Экономика

Перажылі жахі вайны. Працягваем падарожжа па малой радзіме з краязнаўцам Алегам Ігліцкім

Працяг. Чытайце пачатак: частка 1, частка 2, частка 3, частка 4, частка 5.

Антонава хата на музыкаў багата

Самы меншы сын Антона і Юстынні Міхалевічаў Павел, 1909 г.н., пабудаваў уласны дом побач з бацькавым. У жонкі ўзяў дзяўчыну Марыю, 1919 г.н., з вёскі Цаюны Валожынскага раёна. Яны развілі ўласную гаспадарку і трымалі дзве каровы, каня, свіней, да 20 авечак, гусей, качак, курэй, пры сядзібе 30 сотак зямлі.

Валянціна Паўлаўна Міхалевіч (Орсіч) у гады маладосці

Марыя Лук’янаўна была адукаванай жанчынай, хоць і закончыла 4 класы польскай школы. Нягледзячы на занятасць гаспадаркай, яна любіла чытаць і прачытала шмат кніг, ткала на кроснах дываны і ручнікі, вязала дзяцям і ўнукам з прадзеных нітак швэдры, безрукаўкі, шкарпэткі, рукавіцы.

Павел працаваў на лесана-рыхтоўцы, а калі арганізаваўся мясцовы калгас, то пайшоў на розныя работы ў паляводства. У паляводстве працавала і жонка Марыя. 

З дзяцінства ў Паўла з’явілася цяга да музыкі. Зацікавіўся ігрой на скрыпцы. Бацькі купілі яму інструмент, і ён асвоіў ігру самастойна, як самавучка. У хаце былі дзве скрыпкі, і ён не разлучаўся з любімымі інструментамі ўсё жыццё. Прыгожа спяваў. Старэйшы брат Паўла Віктар набыў цымбалы і таксама самастойна асвоіў ігру на інструменце. Вечарамі хата Міхалевічаў была напоўнена мелодыямі, а бацькі радаваліся таленту сыноў. Віктар іграць вяселлі з братам не хадзіў, больш іграў дома для сям’і.

Павел Міхалевіч з жонкай Марыяй і дачкой Валянцінай. 1948 г

Павел сябраваў з музыкантам з вёскі Барсукі Іванам Мікішка, які іграў на акардэоне. Іван вярнуўся з фронту Вялікай Айчыннай вайны інвалідам, без нагі. Цяжка працаваць не мог. Іграў на акардэоне, разганяў душэўную самоту ўспамінаў пра вайну, як вялікую трагедыю.

Павел Міхалевіч і Іван Мікішка стварылі народны ансамбль скрыпача і акардэаніста і сталі вельмі запатрабаванымі на вяселлях, выправах у войска, хрэсьбінах у Бакштах, Даўнарах і іншых навакольных вёсках калісьці Даўнарскага і Бакштаўскага сельсаветаў. Іх любіла вясковая моладзь і казала: “Ну, ужо натанцуемся, бо Трулі іграюць”. Да ансамбля прыліпла народная назва “Трулі”. Павел быў добрым тамадой на вяселлях. З назвай “Трулі” калектыў весяліў народ доўгі час.

Без Паўла Міхалевіча са скрыпкай не абыходзілася ні адно калядаванне і валакаванне на святы Каляды і Вялікдзень у Шчучым Бары. Да кампаніі калядоўшчыкаў і валачобнікаў далучаўся сын Паўлавага брата Уладзіміра Мікалай, які іграў на гармоніку. Рэха ад музыкі і песняў разносілася ў святы па лесе ў Шчучым Бары. Музыкаў запрашала моладзь і на вячоркі, якія праводзіліся па хатах. Гэта толькі здавалася, што Шчучы Бор быў вёскай, забытай Богам і людзьмі! Умелі шчучаборцы адпачываць і весяліцца ў святы.

Старэйшая дачка Паўла і Марыі Міхалевічаў Валянціна Орсіч, 1947 г.н., у перыяд існавання Савецкага Саюза была замужам за ваенным. Сям’я пражывала ў Літве. А ў 1990-м годзе вярнулася ў Беларусь, а канкрэтна – у вёску Сураж на Іўеўшчыну. Пасля вяртання перасяленцы атрымалі калгасны дом у вёсцы Сураж. Валянціна Паўлаўна працавала ў цэху пластмасавых вырабаў, памочнікам повара ў калгаснай сталовай, аператарам кацельнай, заўмагам у вёсцы Роўбавічы. Цяпер на пенсіі і пражывае ў вёсцы Сураж.

Павел і Марыя Міхалевічы з зяцем Генадзем, дочкамі Нінай і Валянцінай, унукамі Алегам і Інай. 1985 г

Старэйшая дачка Валянціны Паўлаўны Святлана пражывае з сям’ёй у Мінску і працуе загадчыкам інтэрната медработнікаў. Малодшая дачка Іна пражывае з сям’ей у Іўі і працуе прадаўцом у магазіне “Светафор”. Старэйшы сын Іны Дзяніс пражывае ў Іўі і працуе на будаўніцтве. Меншы сын Дзіма — тэхнік па мікрасхемах на ВА “Інтэграл” у Мінску.

Меншая дачка Паўла і Марыі Міхалевічаў Ніна пражывае з сям’ёй у Вільнюсе. Да пенсіі працавала рабочай на заводзе металаканструкцый.

Валянціна Паўлаўна Орсіч. 2025г

Перажылі жахі вайны

Мікалай Уладзіміравіч Міхалевіч быў падлеткам, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Так склалася, што ў час акупацыі ён з маці і з малой сястрычкай пайшлі на малую радзіму маці ў Белы Бераг. У гэты час акупанты пачалі блакаду партызан у Налібоцкай пушчы і партызанскіх вёсак. У варожай пастцы аказаліся і жыхары вёскі Белы Бераг. У час партызанскай блакады вёскі Міхалевічы хаваліся ў лесе.

Будучая жонка Мікалая Ганна Іосіфаўна таксама паспытала жахі вайны. Яна была родам з Кавалёвых, якія адначасова з Юраўскімі былі спалены фашыстамі. Яе бацька быў у ліку 9 мужчын, закатаваных гітлераўцамі.

У 1950 годзе яны пажаніліся і тут жа разлучыліся, бо Мікалай быў прызваны на армейскую службу. Вярнуўшыся з арміі, Мікалай пайшоў працаваць паляводам, а затым механізатарам. У пошуках большага заробку для сям’і паехаў на працу ў Лаздунскую ПМК меліярацыі і там адпрацаваў 15 гадоў. Затым зноў вярнуўся ў калгас і да выхаду на пенсію працаваў трактарыстам, улетку – камбайнерам у былым калгасе “Іскра”.

Юбілей Мікалая Уладзіміравіча і Ганны Іосіфаўны Міхалевічаў. 1990 г

Ганна Іосіфаўна спачатку працавала тэхнічным работнікам у школе, а затым перайшла ў калгаснае паляводства.

Тры дачкі Міхалевічаў звязалі свой прафесійны шлях з педагогі-кай, навучаннем і выхаваннем дзяцей. Дачка Галіна пражывае ў Мурманску і працуе намеснікам начальніка аддзела адукацыі. Дачка Людміла пражывае ў беларускім горадзе Кобрыне. Працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе. Дачка Алена таксама пражывае ў Кобрыне і працуе дырэктарам школы. Сын Мікалай пражывае ў г.п. Воранава. Пра-цаваў майстрам у жыллёва-камунальнай гаспадарцы пасёлка.

МІкалай і Ганна Міхалевічы з унукам Сяргеем у Шчучым Бары. 1997 г

З роднай вёскай назаўжды

Віктар Мікалаевіч Міхалевіч, 1961 г.н., адзін з тых двух карэнных жыхароў Шчучага Бора, які назаўжды звязаў сваё жыццё з роднай вёскай. Яго бацька, Мікалай Канстанцінавіч, 1928 г.н., ажаніўся з дзяўчынай Валянцінай Швайч, 1930 г.н., родам з вёскі Жыдзевічы, пабудаваў хату побач з хатай свайго бацькі Канстанціна. Усё жыццё працаваў лесніком у мясцовым лясніцтве. Пражыў мала, 53 гады.

Валянціна працавала ў паляводстве калгаса “Іскра”, а большасць часу гадавала дзяцей, бо іх у сям’і было сямёра. Двое памерлі ў раннім дзяцінстве. Пяцёра выраслі і выехалі з бацькоўскага гнязда. 

Віктар Міхалевіч (злева) з сябрам

Старэйшы сын Мікалая і Валянціны Анатоль пражываў у Лідзе і працаваў на заводзе “Оптыка”. Сын Валерый жыў і працаваў у Бабруйску. Дачка Тамара закончыла тэхнікум і працавала ў банку Мінска, пражывае ў сталіцы. Самы меншы сын Мікалай пражывае ў Бакштах. Працуе майстрам лесу ў Лежневіцкім лясніцтве.

Сям’я Мікалая і Валянціны Міхалевічаў

Сын Віктар у час вучобы ў Лідскай школе-інтэрнаце вывучаў аўтасправу і пасля заканчэння 10 класа атрымаў правы вадзіцеля аўтамабіля. Вярнуўся ў мясцовы калгас “Іскра” і працаваў слесарам у мехмайстэрні, памочнікам камбайнёра. Службу ў Савецкай арміі прайшоў з 1981 па 1983 год у Падмаскоўі. Быў прызначаны камандзірам аддзялення ў стройбаце, займаў пасаду дыспетчара па грузаперавозках.

Пасля службы ў арміі Віктар паехаў у Мінск і закончыў курсы слесараў-мантажнікаў, быў накіраваны на працу ў Ліду. Але там, пасля іспыту камісіі, не прайшоў выпрабаванне на вышыню. Вымушаны быў змяніць прафесію і ўладкаваўся ў Маладзечна фармоўшчыкам на завод жалезабетонных вырабаў, дзе адпрацаваў чатыры гады.

Затым перайшоў на працу ў Маладзечанскую будаўнічую арганізацыю па аддзелцы збудаванняў, будынкаў і кватэр. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, Віктар з іншымі будаўнікамі быў накіраваны ў Магілёўскую вобласць на будаўніцтва пасёлкаў для перасяленцаў з радыяцыйнай зоны. Шкліў вокны, абліцоўваў пліткай кватэры.

У 1981 годзе рана памёр бацька Віктара, патрэбна была дапамога маці. І ён у 1992 годзе вярнуўся ў Шчучы Бор і пайшоў працаваць у мясцовы калгас “Іскра” у будаўнічую брыгаду. Удзельнічаў у будаўніцтве домікаў для калгаснікаў, рамонце дахаў на фермах.

Пасля таго, як не стала даўнарскага калгаса “Іскра”, Віктар аформіўся сацыяльным работнікам па догляду за маці і так дапрацаваў да пенсіі. Магчыма, дзякуючы яго сыноўняму клопату, маці пражыла 93 гады.

Валянціна Міхалевіч з унучкай

Віктар Міхалевіч не шкадуе, што вярнуўся і пражывае ў Шчучым Бары. Горад, як ён кажа, не для яго. Камусьці жыць у вёсцы сумна, а ён жыць сумуючы ў вёсцы не ўмее. Самы любімы ў Віктара занятак для душы – рыбалка на Бярэзіне. Тут ловіцца добра ў асноўным галавень, плотка, акунь, радзей – лешч і ялец. Каля рэчкі ёсць магчымасць сустрэцца і пагутарыць з рыбакамі. А з надыходам ягадна-грыбнога сезону збірае дары лесу. У гэты час Шчучы Бор ажывае, зранку да вечара чуваць людскія галасы. Яшчэ Віктар два разы ў месяц чакае паштовай машыны, каб атрымаць любімыя часопісы красвордаў і разгадываць іх. Раз у тыдзень пад хату Міхалевіча прыязджае аўталаўка. 

Віктар Мікалаевіч Міхалевіч
Хата Віктара Міхалевіча

Камусьці хутарское жыццё Віктара Мікалаевіча здаецца сумным, а яго яно вельмі задавальняе. Такіх бы, як Віктар, пабольш вярталася ў бацькоўскія хаты, каб ажывалі нашы асірацелыя вёскі.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі.

Працяг будзе.