Беларуская культура займае сваё асаблівае месца сярод іншых усходнееўрапейскіх культур. Гонарам нашай краіны з’яўляюцца традыцыі, фальклор, веды аб якіх пераходзяць з пакалення ў пакаленне. Гэта песні, танцы, гульні, казкі, легенды, загадкі, прыказкі і прымаўкі продкаў — яны дайшлі да сучаснасці, практычна не змяніўшыся. Тое ж можна сказаць і аб народных промыслах: ганчарстве, пляценні з лазы і саломкі, ткацтве, вышыўцы, роспісы па шкле і іншых відах народнага рамяства і творчасці.

Сёння на набярэжнай г. Іўе адбылося адкрыццё Тыдня традыцыйнай культуры. Раённыя майстры славяцца сваімі ўменнямі і навыкамі, кожны населены пункт ганарыцца сваімі творцамі.
З прывітальным словам выступіла загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірына Смірнова.

– З вуснаў у вусны, з рук у рукі, ад сэрца да сэрца на працягу многіх стагоддзяў нашы продкі перадавалі гэты невычэрпны скарб. І нам, работнікам культуры, даверана такая цудоўная місія – захаваць усё гэта, адрадзіць і перадаць ужо вам! Таму што традыцыйная культура — гэта наш падмурак, на якім трымаецца наша нацыя. І каб упэўнена ісці наперад, мы абавязаны ведаць адкуль мы, чым займаліся нашы продкі, — адзначыла Ірына Смірнова.



Для адкрыцця свята была падрыхтавана цікавая праграма: выстава майстроў народнай творчасці Іўеўскага раёна «Хвала і гонар вашаму ўмельству», майстар-класы па традыцыйных рамёствах і танцах, дэфіле нарадаў у тэхніцы саломапляцення, выступленні фальклорных калектываў раёна.









Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Кірыл Маціфейчык
Фота аўтара.






