Экономика

Ветэран педагагічнай працы Геранёнскай СШ Алімпіяда Паўлаўна Семяновіч будзе адзначаць стагоддзе жыцця 17 лютага 2026 года

Ветэран педагагічнай працы Геранёнскай СШ  Алімпіяда Паўлаўна Семяновіч-Місевіч будзе адзначаць стагоддзе свайго жыцця 17 лютага 2026 года.

Алімпіяда Паўлаўна нарадзілася 17 лютага 1926 года ў в. Агароднікі Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Сям’я была вялікай і дружнай, у якой падрастала чацвёра дзяцей. Пасля заканчэння сярэдняй школы Алімпа, так звалі дзяўчыну дома, паступіла на вучобу ў Слуцкае педагагічнае вучылішча. Пражывала ў час вучобы ў роднай хаце, а не ў інтэрнаце, бо да дому было толькі 2 кіламетры.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12759/2025/10/5/LFlQuFEWrDl26vKSnxLgJSLYI5dcWEu5tICt1K_cftavKe7xtAmRPkokqlAJAPvikrmcxK5Y1MYMfbQHsz09nEza.jpg
З сястрой і маці
https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12759/2025/10/5/_17YwuZpx3K3Kx8Ki5h1HNHPOX0EXsk-2cmcOXzmnBbFv7gKTSz5kyKY9rs1vgkdBKYXqLkqULpusrmRzig7lYKx.jpg
Аднакурсніцы

Пасля заканчэння вучобы яе адправілі на работу на Іўеўшчыну, у Туланскую пачатковую школу Геранёнскага сельсавета. У 1955 годзе, калі пачатковыя школы ў вёсках Туланка і Завергане былі скарочаны, а замест іх адкрыта Трышоцкая пачатковая школа, Алімпіяда Семяновіч была назначана дырэктарам. 

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12759/2025/10/5/ngbExgaGnXZ40GSHfACd0hvRvaw6HZ7vA1_Vwq9cl0DsTgWTdk8OoNqo2IMz77SmMvdh7kpnJfmvPmQHbXXxl-9D.jpg
У гады маладосці

Сціплая, прыгожая дзяўчына спадабалася ўсім жыхарам вёскі. Дзеці вельмі любілі Ліму Паўлаўну (імя Алімпіяда ім было цяжка выгаварыць) за дабрыню і спагаду і са здавальненнем беглі ў школу, якая размяшчалася ў хаце Юзэфы Місевіч.
 

А ў гаспадыні хаты быў сын Іван Баляслававіч Місевіч. Спачатку ён працаваў на паляводстве ў калгасе «1 Мая”, які быў створаны 5 красавіка 1951 года ў в. Туланка. Пазней – у будаўнічай брыгадзе калгаса імя XXII партз’езда. Пабудаваў новую хату, у якой Алімпіяда Паўлаўна стала добрай гаспадыняй, жонкай і маці дваіх дзяцей – сына Мікалая і дачушкі Валянціны.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12759/2025/10/5/At7kC3_nUQ_ScJDifzuaJycpb4XyBggSIWK9i6VxwIGH-rvvfe8Oc-ZLiKo5EFK9Zff3SOC0aFTraVpwrvQAmgKz.jpg

Пасля закрыцця Трышоцкай пачатковай школы яе перавялі на працу ў Геранёнскую школу, якая ў 1962 годзе была ператворана ў сярэднюю. Напаўняльнасць класаў была вялікая (больш 20 чалавек), але Алімпіяда Паўлаўна са сваімі абавязкамі спраўлялася выдатна: вяла ўрокі, праводзіла розныя святы, наведвала бацькоў сваіх вучняў, перадавала свой вопыт работы маладым настаўнікам. За добрасумленную працу па рашэнні педагагічнага савета і раённага аддзела народнай асветы атрымлівала шмат ганаровых грамат.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12759/2025/10/5/u900sgmZm1LxdS_VtPett9GQZXE0w0lXKGPcjpq1gjLP1xFHe3J1CI6Rr1jdIJDtBPRf-S3reQ5VZ5DdoL_uTBP1.jpg
Алімпіяда Паўлаўна з Іванам Баляслававічам

Дзякуючы моцнаму характару Алімпіяда Паўлаўна перажыла цяжкія ўдары лёсу: у 2000 годзе трагічна загінуў сын, у 2003 годзе ва ўзросце 67 гадоў ад цяжкай хваробы памёр муж. Яе падтрымлівалі суседзі, настаўнікі і, вядома, дачка Валянціна і яе муж Сяргей.
Валянціна – гэта радасць маці. Выдатна закончыла школу, атрымала вышэйшую адукацыю. Ужо многа год пражывае ў Мінску. Працуе ў Беларускім аднаўленчым пратэзна-артапедычным цэнтры інжынерам па нарміраванні працы. Дачка забрала маці да сябе, клапоціцца аб яе здароўі і душэўным стане. Вельмі часта прывозіць ў в. Туланку, у яе родны дом.

А як радуецца Алімпіяда Паўлаўна сваімі ўнукамі! Вольга, ваенны капітан, працуе ў Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь. Унук Алег – дырэктар сваёй фірмы па грузаперавозках. У сем’ях унукоў па двое дзяцей.
Праўнукі Алімпіяды Паўлаўны, як маленькія сонейкі, саграваюць душу: Цімур – 3 гады, Каця – 5 гадоў, Арцём – 10 гадоў, Вадзім – 13 гадоў.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/12759/2025/10/5/rGIu6OQU_pqnDQxcXfpr4aDPGwA2lWx6BuQySJ92SlJXOVTXdmntjmCmnnS05hOL2aK7EaTsuWrdgb_Y8GQRTh0x.jpg
Алімпіяда Паўлаўна з роднымі

Я добра ведаю Алімпіяду Паўлаўну, бо мы працавалі разам. Я – старшая піянерважатая школы, разам з настаўніцай рыхтавалі свята “Чырвонай зорачкі” першакласнікам, а ў 3 класе – свята “Чырвонага гальштука”. Яна і мяне вучыла адкрываць добрае і прыгожае, распазнаваць таленты ў дзяцей. Яна ніколі не сказала дрэннага слова пра чалавека. І калі, бывала, да мяне адносіліся несправядліва, то Алімпіяда Паўлаўна казала: “Перастань рэагаваць на кожную дробязь. Усё будзе добра!”.  Яна ніколі не скардзілася на свой лёс, бо лічыла, што жыццё – гэта ўжо шчасце.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алена Смалянічэнка.
Фота з сямейнага архіва.