Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёраў і лясоў.
Каб прывіць нам, вучням, цікавасць і любоў да роднай мовы, у нашай школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад дэвізам: «Мова родная — мова модная”.

Усе вучні з задавальненнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах тыдня. Асабліва нам спадабаліся такія мерапрыемствы, як фотамарафон “Інстаграм па-беларуску”, віктарына “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю”, інтэрактыўны перапынак “Знаўцы беларускай мовы”, майстар-клас “Букет кветак для роднай мовы”, флэшмоб “Беларусь мая сінявокая”, квэст “Лабірынты роднай мовы” і інш.

Але найбольш насычаным днём Тыдня аказаўся дзень дваццаць першага лютага. І гэта невыпадкова, таму што менавіта 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень вучні, настаўнікі, супрацоўнікі нашай школы актыўна далучыліся да святкавання. Усе разам стваралі воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”, весела і пазнавальна прайшла акцыя “Адгадай беларускае слова – атрымай беларускую цукерку”, падчас якой не толькі вучні, але і настаўнікі пашырылі свой лексічны запас беларускімі словамі, якія зараз вельмі рэдка ўжываюцца, ці ўвогуле не ўжываюцца. У гэты ж дзень настаўнікі, вучні, работнікі школы далучыліся да напісання Гродзенскага абласнога дыктанта, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы.

Праведзеныя на працягу Тыдня мерапрыемствы садзейнічалі папулярызацыі беларускай мовы, павышэнню цікавасці навучэнцаў да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, развіццю творчых здольнасцей школьнікаў, выхаванню ў вучняў нацыянальнай свядомасці, патрыятызму і любові да Радзімы, захаванню мовы як культурнай спадчыны беларускага народа.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Ганна Куляшо, вучаніца 10 класа.






