Антон Піліпчык
Колеры жывыя
майго краю…
Аздобленыя
мазаічнікам дамы
заўжды
прыемна вока лашчаць…
Хоць беглым зіркам,
ды не абмінеш, канешне,
і жанчын,
чый выгляд
фантастычны знешні…
Ад усяго наўкол,
што –
вабнай барвы,
воч, здаецца, век
не адрываў бы…
А я – з дзяцінства
абагаўляю
жывыя колеры
Прынёманскага краю:
ніколі не забыўны
васільковы тон;
і прамяністы сонцавы –
рамонкавы;
і Іван-чаю
фіялетава-ліловы колер;
блакіту летняга –
ільновы;
хлябамі водарны –
жытнёвы;
і верасовы –
бэзава-ружовы;
і, акіянам
па зямлі ўсёй
разліты цвет,
зялёны –
зіяюць ім лясы, лугі,
сады, палеткі,
у гарадах газоны –
прыроды й чалавека
ўзаемнае любові
эталоны…
… Жывыя колеры
Прынёманскага краю –
маёй малой,
расквечанай, радзімы!
Я з вамі, дзе б ні быў,
у думках прабываю,
душой і сэрцайкам
заўжды адзіны!
Галіна Нічыпаровіч
Была вайна…
Была вайна…
Пакуты, слёзы, страты…
І кожны трэці
Не прыйшоў дахаты.
Была вайна…
Мы знаем з успамінаў
Дзядоў, бацькоў,
Хто ў той вайне не згінуў,
Аб тых страшэнных днях –
Там смерць касіла.
Па сыне маці галасіла,
Бо на стале
Ляжала “пахаронка”,
А за акном
Спявалі птушкі звонка.
Вясна будзіла
Клейкія лісточкі.
Не дачакаўся хтосьці
Сына, дочкі,
І ўдовы маладыя гаравалі:
Недалюбілі, недацалавалі.
Была вайна…
Плыве набат Хатыні.
Была вайна…
І кроў у жылах стыне.
Іван Карэнда
Родная мова
У перашэпце каласоў жытнёвых
І шорганні няскошанай травы,
У пошуме дубровы стогадовай
І гомане няўрымслівай дзятвы,
У розгласе рэха над ракою
І бульканні крынічкі пад гарой,
У звонкіх перапевах жаўруковых
І першым громе веснавой парой,
У скрыпе палазоў на снезе белым
І грукаце натруджаных млыноў,
У трэсканні каштанаў пераспелых
І перазвоне храмавых званоў, —
Паўсюдна чую роднай мовы гукі.
Яна – ад нараджэння і да смерці –
Найпершая і лепшая навука
І розуму майму, і сэрцу.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews






