Экономика

Знікаючыя вёскі. Краязнаўчае даследаванне Алены Смалянічэнкі

“Сыходзіш, вёска, з яснай явы”, — сказаў Купала. І сышла.
        Рыгор Барадулін.

У кнізе Зіновія Прыгодзіча “Постаці” (3 том) ёсць гутарка-нарыс пра Уладзіміра Ліпскага. Пісьменнік гаворыць, што “Вёскі аджываюць свой век, паміраюць. Працэс незваротны. Але шкада, што былыя котлішчы зарастаюць быльнягом, хмызняком, і ніхто праз гады нават не ўспомніць, што тут некалі жылі людзі: жаніліся, гадавалі дзяцей, спявалі, плакалі. Каб не страціць гэтую памяць – патрэбен нейкі знак. Пакладзіце валун, напішыце на ім некалькі слоў. Крыж пастаўце. Гэта будзе прыкметай нашай культуры і павагі да нашай гісторыі”.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/7984/2025/2/16/blqSWFrVpEg.jpg
1928 г. Сядзібны дом у Роцкішках

Пра зніклыя вёскі Геранёнскага сельсавета я пісала ў 2018 годзе у “Іўеўскім краі”. Тады ўжо не было 12 вёсак. Напрыклад, у былой  вёсцы Клеўкі перад Вялікай Айчыннай вайной размяшчаўся запасны аэрадром 122-га знішчальнага авіяпалка, які ўваходзіў у 11-ю знішчальную дывізію г. Ліды…
На пачатку 2025 года у Геранёнскім с/с знік хутар Вэркі. Там ніхто не прапісаны і ніхто не жыве. Але ў спіску сельскіх населеных пунктаў па сельскаму Савету ён ёсць. Там стаяць хаты. І ў летні час прыязджаюць дзеці з г. Ліды ў бацькоўскі кут. Гэты населены пункт знаходзіцца за 33 км ад Іўя, 24 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя на лініі Ліда-Маладзечна. У пачатку XX ст. – засценак* у Ліпнішкаўскай воласці. З 1952 года ў складзе калгаса “Піянер”. Паводле перапісу насельніцтва ў 1959 годзе тут налічвалася 15 жыхароў.
Назва хутара пайшла, магчыма, ад слова “веранькі” – узоры. Ёсць такое слова “веркі”, якое азначае агульную назву абарончых пабудоў.

*Засценак – тып сельскага паселішча. Узнік у сярэдзіне XVI ст. у выніку правядзення валочнай памеры. Землі феадальных маёнткаў падзялілі на тры часткі, кожная з якіх мела свае межы (“сценкі”). Землі за гэтымі межамі арандавалі дробная шляхта, заможныя сяляне. Засценкі існавалі пры вёсках. Называліся звычайна па прозвішчах арандадатараў.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/7984/2025/2/16/YVZQ4AUuwWM.jpg
Першая грузавая машына ў калгасе «Вольнае жыццё»

Хутар Лабы-Мікольск. Назва паходзіць ад асабовага імя. За 23 км на Пн З ад Іўя, 14 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя. З лістапада 1939 г. у складзе БССР. З 1952 г. – у калгасе “Піянер”, пазней у калгасе імя Леніна (в. Сураж). У 1959 годзе тут пражывала 35 жыхароў. Сёння на гэтым хутары ніхто не зарэгістраваны, ніхто не жыве. Летам сюды прыязджае адзін чалавек з г. Ліды.
Хутар Лапаты. У сярэдзіне XIX  — пач. XX ст. – засценак. У 1952 г. у калгасе імя А.С. Пушкіна. Хутар заснавалі Лапаты. Гэта патранамічная назва. Ніхто не пражывае. Толькі летам у бацькоўскую хату прыязджаюць дзеці.
Вёска Махалы. Тут не было ўстаноў сферы абслугоўвання. Да цэнтральнай сядзібы калгаса —  5 км, да в. Жылі – 4 км. Вёска была электрафіцыравана, радыёфіцыравана, заасфальтавана. Насельніцтва карысталася прыродным газам. Людзі вёскі – добрыя гаспадары. Асаблівай увагай карысталіся сталяр і кузнец Віктар Антонавіч Грышко, кравец Стэфан Антонавіч Грышко.
З гісторыі вёскі. У 1861 годзе было 25 рэвізскіх душ (мужчынскага полу). Была ў складзе маёнтка Бердаўшчына, які належыў Э. Умястоўскаму. У 1905 годзе – 66 жыхароў, 146 дзесяцін зямлі. У 1909 годзе – 12 двароў, 64 жыхары. У 1921 г. – 12 двароў, 56 жыхароў.
З 12.10.1940 г. вёска належыла да Слясарскага с/с Іўеўскага раёна Баранавіцкай вобласці, пражывала 98 чалавек. У 1951 годзе арганізавалі калгас “Чырвоны сцяг”. З 1956 г. у калгасе імя Ф.Э. Дзяржынскага (цэнтр в. Кладнікі), затым у калгасе імя XXII партз’езда (1961 г.), затым у калгасе імя Леніна (цэнтр Сураж), затым “Ніва” (цэнтр Геранёны). У 1999 годзе было 9 гаспадарак, 14 жыхароў.

https://apanel.ivyenews.by/storage/news/news-images/7984/2025/2/16/Y3gFop_y8Zg.jpg
У.П. Мамчыс пасярэдзіне. першы старшыня калгаса «Вольнае жыццё»

Наступны аповед пра 5 вёсак, якія я б назвала “Знікаючыя вёскі”, бо ў іх пражывае па 1 чалавеку.
Антонаўскія Пасекі. Назва паходзіць ад імя Антон. У сярэдзіне XIX – пач. XX ст. – засценак у Суботніцкай вобласці Ашмянскага павета Віленскай губерніі. У 1905 годзе – уласнасць памешчыка Рулецкага. З верасня 1915 г. да канца снежня 1918 г. акупіраваны германскімі войскамі. З мая 1919 да ліпеня 1920 – войскамі Польшчы. З 1 студзеня 1919 г. у БССР, з 27 лютага 1919 – у складзе Літоўска-Беларускай ССР. З сакавіка 1921 у складзе Польшчы ў Суботніцкай гміне Валожынскага, а з 1926 г. – Лідскага паветаў Навагрудскага ваяводства.
З 1939 г. у складзе БССР з 26.06.1941 г. да 07.07.1944 – акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 20.09.1944 г. – з Маладзечненскай, з 08.01. 1954 г. – у Жылёўскім с/с.
У 1983 г. у калгасе імя XXII партз’езда, затым у гаспадарцы імя Леніна (1987 г.), “Ніва” (з 1992 г.), імя Баума (з 1995 г.).
Адлегласць ад райцэнтра – 32 км., да Геранён – 6 км. Устаноў сферы абслугоўвання не было. У 1987 годзе праведзена электрычнасць. Насельніцтва карысталася індывідуальнымі газавымі балонамі. У 2015 годзе ў Антонаўскіх Пасеках пражывала 7 жыхароў. На студзень 2025 года тут пражываве 1 жыхар (Мар’ян Кулдош).
Вёска Белевічы. Магчыма, назва паходзіць ад слова “беліца” – невялікае мохавае балота верхняга тыпу, або ад прозвішча Белевіч. Устаноў сферы абслугоўвання тут не было. Адлегласць ад цэнтральнай сядзібы калгаса Геранёны – 4 км. Вёска электрафіцыравана ў 1960 годзе. 27 жніўня 1952 года тут быў створаны калагас “Чырвоны Усход”. Першы старшыня калгаса – Антон Іосіфавіч Безуновіч.
Дакументы калгаса з 1953 па 1956 г.г. не захаваліся. За 1954 г. – знаходзяцца ў архіве г. Ліда. З 1956 г. – у архіве калгаса. У сярэдзіне XIX – пач. XX ст. – вёска і засценак у Седліцкай вобласці Ашмянскага павета Віленскай губерніі. У 1861 г. у вёсцы 10 рэвізскіх душ (мужчынскага полу). У складзе маёнтка Закрэўшчына, уласнасць памешчыка Янкоўскага. У 1999 г. пражывала 17 жыхароў. На пачатку 2025 года – 1 жыхар – Мар’яна Станіславаўна Панасевіч. І не зарэгістраваны два мужчыны з г. Ліды, якія тут пражываюць.
Вёска Бердаўшчына – пасяленне з літоўскай назвай. Berd – узвышша. З XVII ст. мела назву Падліпнішкі. З 1662 г. – уласнасць Бярдоўскіх, потым шляхціца Гарадзецкага, з 1784 г. – лідскага ротмістра Яна Пнэта, пазней Тамаша Умястоўскага і Э. Умястоўскага. Тут знаходзіўся сямейны архіў Умястоўскіх. Бердаўшчына мела млын. Дзейнічала рымска-каталіцкая капліца. Адрэстаўрыравана прадпрыемства “Гронема”.
У 1951 годзе створаны калгас імя М.І. Калініна, пражывала 55 жыхароў. На пачатку 2025 г. – адзін жыхар – Марыя Зыгмунтаўна Сазановіч (нар. у 1941 г.).
Вёска Петрыканы – назва пайшла ад імя Пётр або ад прозвішча. У сярэдзіне XIX – пач. XX ст. – аколіца* ў Седліцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерніі. Гісторыя Петрыкан такая ж, як і Антонаўскіх Пасек… 3 лістапада 1939 г. у БССР у Некрашанскім с/с Іўеўскага раёна Баранавіцкай вобласці. У 1952 г. арганізаваны калгас “Піянер”. З 1970 г. у калгасе імя Леніна (цэнтр сядзіба Сураж), з 21.08.2002 г. у СВК імя Баўма. У 2015 годзе ў вёсцы 4 гаспадаркі, 5 жыхароў. На пачатку 2025 года – 1 жыхар. І прапісана 1 сям’я з г. Ліды, якая пражывает тут летам.

*Аколіца — тып сельскага паселішча ў 2-й пал. 16 – пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, якая не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай.

Вёска Роцкішкі. Магчыма, што назва пайшла ад слова “Роща” – невялікі лісцёвы лес.
Упершыню ў друку Роцкішкі ўспамінаюцца з 1805 года, калі граф Якуб Умястоўскі купіў Жамыслаўль і пераехаў на пастаяннае жыхарства. У 10 вёрстах ад Жамыслаўля на лясных пасеках пачаў узводзіць фальварак. Потым гэтае паселішча перайшло да яго сына Людвіка, пазней — Казіміра. Пасля смерці Казіміра гаспадаркай займалася Юзэфа Умястоўская, якая вельмі любіла коней. У Роцкішках утрымліваліся коні. Пасля смерці Юзэфы Умястоўскай Роцкішкі перайшлі да яе сына Уладзіслава. Граф Уладзіслаў памёр у 1905 г., і ўладальніцай фальварка стала яго жонка Яніна Умястоўская. Перад першай сусветнай вайной графіня вымушана прадаваць свае землі. Уладальнікам Роцкішак стаў Мацей Ямант – віленскі адвакат.
У пачатку 40-х гадоў XX ст. на Іўеўшчыне пачаўся рух па стварэнні калгасаў. Першыя калгасы з’явіліся ў в. Морына, Залейкі, Вялікія і Малыя Князікоўцы і ў Роцкішках (на землях Мацея Яманта і памешчыка Шымона Мэйштовіча (Геранёны). Першым старшынёй калгаса “Вольнае жыццё” стаў Уладзімір Пятровіч Мамчыс – былы сыравар з маёнтка Мэйштовіча, родам з в. Дзяляцічы Навагрудскага раёна. З 1947 па 1951 г. – старшыня калгаса Нікандр Іванавіч Курыла (1900-1981), які быў родам з в. Сухары Скідзельскага раёна. З 1953 па 1957 г. – старшыня калгаса Дзмітрый Анісімавіч Захарэнкаў (1916-1992).
Адлегласць да райцэнтра – 30 км, да Геранён – 3 км. Устаноў сферы абслугоўвання не было. Электрычнасць праведзена. На 1.01.1997 г. у Роцкішках пражывала 2 чалавекі. На пачатку 2025 г. – зарэгістрыраваны 1 чалавек, грамадзянін Літвы.
Цікава, што ў 50-х гадах многія будынкі былі перанесены ў Геранёны. Так, былы клуб, цяпер уласнасць Гурскіх, жылы дом, дзе пражывае А. Дадычын.
Вёска Трышокі. Назва вёскі – ад літоўскага слова trakas – вырубка, паляна. У 1861 г. у складзе маёнтка Антанова, які належыў памешчыку Э. Умястоўскаму. У 1905 г. – аколіца і аднайменны засценак.
У 1950 г. 25 верасня на базе вёсак Трышокі і Антонаўскія Пасекі быў створаны калгас “Звязда”. Дакументы за 1953 г. знаходзяцца ў дзяржаўным архіве г. Ліда, з 1956 г. – у архіве КСУП “Баўма”.
З 1954 г. у калгасе “Стаханавец”, з 1961 г.  у калгасе імя XXII партз’езда. На 1 студзеня 1997 г. пражывала 14 чалавек, было 7 гаспадарак. У вёсцы Трышокі было многа народных умельцаў, якія пралі, ткалі, вышывалі, займаліся пляценнем. Гэта Міхаіл Іванавіч Усель, Соф’я Францаўна Мілюш, Ганна Францаўна Марцінкевіч, Ірэна Віктараўна Місевіч, Ірэна Зыгмунтаўна Шлемпа. На пачатку 2025 тут пражывае сям’я Казаковіч, якая прыязджае на лета, і дачнік Ляўковіч.

***
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі сказаў: “Мінулае з’яўляецца падмуркам дня сённяшняга…”.
А доктар гістарычных навук, прафесар археалогіі, наш зямляк Леанід Давыдавіч Побаль (1924-2004) даў нам наказ: “Мы павінны ведаць сваю гісторыю… Без гэтага любое грамадства не грамадства”.

Алена Смалянічэнка, аг. Геранёны.