Юная іўяўчанка стала пераможцай аднаго з самых папулярных рэспубліканскіх конкурсаў юных чытальнікаў.

Навіной аб тым, што іўяўчанка Лізавета Раманюк стала переможцай конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класкіка”, які штогод трансліруецца на канале СТВ да Дня беларускага пісьменства і друку, мы дзяліліся з нашымі падпісчыкамі ў сацыяльных сетках. Крыху вытрымалі час, каб улягліся ўсе эмоцыі, і пагутарылі з таленавітай дзяўчынкай аб тым, якім быў шлях да перамогі ў такім сур’ёзным творчым выпрабаванні. У конкурсе ў бягучым годзе прынялі ўдзел звыш 20 тысяч школьнікаў, а да фіналу дабраліся толькі 18 чалавек. Відавочна, што гэта самыя адораныя чытальнікі, тыя, хто ў будучым, магчыма, выйдзе на сцэны тэатраў і здымачныя пляцоўкі кінастудый.

Любоў да роднага слова ў дзяўчынкі з’явілася яшчэ ў дзіцячым садку. Нейкім дзіўным чынам яе бацькі аддалі ў беларускамоўную групу. І там, успамінае Ліза, вельмі падабалася слухаць казкі і розныя цікавыя гісторыі з вуснаў выхавальніка Алы Станіславаўны Кавецкай. Затым гэту любоў дапамагала развіваць першая настаўніца Ганна Тадэўшаўна Захар. А потым двух сясцёр, Ксенію і Лізу, бацькі прывялі ў тэатральнае аддзяленне Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў да педагога Наталлі Алегаўны Афонінай. З тае пары пачалося сапраўднае падарожжа ў свет творчасці. Сцэна, спектаклі, выступленні…
У мінулым годзе Ліза таксама ўдзельнічала ў конкурсе “Жывая класіка”. Заняла другое месца. Тады чытала жартоўную казку-прытчу Лёлі Багдановіч “Пра бусла”. Між іншым, з гэтым творам неаднойчы выступала на розных сцэнах. Аднак марыла паспрабаваць сябе ў новай ролі, якая будзе поўнай супрацьлегласцю жартоўнаму лёгкаму вобразу.
Аднойчы педагог Наталля Алегаўна расказала верш Марыі Цімінскай “Уся радня пад крыжам” – трагічную гісторыю паэтэсы з вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раёна, спаленую фашыстамі. Што яна адчула, не дай Бог перажыць нікому. Пяцігадовая дзяўчынка апынулася сярод падпаленых хат, акрываўленых целаў, няспыннай стральбы, не разумеючы, дзе ёй схавацца ад зімовай сцюжы і страшных людзей, якія сеюць гора і смерць. Выжыла цудам, страціўшы ўсіх, каго любіла: маці, бацьку, сясцёр, бабуль…
Ліза расказвае, што было няпроста прымерыць на сябе новы вобраз, ужыцца ў новую ролю. Бясконцыя рэпетыцыі і пастаянная праца над вершам з педагогам…
– Калі ты чытаеш верш, усё вельмі важна, – разважае дзяўчынка. – Любая дэталь, любая дробязь. Мы доўга выбіралі касцюм, падбіралі фонавую музыку. У выніку яе напісаў наш зямляк Антон Шукаў. Памятаю, як Наталля Алегаўна мне сказала: “У гэтым месцы можаш заплакаць, аднак не доўга, таму што далей павінен плакаць зал”.

Безумоўна, поспех, як ў любой справе, залежыць ад каманднай работы. У гэтым выпадку да каманды “педагог – навучэнец” далучыліся зацікаўленыя бацькі. Аляксандр і Іна Раманюк – самі педагогі, таму разумеюць, як важна падтрымаць дзіця на яе шляху станаўлення. Лічаць, што інвестыцыі ў развіццё дзяцей самыя эфектыўныя.
Мінулы навучальны год для Лізы Раманюк завяршыўся вельмі паспяхова. Яна заняла другое месца на раённай аліміпіядзе па беларускай мове за 6 клас, хаця навучалася ў 5-м, атрымала першае месца ў рэспубліканскім этапе творчага конкурсу “Здравствуй, мир!”, атрымала абласную прэмію Аляксандра Дубко, заняла першае месца ў рэспубліканскіх конкурсах “Лингвистенок» па англійскай мове і “Буслік” па беларускай мове, стала лаўрэатам I ступені XII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “Львёнок”. Акрамя таго, дзякуючы “Жывой класіцы”, Лізу прыкмецілі на рэспубліканскім і абласным узроўні. Яна была адной з вядучых на рэспубліканскім свяце з нагоды Дня настаўніка, выступала на абласной педагагічнай канферэнцыі, была госцем перадачы “Добрай раніцы” на канале “РТР-Беларусь”.

“Калі я атрымаю перамогу на “Жывой класіцы”, вы мне падорыце айфон?”, – неяк спытала дзяўчынка ў бацькоў. Тыя згадзіліся і купілі жаданы падарунак яшчэ за два месяцы да конкурсу чытальнікаў, калі падсумавалі ўсе поспехі дачкі.
Ліза Раманюк, як усе, хто дайшоў да фіналу, атрымала падарункі і пуцёўку ў Нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня», магчымасць выступіць на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе, але самая галоўная ўзнагарода — 7 верасня ў 17:00 у эфіры «Сталічнага тэлебачання» яе убачыць уся краіна.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ірына Бутурля.
Фота з сямейнага архіва.






