Экономика

І з жартам, і ўсур’ёз. Пра важнасць творчасці ў сваім жыцці расказала жыхарка аг. Геранёны Алена Смалянічэнка

Што прымушае нас цягнуцца да творчасці? Жаданне знайсці адлюстраванне ўласнага жыццёвага вопыту ў творах іншых людзей? Ці падзяліцца гэтым вопытам з іншымі, якія імкнуцца ўбачыць пацверджанне сваіх думак і ідэй? На гэтыя і шмат іншых пытанняў людзі шукаюць адказы на працягу многіх гадоў. Але сённяшняя гераіня знайшла іх ужо даўно, а жаданне ствараць у ёй – нястомнае.

Алена Смалянічэнка мае 39-гадовы педагагічны стаж, які спалучае вопыт працы старэйшай піянерважатай і настаўніка сусветнай мастацкай культуры і выяўленчага мастацтва ў Геранёнскай СШ. Скончыла Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, Гродзенскі  дзяржаўны педагагічны інстытут ім. Я. Купалы.

Сваю любоў да Іўеўшчыны Алена Іванаўна адлюстроўвае як у экскурсіях па раёне, так і ў сваёй шматграннай творчасці. У розных выданнях (газетах, калектыўных зборніках, чатырох невялікіх кнігах) было апублікавана больш за 200 вершаў. А кампазітары Яўген Петрашэвіч і Яўген Карпуць напісалі на яе вершы 23 песні.

На рахунку жанчыны нямала ганаровых узнагарод як за час працы ў школе, так і ў творчай дзейнасці. Геранёнская паэтка з’яўляецца лаўрэатам абласнога фэсту «Поэзия – души движение!» у 2008 г., мае III месца ў намінацыі «Ваенна-патрыятычныя вершы» у 2024 годзе, пераможца ў намінацыі «Магутная сіла паэзіі» у I Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю».

– Мая любоў да творчасці бярэ свой пачатак у дзяцінстве. Мае бацькі часта каментавалі бытавыя сітуацыі ў вершаванай форме, а нам, дзецям, чыталі вершы беларускіх аўтараў. Мы заўсёды дзівіліся, як бацькі ведалі напамяць столькі вершаў?

Потым у 7-8 класе я пачала перакладаць некаторыя вершы на беларускую і рускую мовы. А да моманту пачатку навучання ў Ваўкавыскім педвучылішчы я ўжо пісала свае вершы. У час навучання выкладчыкі часам прасілі напісаць вершы да якога-небудзь мерапрыемства.

Такім чынам творчасць і стала неад’емнай часткай майго жыцця.

Я не магу вылучыць самую блізкую свайму сэрцу тэму. Я люблю пісаць акравершы, санеты, лімерыкі, трыялеты і, улічваючы тое, што ў нас так шмат добрых людзей, столькі прыгожых месцаў, хвалюючых падзей – пра ўсё гэта таксама хочацца напісаць. Я люблю Геранёны, немалая частка маіх вершаў прысвечана менавіта ім. Апроч гэтага, ёсць вершы і на філасофскія і гумарыстычныя тэмы. У нашым рознабаковым жыцці, дзе натхненнем можа стаць артыкул у часопісе, які цябе ўразіў, немагчыма пісаць толькі пра нешта адно.

Калі разважаць пра творчасць з боку аўтара, то галоўнае заданне мастацтва – гэта супакоіць уласную душу. Калі мяне нешта хвалюе, то я не змагу супакоіцца, пакуль не напішу пра гэта. І, вядома, на мой погляд, у творчасці важна славіць свой родны край.

А для чытача – гэта магчымасць знайсці падабенствы са сваім жыццём і тым, пра што піша аўтар у сваіх творах, і ўсвядоміць: «Так, гэта адбывалася і са мной, я гэта разумею!». Менавіта гэта і стварае той самы водгук у сэрца чытача, – расказвае Алена Смалянічэнка.

На працягу жыцця з чалавекам адбываецца мноства розных падзей, як добрых, так і дрэнных. І калі ў дзяцінстве мы часта азараем усіх радасцю, то з цягам часу падобнае здараецца ўсё радзей. Паэтка заўсёды шырока ўсміхаецца, у яе шмат энергіі, а ўсе мясцовыя жыхары яе ведаюць і ганарацца ёю. Адкуль у чалавека столькі сіл і трываласці?

– Немагчыма падабацца ўсім. Ёсць людзі, якім можа не падабацца тое, што ты робіш, і яны гэта могуць дэманстраваць па-рознаму. Таму я імкнуся быць на пазітыве і глядзець на жыццё з усмешкай. Бо калі ты камусьці не падабаешся, гэта не азначае таго, што на гэтым канчаецца жыццё, – падзялілася Алена Іванаўна.

Кажучы пра беларускую літаратуру, Алена Смалянічэнка падкрэслівае, што ў беларускай літаратуры шмат цудоўных аўтараў і не менш цудоўных твораў, раскрываецца нямала важных тэм. Аднак для таго, каб людзі самі цягнуліся да беларускай творчасці, патрэбна далучаць іх да гэтага з самага дзяцінства.

***

Бярозкі лісце жоўтае, 

Асінка залатая… 

Люблю я фарбы восені. 

О, прыгажосць якая! 

Гусцей туманы сцелюцца, 

Маланкі не мільгаюць… 

І песні пра вяселейка 

Хай над зямлёй крыляюць. 

А сны ўсе каляровыя, 

І ў снах прыходзіш ты… 

Ляцяць, ляцяць кляновыя 

Ў маё акно лісты. 

***

Багровы сад, багровы жар, 

Абгорнуты абшары туманамі, 

Рыжэюць кветкі, як пажар, 

Слязіцца — плача неба днямі. 

Ельнік нас у грыбы запросіць, 

Высцілае лісце для ўсіх дыван.

 І закрылі неба просінь 

Чародкі птушак і туман. 

Юр’еў дзень прагоніць восень, 

Валадарыць зімку просіць. 

***

Пайшла з жыцця зямнога маці, 

І дзецям усім душа баліць… 

Як пуста стала ў нашай хаце! 

І печ халодная стаіць… 

Глядзіць на нас усіх з партрэта

 І завяшчае добра жыць… 

Прыйшлі вясковыя кабеты, 

Каб ёй малітву згаварыць. 

Дастану я ручнік бялюткі, 

Што мама ткала для сям’і. 

І чую голас я ціхутка:

 “Шчасліва, дочанька, жыві!”

***

Ахінае вечар 

Ласкавым спакоем, 

Еду на сустрэчу, 

Каб пабыць з табою. 

Сонейка садзіцца, 

Аблажылі цені. 

Не нагаварыцца, 

Дружа, нам й за дзень. 

Разам прачытаем 

Оду – гімн юнацтву. 

Вер мне – успамінаю 

Імя тваё часта. 

Чараўніца — восень 

Мне стрэчу прыносіць, 

Мне радасць прыносіць.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Кірыл Маціфейчык.

Фота аўтара.