Што рухае пакаленнем, якое вырасла ў эпоху глабалізацыі і інтэрнэту? Чаму ў іх слухаўках поруч з міжнароднымі хітамі гучыць беларуская гаворка, а паміж бясконцых стужак сацсетак у руках апынаецца кніга на роднай мове? Здаецца, што сучасная моладзь зноў адкрывае для сябе беларускае слова, шукаючы ў ім не проста экзотыку, а сапраўдную шчырасць, глыбіню і сувязь са сваімі каранямі.

Спыталі, што чытае сучасная моладзь
Да Дня беларускай пісьменства мы вырашылі пагаварыць з тымі, для каго «размаўляць па-беларуску» — гэта не фармальнасць, а ўсвядомлены выбар. Яны чытаюць, думаюць і адчуваюць па-беларуску. І сёння яны дзеляцца сваімі ўражаннямі пра кнігі, якія ім спадабаліся.
Вераніка Кучынская, намеснік дырэктара Іўеўскага РЦТДіМ:

— Паэма «Новая зямля», напісаная народным паэтам Якубам Коласам – першы беларускі буйны эпічны твор. Гэтая кніга павінна быць у бібліятэцы кожнага, хто лічыць сябе беларусам. Гэта першая нацыянальная паэма, якую справядліва называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства, класічным творам нашай літаратуры і проста выдатнай паэзіяй.
Мала дзе ў беларускай літаратуры сустрэнеш столькі крылатых выразаў і дасціпных слоў, як у «Новай зямлі». Яны і сёння, ужытыя дарэчна, упрыгожаць любую гутарку, нягледзячы на тое, што паэма напісана даўно і мае спецыфічную сялянскую тэматыку. «Новую зямлю» часта бегла вывучаюць у школе і пасля да яе рэдка вяртаюцца. А шкада: пры прачытанні ў больш дарослым узросце адкрываюцца новыя фарбы і эмоцыі, многае ўспрымаецца па-іншаму. І простая гісторыя сям’і палешука Міхала, які марыць пра ўласную зямлю, успрымаецца як велічная і трагічна-філасофская.
Алеся Кучынская,
бухгалтар СУП «Лаздуны-Агро»:

— Адна кніга мяне ўразіла і стала самай любімай. Гэта гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Мяне захапляе, як аўтар ужывае багатую беларускую мову, уплятае ў аповед фальклор, песні і звычаі. Чытаючы, быццам пускаешся ў цэлы свет. Ён з такой любоўю апісвае прыроду, побыт і характары людзей, што адразу бачна якая прыгожая і глыбокая наша родная мова.
У кнізе падымаюцца вечныя пытанні: што чалавек гатовы аддаць за волю? Дзеля чаго можна ахвяраваць усім? Дзе мяжа паміж абавязкам і літасцю? Героі ў рамане — звычайныя людзі: дваране, сяляне, студэнты, якія апынуліся перад складаным выбарам. Мяне вельмі кранулі іх душэўныя мукі. Кніга не дае лёгкіх адказаў, а прымушае думаць: а як бы я паступіў на іх месцы? Гэта вучыць мужнасці і адказнасці.
Для мяне гэта кніга — значна больш, чым проста літаратура. Гэта крыніца мудрасці, адвагі і натхнення. Яна прымушае і плакаць, і ганарыцца, разважаць і адчуваць. Яна навучыла мяне па-іншаму глядзець на гісторыю, яшчэ больш шанаваць родную мову і разумець, што значыць па-сапраўднаму любіць сваю зямлю. Менавіта за тое, што яна кранае самыя глыбокія струны душы, яна і застаецца маім самым любым творам.
Аляксандра Дулько, загадчык філіяла аг. Трабы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу:

— Я больш рускую літаратуру чытаю, але твор, па якім мы са спадарожнікам маім здымалі такое міні-кіно «Незагойная рана», пакінуў свой адбітак у маёй душы. Твор пра матчын боль, пра тое, як маці адправіла сына на вайну і ён згінуў без весткі, яго не было ў спісе жывых, у спісе загінулых, і яна шмат гадоў была ў найцяжэйшым стане чакання, і ў гэтым творы быццам апісваецца бурлівае сонечнае жыццё вакол, але над ёй навісла маркотная позняя восень, з якой ніяк нельга выбрацца.
Сялім Ільясевіч, навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея нацыянальных культур:

— У наступным годзе спаўняецца 180 год кнізе Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. З гэтай кнігай я пазнаёміўся ў 2019 годзе і з таго часу неаднаразова вяртаўся да яе і перачытваў. Баршчэўскі адзін з першых у літаратуры 19-га стагоддзя называе Полацкія землі Беларуссю. Сюжэт кнігі распавядае пра пана Завальню, які жыве пад Полацкам. Па начах праз яго хату праходзіць шмат вандроўнікаў, для якіх ён заўсёды пакідае свечку на падваконні. Гэтая свечка — сігнал, яна запрашае гасцей, а вандроўнікі ведаюць, што пан Завальня моцна любіць гісторыі, якія яму расказваюць яго шматлікія госці. Гісторыі гэтыя казачныя, фантастычныя, у большасці сумныя і загадкавыя. Што, як ні гэтыя “казкі” з сярэдзіны 19-га стагоддзя, можа нам лепш распавесці аб тым, што абурала, захапляла і хвалявала нашых продкаў?!
У мінулым годзе выйшла новае цудоўнае перавыданне “Шляхціца Завальні”. Кніга была поўнасцю праілюстравана мінскай мастачкай Лізаветай Лянкевіч, і сёння гэта адна з найпапулярнейшых кніг на беларускай мове сярод нашай чытаючай моладзі.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ягор Шэмет.






