаты, дзе можна паглядзець на колішняе хатняе начынне, эстэтычнае аздабленне сялянскай хаты.

Раздзел “Бабін кут” утрымлівае вясковыя прылады і прыстасаванні, якія дапамагалі нашым прабабулям прыгатаваць смачныя стравы. Для ўяўлення працэсу прыгатавання самай галоўнай стравы нашых продкаў – духмянага хлеба, можна ўбачыць жорны, з дапамогай якіх малолі муку, а таксама дзяжу, куды ставілі хлебнае цеста, і хлебную лапату – прыстасаванне для памяшчэння цеста ў печ і вымання бохана з печы. 

Традыцыйныя заняткі нашых продкаў – земляробства, жывёлагадоўля. У раздзеле “Быт селяніна” размешчаны прылады для ўборкі і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі: серп, граблі, цэп для ручной малацьбы зерня, кашы, а яшчэ маслабойка і варонка для набіцця каўбас. 

Цэнтральнае месца ў раздзеле “Рамёствы” займаюць кросны – самаробны ткацкі станок. Узімку беларуская хата ператваралася ў маленькую майстэрню. Сярод экспанатаў прысутнічаюць драўляныя і драцяныя шчоткі для расчэсвання ўручную воўны – поўсці авечак, коз, а таксама кудзелі – валокнаў лёну, калаўрот для прадзення лёну і воўны, прасніца — драўляная прылада для трымання воўны і кудзелі пад час прадзення. Можна пазнаёміцца, як вытканае суровае палатно выбівалі ў начоўках з дапамогай праніка, качалі яго вільготным драўляным рубелем (качалкай) з жалабкамі.

Сцяпан Маркевіч:

– Ні адну беларускую хату не мінула трагедыя Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг., якая доўжылася 1418 дзён і начэй. Але чым далей адыходзяць у мінулае падзеі гэтага жудаснага часу, тым даражэйшымі яны становяцца для нас.

У нашым музеі не так многа экспанатаў, якія захоўваюць памяць аб тых, хто ў цяжкіх баях здабываў свабоду і незалежнасць Радзімы, хто ўнёс свой асабісты ўклад у Перамогу над фашызмам. Для наведвальнікаў прапанаваны фотаздымкі, успаміны і асабістыя рэчы тых людзей, якія мужна змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі. 

Уладзімір Іосіфавіч Гарбачэўскі

Уладзімір Іосіфавіч Гарбачэўскі да вайны займаўся гаспадаркай. На Вялікую Айчынную вайну пайшоў 25 чэрвеня 1944 года. Ваяваў у 35-й асобнай Чырвоназнамённай гвардзейскай мінамётнай брыгадзе. 2 лютага 1945 года полк, дзе служыў Уладзімір Іосіфавіч, уступіў на тэрыторыю Цэнтральнай Германіі. 9 лютага дайшлі да ракі Одар і фарсіравалі на подступе да горада Франкфурт-на-Одары. 18 красавіка 1945 года атрымаў цяжкае раненне. Узнагарожданы ордэнам Славы, медалямі, падзякай Галоўнакамандуючага, члена ваеннага Савета Паўночнай групы войск, маршала Савецкага Саюза, генерал-лейтэнанта Канстанціна Ракасоўскага.

Зінаіда Мікалаеўна Гайдар да вайны жыла ў вёсцы Дунай і займалася гаспадаркай. У час Вялікай Айчыннай ваявала ў Налібоцкай пушчы ў атрадзе “Белорусский мститель” у званні радавога. Зінаіда Мікалаеўна ўзнагароджана многімі медалямі. Пасля вайны працавала ў калгасе і за добрасумленную працу ўзнагароджана медалямі “За доблестный труд” і “Ветэран працы”.

Яўгеній Аляксандравіч Стручынскі нарадзіўся 24 ліпеня 1925 года і жыў у вёсцы Нарэйкі, дзе займаўся сельскай гаспадаркай. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Яўгеній Аляксандравіч пайшоў на фронт і ваяваў у 77-й гвардзейскай дывізіі Першага Беларускага фронту ў званні радавога. Ён узнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За Перамогу над Германіяй”, а таксама юбілейнымі медалямі. Пасля заканчэння вайны працаваў паляводам у калгасе “Прагрэс”.

На жаль, на сённяшні дзень няма ў жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражывалі на тэрыторыі Эйгердаўскага сельсавета. Светлая памяць пра кожнага з іх застанецца ў сэрцах нашчадкаў, людзей, якія жылі побач, ведалі іх. 

Будьте в курсе главных событий Ивьевщины! Новости, фото, интересные истории — всё самое важное в одном месте.  Подписывайтесь: t.me/ivyenews

Т. БАКУНОВІЧ, кіраўнік музея.