Образование

Веды пачынаюцца з «Буквара»

Першыя перамогі
Жыцця адкрываюць абшар.
Першае слова — мама,
Першая кніга — Буквар!

У жыцці ўсё пачынаецца з малога: з зярнятка — хлеб, з праменьчыка — сонейка, з цаглінкі — дом, а веды — з першай кнігі кожнага чалавека — «Буквара». З гэтай кнігі пачынаецца шлях пазнання роднай мовы і навакольнага свету.
Буквар — ключык да чароўнага свету кніг, свету ведаў. У 2018 годзе споўнілася 400 гадоў з дня выхаду першага Буквара. Менавіта гэтай падзеі ў жыцці беларускага народа і была прысвечана інфармацыйная гадзіна «Чатыры стагоддзі з Букваром», якая 17 верасня прайшла ў 5 класе.
Мерапрыемства праходзіла ў школьнай бібліятэцы, дзе арганізавана тэматычная выстава «Гартаючы старонкі Буквара». Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй з’яўлення першага Буквара, даведаліся, што ў свеце існуюць толькі два арыгіналы першага беларускага «Буквара». Адзін — няпоўны, але добра захаваны — у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене, другі — самы лепшы — у бібліятэцы ў цэнтры Лондана. Першы «Буквар» быў разлічаны не толькі на юнацкую, але і на дарослую аўдыторыю. Па ім сапраўды вучыліся чытаць. Напачатку вучні вывучалі літары славянскага алфавіта, затым складалі іх ў простыя склады і словы. Пасля гэтага яны чыталі словазлучэнні, а потым і цэлыя сказы. Кожны занятак абавязкова пачынаўся з малітвы. Яны складалі істотную частку кнігі — ад трэці да паловы агульнага аб’ёму. Акрамя гэтага, былі ў кніжцы мудрыя выказванні, пералік наказаў для маладых людзей — «не крадзі», «шануй бацьку свайго і маці» — і пералік смяротных грахоў — «празмерны гонар», «абжорства», «зайздрасць», «сквапнасць», «гнеў» і іншыя. Таксама навучэнцы азнаёміліся з экспанатамі выставы «Буквароў», па якіх вучыліся іх бацькі, бабулі і дзядулі, даведаліся, што ў горадзе Орша ўсталяваны памятны знак, які ўяўляе сабой тытульны ліст першага беларускага «Буквара», выкананы ў мармуры і прымацаваны на камені. Скончылася інфармацыйная гадзіна экспрэс -віншаваннем Буквара з юбілейным годам нараджэння.


Азірнуўшыся назад, на гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускага Буквара, хлопчыкі і дзяўчынкі ўбачылі, што іх продкі спрадвеку імкнуліся да ведаў, спасціжэння розных навук. Францыск Скарына, Лаўрэнцій і Стэфан Зізаніі, Якуб Колас — гэтыя і іншыя знакамітыя людзі нашага роднага краю ўнеслі свой уклад у развіццё нацыянальнай культуры, роднай мовы, каб кожны беларус мог ісці наперад нароўні з усім цывілізаваным светам.
Усяго праз некалькі гадоў будучыню нашай краіны будуць вызначаць сённяшнія пяцікласнікі. Таму хочацца пажадаць ім быць вартымі памяці вялікіх продкаў, імкнуцца да ведаў і мяняць свет толькі да лепшага.
В. Балановіч, класны кіраўнік 5 класса Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.