У розных кутках Беларусі, якая страціла ў 1941-1945 гадах кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на гэтай шматпакутнай зямлі.
Сёння ў краіне каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі, але галоўнае – з’яўляюцца святым месцам шанавання загінуўшых, вечным напамінам аб тым, як неацэнны мір…
✔ Іўеўшчына страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш пяці тысяч сваіх сыноў і дачок.
Памяць аб земляках і ўсіх тых, хто гераічна абараняў нашу малую радзіму, захавана ў 37 помніках. Кожнае пахаванне мае сваю гісторыю. Менавіта яе мы будзем расказваць у нашай новай рубрыцы “З гісторыі помніка”.

Адкрывае рубрыку аповед Алены Смалянічэнка, мясцовага краязнаўцы, пра гісторыю стварэння помніка ў аг. Геранёны.
✔ 25 ліпеня 1982 года прайшоў мітынг, прысвечаны адкрыццю помніка Невядомаму салдату ў вёсцы Геранёны і перазахаванне астанкаў невядомага салдата, які загінуў у 1941 годзе ля в. Роцкішкі.
На адкрыцці помніка тады прысутнічалі дэлегацыі з гарадоў Гродна, Ліды, Літоўскай ССР, дэлегацыі працоўных калектываў раёна, салдаты і афіцэры в/ч г. Ліды.
Помнік быў створаны па ініцыятыве старшыні калгаса імя XXII партз’езда, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Аляксандравіча Баума (1922 – 2018) і на сродкі калгаса.
Аўтар помніка – Леанід Мендзелевіч Левін (1936 – 2014) – беларускі савецкі архітэктар, адзін са стваральнікаў мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.
Помнік уяўляе сабой стэлу вышынёй 7 м 30 см са стылізаванай зоркай уверсе, якая схілілася над пірамідкай, дзе захаваны астанкі загінуўшага салдата.
На помніку эпітафія (надмагільны надпіс): “Имя твоенеизвестно, подвиг твой бессмертен”, якая належыць савецкаму паэту аўтару гімна СССР Сяргею Міхалкову. Упершыню такі надпіс з’явіўся на магіле Невядомага салдата ля Крамлёўскай сцяны.
Ля помніка праводзяцца мітынгі да Дня Перамогі, прымаюць дзяцей у піянеры, даюць клятву вернасці Радзіме юнакі, якія ідуць служыць у армію.
Наш помнік – сімвал памяці ўсіх пакаленняў аб Вялікай Айчыннай вайне.
9 мая 2023 года ля помніка з’явілася дошка з QR-кодам, дзе кожны можа прачытаць імёны 34 нашых землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, імёны 53 ветэранаў нашага сельсавета, якія ўжо адышлі ў вечнасць.

А да 80-годдзя Вялікай Перамогі 8 мая 2025 года ўрачыста адкрылі новую мемарыяльную дошку ў гонар жыхароў Геранёнскага сельсавета, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З больш чым ста геранёнцаў, якія пайшлі змагацца з ворагам, 36 не вярнуліся дамоў.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews






