Экономика

21 лютага — Мiжнародны дзень роднай мовы

Гэтае свята сiмвалiзуе ўзаемаразуменне, дыялог, цярплiвасць i добрасуседства, а таксама гiстарычную памяць. Бо менавiта мова — асноўны i галоўны захавальнiк нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, веры i творчасцi.

Мова мая 
Мова мая — 
шум гаёў напрадвесні, 
стан дзявочы бяроз, 
звонкі спеў салаўя 
і матуліны шчырыя песні — 
мова мая.

Мова мая — 
гэта сола заранкі, 
незабудак блакіт, 
перазвон ручая 
і над стрэхамі шапка буслянкі — 
мова мая.

Мова мая — 
ціхі шэпат калосся, 
ветру лёгкі павеў 
і гудзенне чмяля, 
кропка жаўранка ў паднябессі — 
мова мая.

Мова мая — 
пах дзівосны язміну, 
смак крынічнай вады, 
ў небе сум жураўля, 
за сялом карагода рабінаў — 
мова мая.

Мова мая – 
жалкаванне жалейкі, 
горкі кнігаўкі плач, 
любых рук дабрыня 
і валошак махнатыя вейкі – 
мова мая.

Мова мая — 
пералівы вясёлкі, 
мяккі кужаль снягоў, 
вечароў цішыня, 
пад бажніцай купальскія зёлкі — 
мова мая.

Мова мая — 
то ўсмешка дзіцяці, 
майго сэрца біццё 
і пад сонцам — ралля, 
хлеб духмяны ў бацькавай хаце — 
мова мая.

Мова мая — 
ручнікі-абярэгі, 
крыж расстайных дарог, 
і сустрэч цеплыня, 
і прамая дарога да Бога — 
мова мая. 

Марыя Цімінская