Экономика

На хутары Лаўскі Брод. Працягваем падарожжа па малой радзіме з краязнаўцам Алегам Ігліцкім

Працяг. Чытайце пачатак: частка 1, частка 2, частка 3

На хутары Лаўскі Брод

Недалёка за Рыжаўкамі Шчучага Бора, каля рэчкі Бярэзіна, калісьці размяшчаўся адзіночны хутар, які меў афіцыйную назву Лаўскі Брод. Нашчадкам хутара ад сваіх бацькоў стаў Мікалай Аляксандравіч Фурса. У маладым узросце ён ажаніўся з дзяўчынай з вёскі Мельнікі Дар’яй Сакаловіч, 1888 г.н., і прывёз яе пасля вяселля ў бацькоўскі дом. У іх нарадзіўся сын Адам.

Мікалай паставіў мэту зарабіць грошай для сям’і і паехаў на заробкі ў ЗША, дзе адпрацаваў 12 гадоў. Вярнуўся з-за акіяна з заробленай сумай долараў, куфарам з адзеннем і рулонам тканіны.

Камусьці з вясковых жыхароў Мікалай пахваліўся сваім заробкам у Амерыцы. Праз нейкі час, вечарам, прыйшла ў хату банда і запатрабавала долары. Яны білі Мікалая і Дар’ю, пагражалі ім забойствам, а потым звязалі рукі бацькам і іх 12-гадоваму сыну Адаму, завялі ў склеп на двары і там зачынілі.

Трое бандытаў перавярнулі ўсё ў хаце і знайшлі ў рулоне тканіны ў куфары немалую колькасць долараў, забралі скарб з тканінай. Засталіся ў хаце толькі 50 долараў, якія Дар’я схавала асобна. Ад перажыванняў за страчанае Мікалай захварэў і памёр, не дажыўшы да 60 гадоў. Жонка Дар’я Барысаўна пражыла на хутары 92 гады. 

Хутар па спадчыне перайшоў да сына Адама Мікалаевіча, 1912 г.н. Адам ажаніўся з дзяўчынай з вёскі Мылёва Марыяй Бычкоўскай, 1916 г.н. Бацька Марыі Сцяпан быў зажытачны гаспадар і падарыў дачцы на вяселлі пасаг – 6 кароў, якія вясной прывялі 6 цялят, як добры знак на шчаслівае замужжа.

Адам і Марыя Фурса з дзецьмі Мікалаем, Славам, Нінай і Аняй. Сядзіць Дар’ я Фурса

У 1936 годзе маладая сям’я Фурсаў пабудавала свой уласны новы дом на дзедаўскай зямлі. Дом выглядаў прыгожа і прывабна: хата на 10 вокнаў, пакрытая цынкавай бляхай, хлявы, склеп, пчаліныя вуллі, побач вялікі надзел зямлі.

Марыя Сцяпанаўна нарадзіла 7 дзяцей. Але, на жаль, дачка Галіна, 1950 г.н., памерла ад запалення лёгкіх у 1,5 года. Шасцёра астатніх дзяцей выраслі і былі памочнікамі бацькам на хутарской гаспадарцы, пераймалі ад бацькоў акуратнасць і працавітасць. Даглядалі і нарыхтоўвалі корм на каня, тры каровы, шасцёра свіней, 50 авечак, гусей, курэй. Нават у самыя цяжкія гады вайны сям’я Фурсаў не ведала голаду, мела хлеб і да хлеба. Лішкамі дзялілася з партызанамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адам Мікалаевіч па заданні партызан дастаўляў ноччу павозкай малочныя і мясныя прадукты, хлеб, адзенне ў брыгаду бакштаўскай партызанскай зоны. Фурсы малолі муку ў жорнах, а Марыя Сцяпанаўна пякла партызанам хлеб.

Пасля вайны Фурсы ўступілі ў калгас. Адам Мікалаевіч працаваў вартаўніком на сенажацях суседняга саўгаса “Трабы”. Сцярог нарыхтаваныя на зіму стагі сена, з вясны да восені пасвіў 90-100 цялят, якія гадаваліся ў летнім лагеры.

Шмат зямлі каля хутара перайшло ва ўласнасць мясцовага калгаса. Тут вырошчвалі агуркі, лён, жыта. Марыя працавала ў калгасным паляводстве, брала дзялкі буракоў і лёну на праполку. Вялікай сям’ёй Фурсы спраўляліся і на сваёй, і на калгаснай рабоце.

На жаль, прыватная ўласнасць на зямлю ў савецкі час была ліквідаваная. Дзеці Фурсаў пакінулі хутар Лаўскі Брод і раз’ехаліся, хто куды. Клапатлівыя бацькі правялі ў хаце шэсць вяселляў і трое выправаў у войска для сваіх дзяцей.

Старэйшая дачка Адама і Марыі Валянціна, 1936 г.н., пражывала з сям’ёй у в. Заберазь і працавала поварам у сталовай в. Бакшты.

Сын Аркадзь, 1937 г.н., пасля трохгадовай вайсковай службы танкістам у Брэсце, уладкаваўся ў Мінску. Працаваў у ліцейным цэху трактарнага завода, брыгадзірам на заводзе грамадзянскай авіяцыі. Пражывае з сям’ёй у сталіцы, на пенсіі. 

Сын Мікалай, 1940 г.н., пасля заканчэння Бакштаўскай сярэдняй школы паступіў і закончыў Омскі сельскагаспадарчы інстытут, па спецыяльнасці інжынер. Пасля служыў тры гады тэрміновай службы ў лётнай часці ў г. Мурманску РФ. Пасля арміі пераехаў жыць у Маскву і працаваў начальнікам цэха Маскоўскага водаканала. У Маскве жывуць яго дзеці і унукі.

Сын Вячаслаў, 1944 г.н., служыў тры гады ў арміі танкістам у Пухавічах. Пасля службы ўладкаваўся на працу на рыбалавецкі флот у Балтыйскім моры. Пасля трох гадоў плавання вярнуўся дадому. Ажаніўся з дзяўчынай з Бакштаў Валянцінай Гарбачэўскай. Маладыя выехалі ў Маладзечна і там пражывалі. Вячаслаў працаваў будаўніком. 

Дачка Ніна, 1947 г.н., закончыла Юрацішкаўскае медыцынскае вучылішча, па прафесіі медсястра. 10 гадоў адпрацавала медсястрой у дзіцячым садку і 30 гадоў медсястрой у бальніцы №10 мікраёна Чыжоўка горада Мінска. Пражывае ў гэтым мікрараёне, на пенсіі.

Малодшая дачка Ганна, 1952 г.н., закончыла бухгалтарскія курсы ў Мінску і 38 гадоў адпрацавала ў Мінскім вылічальным цэнтры статыстычнага ўпраўлення. Муж Ганны Адамаўны Тадэвуш Аляксандравіч Міхайлоўскі родам з вёскі Шуловічы Валожынскага раёна. Працаваў слесарам на нафтабазе, на чыгунцы, у камунальнай службе. 30 мая 2025 года адзначыў сваё 80-годдзе. Міхайлоўскія пражылі разам у пары 51 год.

Ганна і Тадэвуш МІхайлоўскія з сынамі Юрам і Дімам

Старэйшы сын Міхайлоўскіх Дзмітрый пражывае з сям’ёй у Мінску і працуе на фірме ў Заслаўлі, якая вырабляе знаёмую многім гарэлку “Бульбаш”. Меншы сын Міхайлоўскіх Юрый пражывае ў Санкт-Пецярбургу і працуе электрыкам у прыватнай фірме.

Ганна Адамаўна Фурса (Міхайлоўская) удзячная сваім дзядам і бацькам, што яны заклалі ў іх гены працавітасць і адказнасць, павагу да людзей і любоў да роднага краю. Дзеці і ўнукі Фурсаў былі і ёсць паважаныя і адказныя ў працоўных калектывах. Адпачынак у іх сем’ях заўсёды быў на другім плане.

Сям’я Фурсаў на хутары

Ганна Адамаўна ўспамінае гады свайго жыцця на бацькоўскім хутары: 

“Нашы гады дзяцінства прайшлі ў працы. Мы садзілі, палолі, капалі, сенавалі, пасвілі, даглядалі кароў і бычкоў. Мы не бачылі мора, купаліся пасля працы ў рацэ Бярэзіна. Наш Крым і Рым былі на хутары Лаўскі Брод.

Але і адпачываць сям’ёй заўсёды ўмелі. Калі раз’ехаліся, абзавяліся сем’ямі, то кожны год збіраліся ў час водпускаў у хаце таты і мамы. Прыязджалі ў госці 7-9 дарослых, 9-12 унукаў. Хутар ажываў, бацькі радаваліся. За вялікім дубовым сталом у хаце збіраліся да 20 чалавек. На багата накрытым дубовым стале было ўсё сваё, натуральнае: сала, каўбасы, паляндвічкі, кумпячок, тварог, сыр, смятана, мёд і гарэлка дзеда Адама, бліны і іншыя стравы з печы бабулі Марыі. З’ехаўшыся з далёкіх гарадоў, мы радаваліся сустрэчы, успаміналі, спявалі песні. Часта летнімі вечарамі мы, дарослыя, з бацькамі сядалі на лавы, а ўнукі прыгожа адзяваліся і давалі ў хаце канцэрты: чыталі вершы, спявалі песні. Брат Мікалай і мой муж Тадэвуш ігралі на гармоніку. Хутар на многія месяцы ажываў, далёка чуліся за лесам і над рэчкай мелодыі і песні нашай вялікай сям’і Фурсаў.

Наш тата Адам пражыў 85 гадоў, а мама Марыя – 80 гадоў. Мы, дзеці, усім стараліся для іх, каб яны пажылі даўжэй. І цяпер, праз шмат гадоў, светлыя і добрыя ўспаміны аб нашых бацьках і хутары саграваюць нам сэрцы”.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алег Ігліцкі.

Працяг будзе.