Так хочацца ў Шчучы бор! Працягваем падарожжа па малой радзіме з краязнаўцам Алегам Ігліцкім: частка 1, частка 2.
Радавод сваёй радні Міхалевічаў са Шчучага Бору сабрала і захавала жыхарка Іўя Алена Іосіфаўна Валканоўская. Яе прадзед Ігнат меў сыноў Уладзіміра і Андрэя. Яе дзед Уладзімір Ігнацьевіч Міхалевіч, 1906 г.н., родам са Шчучага Бору. У пачатку 1940-х гадоў ён ажаніўся з дзяўчынай Марыяй Ануфрыеўнай, 1909 г.н.

Яны вялі гаспадарку, гадавалі чацвёра дзяцей, будавалі планы. Але мірнае жыццё прыпыніла вайна. 10 лістапада 1944 года Уладзімір быў прызваны па мабілізацыі Юрацішкаўскім раённым ваенкаматам на фронт. За кароткі тэрмін у вучэбцы асвоіў ваенную спецыяльнасць сувязіста правадной сувязі, яго службовая кваліфікацыя — тэлефаніст. Ваенную прысягу прыняў 31 снежня 1944 года. Быў прызначаны артылерыстам у 25-ы запасны артылерыйскі полк і ваяваў у яго складзе па май 1945 года.
Воінскае злучэнне, у якім змагаўся Уладзімір з фашысцкімі захопнікамі, вызваляла Віцебск, Оршу, Рэзэкнэ, Огрэ, Мадону, Дзвінск, сталіцу Латвійскай рэспублікі Рыгу, разграміла фашысцкую групіроўку ў Курляндыі. У гэтых перамогах ёсць і доля ратнай працы радавога байца са Шчучага Бору.
Перамогай над гітлераўскай Германіяй вайна для нашага земляка не закончылася. Ён быў пераведзены ў маі 1945 года ў 28 запасны артылерыйскі полк, які прайшоў падрыхтоўку і быў перакінуты на Усходні фронт. Бо на Далёкім Усходзе заставалася мілітарысцкая Японія, якая не склала зброі. 8 жніўня 1945 года Савецкі Саюз заявіў, што знаходзіцца ў стане вайны з Японіяй і 9 жніўня пачаліся баявыя дзеянні супраць японскай Квантунскай арміі. Глаўкомам савецкіх войск на Далёкім Усходзе быў маршал А.М. Васілеўскі.
18 жніўня асноўныя сілы мільённай Квантунскай арміі былі акружаны. 19 жніўня Квантунская армія капітулявала. Да пачатку верасня 1945 года савецкія войскі вызвалілі Паўночна-Усходні Кітай, Паўночную Карэю, Курыльскія астравы і Паўднёвы Сахалін. 2 верасня 1945 года адбылося падпісанне Акта аб капітуляцыі Японіі. Завяршылася Другая сусветная вайна.
З верасня 1945 года наш зямляк, двойчы пераможца, Уладзімір Міхалевіч быў узнагароджаны баявымі медалямі “За победу над Германией» і «За победу над Японией». Атрымаў Грамату падзякі з пячаткай ад камандзіра злучэння гвардыі генерал-маёра артылерыі Кулікова.

Восенню 1945 года Уладзімір Ігнацьевіч Міхалевіч вярнуўся з Далёкага Усходу ў родную вёску Шчучы Бор. Яго з радасцю сустрэлі жонка Марыя Ануфрыеўна з чатырма дзецьмі. Усе плакалі ад радасці, бо сям’я, перажыўшая цяжкія гады акупацыі, зноў сабралася разам, у хаце. Жонка Марыя расказала мужу, як пакутавалі яны ў апошнія гады вайны. Усе дзеці перахварэлі тыфам, “гарэлі” ад высокай тэмпературы. Маці сушыла травы і вылечыла іх народнымі сродкамі. Ваенныя гады былі галоднымі, не было хлеба, і яна ратавала дзяцей ад голаду ляпёшкамі з крапівы.
Наладжвалася мірнае жыццё. Міхалевічы пайшлі працаваць у паляводчую брыгаду калгаса. Развялі і сваю дамашнюю гаспадарку: каня, дзвюх кароў, авечак, да 10 пчаліных вулляў, фруктовы сад.
Уладзімір Ігнацьевіч вярнуўся да сваёй мірнай прафесіі краўца, якую ён набыў да вайны. Зарабляў для сям’і на пашыве ў асноўным мужчынскага адзення. Шыў прыгожа і акуратна мужчынскія штаны “галіфэ”, касцюмы, кажухі з аўчыны. Надзейнай памочніцай яму была швейная машынка “Зінгер”.
Захапленні і заняткі былога франтавіка са Шчучага Бору не мелі межаў. Дзіву даешся, калі ён на ўсё знаходзіў час. Быў умелым шапавалам і вырабляў валёнкі з авечай шэрсці. Сталярнічаў і рабіў з дрэва бочкі, начоўкі для мыцця бялізны. Змайстраваў драўляныя ложкі ў спальню, зрабіў зэдлікі з дуба, куфар для захоўвання бялізны. Сам змайстраваў лодку і лавіў рыбу на Бярэзіне. Як цясляр, Міхалевіч пабудаваў з дрэва хату для сваёй сям’і ў Рыжаўках вёскі, дапамог пабудаваць хату свайму сыну Паўлу побач са сваёй.
Уладзімір Ігнацьевіч пражыў 72 гады цяжкага жыцця. Яго жонка Марыя Ануфрыеўна пражыла 90 гадоў. Яна была працавітай гаспадыняй і адпавядала ва ўсім свайму мужу. Даглядала дамашнюю жыўнасць, падтрымлівала парадак у хаце, лячыла людзям загаворам пярэпалахі, была вопытнай кулінаркай. Сушыла ягады на кампоты, варыла варэнне. Дзеці і ўнукі прыязджалі ў госці, каб паласавацца з кошыка бабулі сушанымі каўбаскамі і паляндвічкамі, смачнымі блінамі з мукі вышэйшага гатунку, якія ў сям’і называлі праснакамі. Прала з авечай шэрсці ніткі, ткала на кроснах дываны і ручнікі, палатно на пашыў бялізны і пасцелі.

Уладзімір і Марыя Міхалевічы мелі чацвёра дзяцей. Старэйшы сын Павел, 1934 г.н., жыў у Шчучым Бары ў сваёй хаце, побач з бацькоўскай. Працаваў пастухом калгасных цялят. Жаніўся позна, пасля 40 гадоў. Жонка Аня была родам з вёскі Зубавічы, працавала паляводам. Іх сыну Андрэю было 5 гадоў, калі памерла маці. Андрэй пражывае ў Ваўкавыску і працуе вадзіцелем–дальнабойшчыкам.

Другі сын Сяргей, 1936 г.н., пражываў у горадзе Стары Аскол Белгародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Закончыў будаўнічы тэхнікум і працаваў прарабам. Яго жонка Нэла была родам з Гродна.
Дачка Вера, 1940 г.н., пражывала ў г. Іўе. Працавала ў аддзеле статыстыкі. Муж яе Іван Аляксандравіч Качалка працаваў шафёрам у будаўнічай арганізацыі МПМК-149.
Дачка Ганна, 1938 г.н., у 1960 годзе выйшла замуж за хлопца з Жыдзевічаў Іосіфа Валканоўскага, 1936 г.н. Сям’я ездзіла працаваць на цаліну ў Казахстан, каб зарабіць грошы і пабудаваць уласны дом. Зарабілі, вярнуліся і пабудавалі свой дом у вёсцы Жыдзевічы. Ганна працавала даяркай на ферме “Жыдзевічы”. Яна была перадавой у калгасе “Іскра”. Неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, падзякамі, прэміямі і падарункамі, атрымала за працу медаль “За трудовую доблесть” у 1986 годзе. Працоўны стаж на ферме яе склаў больш 40 гадоў.

Муж Ганны Уладзіміраўны Іосіф Міхайлавіч працаваў шафёрам аўтабазы г.п. Юрацішкі, затым – шафёрам калгаса “Іскра”, а перад пенсіяй, больш за 7 гадоў, — доярам на малочнатаварнай ферме “Жыдзевічы”.

Меў асобную групу кароў – 20. Быў старанным доярам і ў працы ні ў чым не адставаў ад даярак жанчын. На ферму, бывала, Валканоўскія ішлі ўсёй сям’ёй, побач з чатырма дочкамі школьніцамі – Тамарай, Валянцінай, Аленай і Марыяй. Дзяўчынкі з маленства дапамагалі бацькам на ферме, таму і выраслі працавітымі, акуратнымі, сумленнымі, добразычлівымі.

Цяпер Тамара пражывае з сям’ёй у Мінску, працавала на тонкасуконным камбінаце і ў вытворчым аб’яднанні “Атлант”. Валянціна – у аграгарадку Чысць Маладзечанскага раёна, працавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку.
Марыя выйшла замуж за хлопца Міраслава Зноска ў вёску Чычынаўшчына Эйгердаўскага сельсавета і працавала начальнікам паштовага аддзялення сувязі ў Эйгердах.
Алена закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, факультэт па абароне раслін, атрымала прафесію «вучоны – аграном». З 1992 года працавала 17 гадоў інжынерам – радыёлагам у РУП ЖКГ г. Іўе, затым у дзіцячым садку, у арганізацыі “Белдзяржстрах”. Цяпер Алена Іосіфаўна працуе ў страхавой кампаніі “Асоба”.

У вольны час Алена Іосіфаўна збірае звесткі па радаводу сваёй сям’і, захоўвае як сямейную рэліквію франтавыя ўзнагароды і фотаздымкі дзеда Уладзіміра Ігнацьевіча Міхалевіча, удзельніка Другой сусветнай вайны. Каб зберагчы памяць пра дзеда — франтавіка, унучка збіраецца перадаць яго франтавыя рэліквіі ў Іўеўскі музей нацыянальных культур.
Андрэй Ігнацьевіч Міхалевіч быў старэйшым родным братам Уладзіміра Міхалевіча. Яго жонка Аляксандра была родам з вёскі Чаркесы. Яны працавалі ў калгасным паляводстве, вялі ўласную гаспадарку.
Андрэй і Аляксандра мелі чацвёра дзяцей. Сын Іван працаваў у Лаздунах старшынёй калгаса. Сын Мікалай паехаў працаваць на поўнач Расіі і там застаўся. Дачка Валянціна жыла з сям’ёй за Юрацішкамі ў вёсцы Верашчакі. Дачка Алімпіяда жыла на сярэдніх хутарах вёскі Шчучы Бор і была замужам за Станіславам Макуцэвічам.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі.
Працяг будзе.






