Хатынь — сімвал няўціхлага смутку беларускага народа, трагічны напамін аб жахах, якія ўчынялі нацысты на нашай зямлі. Страшную яе долю падзялілі 9194 беларускія вёскі, больш за 5 тысяч былі знішчаны разам з жыхарамі. Сярод іх — 53 вёскі Іўеўскага раёна. Не памылюся, калі скажу, што першай ў гэтым спісе кожны назаве вёску Ятаўтавічы, некаторыя яшчэ ўзгадаюць вёскі Кавалёвы, Юраўскія, Матыкаўшчыну. А далей? А далей будзе цішыня. Назвы астатніх звыш 40 вёсак сталі вядомы параўнальна нядаўна. У 2013 годзе была створана электронная база дадзеных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», у якой змешчаны звесткі аб беларускіх вёсках, знішчаных поўнасцю і часткова з насельніцтвам і без жыхароў падчас нямецка-фашысцкай акупацыі.

У гэтым спісе ёсць і вёскі Іўеўшчыны. У 1941 годзе знішчана 1 вёска, у 1942-ім годзе – 2, у 1943-ім – 12, у 1944-ым – 32. На жаль, падрабязнай інфармацыі аб трагедыі кожнай вёскі-пакутніцы пакуль што няма. Але, нягледзячы на тое, што з тых жудасных падзей ужо мінула 80 год, час ад часу ўсё ж такі ўсплываюць ў памяці людзей успаміны бацькоў, дзядоў аб зверствах, якія чынілі акупанты на нашай зямлі. А хтосьці, даследуючы гісторыю сваёй Радзімы, яшчэ у той час, калі жылі сведкі тых страшных падзей, занатаваў успаміны выжыўшых. Так зрабіў і адзін з наведвальнікаў нашага музея , чалавек вельмі цікавы і неабыякавы да мінулага свайго народа – доктар навук, прафесар Вадзім Сідаровіч.
Вёска Навусць Бакштаўскага сельсавета — трэцяя ў спісе вёсак Іўеўскага раёна, знішчаных падчас акупацыі нашай краіны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Да Вялікай Айчыннай вайны паселішча Навусць складалася з Навусці-вёскі і Зарэчча. Апошняя была расцягнута амаль на два кіламетры ланцужком хутароў, якія ў той час мелі тры асноўныя назвы: Волка, Козе Пенна і Валяватка. У Навусці-вёсцы налічвалася 7 двароў, у Зарэччы — 8-10 двароў. Звычайнае і прывычнае жыццё навусцян змянілася ў адзін дзень.
З кожным днём акупацыі жыхарам ўсё цяжэй і цяжэй станавілася дабываць прадукты харчавання. Кожны тыдзень у вёсцы з’яўляўся прызначаны немцамі чалавек з в. Дарагунь і збіраў прадукты, згодна даведзеным кожнай сям’і нормам. Людзі аддавалі апошняе, бо ведалі, што бывае за непадпарадкаванне. А самі з малымі дзецьмі галадалі. Вельмі складана было перажыць зіму. Часам было і такое, што елі толькі адзін раз на дзень. Немцы часта наведваліся ў вёску. У ліпені 1942 года за сувязь з партызанамі расстралялі Мечыслава Жданкевіча. Калі Мечыслава выводзілі з хаты, то яго маці Паланэя бегла за сынам усю дарогу. Дзесьці ў кіламетры ад хаты фашысты выпусцілі па жанчыне чаргу з аўтамата. Пад канец жніўня немцы загадалі жыхарам Навусці нікуды не адыходзіць ад сваіх хат, падворка. Хадзілі чуткі аб шэрагу забойстваў мірных жыхароў пушчанскіх вёсак.
6 верасня 1942 года ў вёску Навусць прыбылі нямецкія карнікі. Усім жыхарам было загадана хутка сабрацца і коньмі ехаць ў Паўдарожжа (вёска былога Івянецкага раёна, цяпер Валожынскага). На зборы было адведзена 15 хвілін. За такі кароткі час некаторыя не змаглі нават сабраць дзяцей, якія схаваліся ад чужынцаў. Усіх, хто не паслухаўся таго загаду, або з чымсьці не пагаджаўся, забівалі на месцы. Так у навусцянскім Зарэччы была расстраляна сям’я Жыльневічаў з пяці асоб, на сваім падворку ў Навусці-вёсцы быў забіты Хведар Юшкевіч.


Месца, дзе стаяла хата Валер’яна і Зоф’і Жыльневічаў
Дамы і ўсе гаспадарчыя пабудовы былі падпалены. Усіх, каго даставілі ў Паўдарожжа, сагналі ў вялікае гумно. Да іх прыгналі яшчэ жыхароў з вёсак Новы Двор, Яськава (Івянецкі р-н, цяпер Стаўбцоўскі) і з саміх Паўдарожцаў. Усіх разам сабралася каля 100 чалавек. У тым полымі загінулі і навусцянскія сем’і: дзве сям’і Юшкевічаў, сем’і Зыгаровічаў, Рыбіцкіх, Дубіцкіх, Базыля і Ганны Віршычаў, Фрэдэрыка Шыбут з трыма дзецьмі: Базылём, Палінай, Тадэвушам. Старэйшы сын Фрэдэрыкі, дзявятнаццацігадовы Караль, выратаваўся.

Фрэдэрыка Шыбут

Базыль Шыбут

Караль Шыбут
Якраз тады, калі навусцянцаў выганялі з хат, ён пасвіў кароў. Пачуўшы крык і плач, прыбег да вёскі. Ён бачыў, як нямецкія карнікі палілі будынкі, як гарэў яго дом, як застрэлілі Хведара Юшкевіча, як у адчаі мітусіліся навусцянцы, бачыў немцаў з сабакамі, разумеў, што збеглых жыхароў вёскі будуць шукаць. Моцна ўражаны, ён кінуўся ў гушчар пушчы. Чуў стрэлы, енк і плач людзей, галашэнне жанчын, брэх сабак.

Трафім і Уладзімір Шыбуты, Тарас Юшкевіч
Удалося выратавацца і некаторым іншым. Так, яшчэ ўлетку Уладзімір Шыбут разам з сям’ёй пакінуў сваю хату ў Навусці і знайшоў схованку ў пушчанскіх нетрах, дзе выкапаў некалькі зямлянак для сябе і сям’і загінуўшага брата. Заставацца дома было небяспечна.

Уладзімір Комса, выжыўшы партызан
Частымі гасцямі ў вёсцы былі і партызаны. Людзі як маглі, падтрымлівалі іх. Уладзімір разумеў, што немцы хутка даведаюцца аб гэтым і не даруюць такога жыхарам вёскі. Аднак жонка брата Фрэдырыка з трыма дзецьмі адмовілася пакідаць сваю хату ў Навусці. І нават за гадзіну да спалення яе хаты (а вёска ўжо гарэла) не паддалася на ўгаворы Уладзіміра, які, рызыкуючы сваім жыццём, упрошваў жанчыну хутчэй пакінуць дом. Фрэдэрыка стаяла на сваім: яе з малымі дзецьмі наўрад ці будуць чапаць. Тады Уладзімір, раззлаваўшыся на яе ўпартасць, сышоў. Да апошніх дзён свайго жыцця ён вельмі шкадаваў, што сілком не выцягнуў жанчыну з хаты, ці хаця бы не забраў у яе дзяцей.
Акрамя Уладзіміра Шыбута ў Налібоцкай пушчы хаваліся ў зямлянках і яшчэ некалькі навусцянскіх сям’яў. Але не ўсім ім пашчасціла выжыць.
Пасля таго, як карнікі падпалілі вёску, яны ўчынілі аблаву на збеглых. Шчыльным ланцужком прашлі яны ўздоўж рэчкі, па лясным масіве. Некаторыя схованкі былі знойдзены. Але яны былі не навусцянскімі. У пушчы шукалі паратунку і жыхары іншых вёсак, а таксама яўрэі, якім удалося збегчы з гета.
Людзей, якія выжылі падчас гэтай аблавы, уперадзе чакала не менш цяжкае жыццё: не хапала прадуктаў харчавання, людзі галадалі, хварэлі, паміралі, трэба было пастаянна абараняцца ад ваўкоў.
Падчас карнай акцыі ў Навусці, амаль што ўсе хаты і гумны былі спаленыя. Уцалеў двор Лойкаў, што хаваўся на невялічкай выспе на ўскрайку даліны Волькі, і маленькая хатка Матроны Шыбут, што досыць незаўважна размяшчалася на заросшым дрэвамі грудку ў зарачанскай Валяватцы. Захавалася і некалькі гаспадарчых забудоў. Усё гэта давала нейкі прытулак уратаваўшымся пагарэльцам. Але і гэта было знішчана ў другую карную аперацыю нямецкіх акупантаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў ліпені-жніўні 1943 года. Тады ж загінулі і некаторыя навусцянскія жыхары, што ўцалелі пасля першай блакады. Гэта сям’я Лойкаў і Матрона Шыбут.

Матрона Шыбут мела фельчарскую адукацыю і вельмі добрае сэрца. Да яе позняй восенню 1942 года, ужо пасля знішчэння вёскі, прыйшлі два яўрэйскія хлопчыкі, якія прасілі паратунку і прытулку. Жанчына прыняла іх. Крыху пазней узяла да сябе яшчэ двух хлопчыкаў, бацька якіх быў у партызанах. Хтосьці данёс немцам. У жніўні 1943 года Матрону з двума хлопчыкамі вывелі на зарэчныя Навусцянскія груды. Старэнькай жанчыне загадалі выкапаць магілу. Матрону застрэлілі, а дзяцей фашысты забілі насмерць кіямі. Двое іншых хлопчыкаў (невядома толькі якіх) неяк уцяклі , і лёс іх невядомы.

Месца, дзе жыла Матрона Шыбут
Але, нягледзячы на ўсё гэта, некаторым навусцянцам усё ж такі ўдалося выжыць. Хтосьці хаваўся ў зямлянках, а хтосьці ваяваў у партызанскіх атрадах. Пасля вайны яны засялялі тое спаленае навусцянскае месца. Хаты сталі адбудоўвацца ўжо ў 1944 годзе, як беларуская зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 1960-х гадах Навусць, як і ў даваенны час, складалася з Навусць-вёскі і Зарэчча. А Зарэчча ў сваю чаргу складалася з хутароў. Усё як і раней. Вёска адрадзілася. Толькі вярнуліся сюды нямногія, адзінкам пашчасціла застацца жывымі. Нам немагчыма, нават, уявіць, як цяжка было ім будавацца на тым месцы, дзе адбываліся такія жудасныя падзеі. Глядзець на попелішча некалі прыгожай і такой роднай вёскі, якая кожным ранкам прачыналася пад спеў пеўняў і рыканне кароў , а засынала пад ціхія песні дзяўчат і хлопцаў.
Сёння жалобны звон Хатыні болем адгукаецца ў сэрцах жыхароў Іўеўшчыны, нагадваючы аб трагедыі як усёй нашай краіны, так і нашага раёна. Мы смуткуем па загінуўшых у полымі дзецях, юнаках і дзяўчатах, жанчынах, састарэлых людзях. Мы памятаем аб гэтай трагедыі і сёння. Вельмі важна не дапускаць яе забыцця, разам процідзейнічаць скажэнню нашай гісторыі, спробам апраўдаць забойцаў.Толькі так мы зможам абараніць цяперашняе і будучыя пакаленні ад паўтарэння такіх злачынстваў, захаваць мір і спакой на нашай зямлі.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Марына Пазняк.
Фотаздымкі выкарыстаны зnalibokiforest.info,аўтар Вадзім Сідаровіч.






