Экономика

Стыль жыцця з апорай на якасць

Гэты год аб’яўлены ў нашай краіне Годам якасці. У сучасным даволі хуткасна-імклівым жыцці мы не паспяваем падчас  нават задумацца, што паняцце “якасць” – глыбокае, шматграннае. Несумненна,  гэты год яшчэ раз пераканаўча падкрэсліць, што ёсць шматлікія магчымасці ў кожнага прадпрыемства актыўна і скрупулёзна развівацца ў інавацыйнай сферы. Бо ХХІ стагоддзю патрэбны канкурэнтаздольныя прадукты, тавары, праграмы, вынаходніцтвы і г.д. 

Зразумела, што знак якасці заўтра будзе прысвойвацца найперш харчовым таварам, таварам народнага спажывання, прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння. І каб атрымаць айчынны знак якасці, прадпрыемствы Беларусі павінны і надалей не проста выпускаць якасную, адпаведную лепшым аналагам прадукцыю, але і валодаць бяспечным, экалагічным, інавацыйным, тэхналагічным і эстэтычным патэнцыялам, звышсучаснай  вытворчасцю. 

Што тычыцца прысуджэння новай узнагароды, то  можна з упэўненасцю сказаць, што за яе прыйдзецца сур’ёзна пазмагацца. Статус для Дзяржаўнага знака якасці абяцаюць ужо сёння самы высокі, атрымаць яго будзе цяжка, але вельмі прэстыжна. У ліку намінантаў  могуць быць як буйныя прадпрыемствы з багатай гісторыяй, так і маладыя, з новай прадукцыяй.

Год якасці можа стаць сап-раўдным залогам поспеху сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Зразумела, што кожны  з нас адначасова з’яўляецца не толькі спажыўцом, але і стваральнікам якасці. Ад таго, наколькі якасным будзе наша ўсеагульнае і прыватнае  стаўленне да працы, да таго, што і як мы будзем ажыццяўляць на сваім працоўным месцы, залежыць канкурэнтаздольнасць айчынных  тавараў, паслуг, а значыць – узровень дабрабыту краіны ў цэлым і кожнага  з нас. 

Мы прыйшлі да такой сітуацыі, калі трэба падымацца на прыступкі ўсё вышэй і  вышэй. Нас  ціснуць з усіх бакоў, лягчэй не будзе, гэта аб’ектыўна. Нам ні ў якім разе нельга  спыняцца: калі спынімся, пачнецца  тармажэнне, як у нашай гісторыі  ўжо было.  Падкрэслю,  што якасць  — найважнейшы прыярытэт у палітыцы нашай краіны.Дасягненне высокай якасці беларускай прадукцыі — вызначальны фактар паспяховага прасоўвання айчынных тавараў на знешніх рынках, а значыць – умацаванне нацыянальнай эканомікі, нацыянальнай бяспекі. 

Мяне як грамадзяніна Беларусі радуе, што пастаянна расце экспарт беларускіх тавараў і паслуг, павялічваецца  пазнавальнасць нашага нацыянальнага брэнда “зроблена ў Беларусі”, які прадстаўлены  больш чым у 160 краінах. Пастаянна расце і геаграфія нашых  паставак. 

Пра многае кажуць і лічбы статыстыкі. Пра якасць жыцця ў Беларусі сведчыць, напрыклад, і тая колькасць турыстаў, што наведваюць нашу сінявокую старонку: летась у нас пабывалі  звыш 1,6 млн чалавек са 173 краін.

Запатрабаваныя сярод замежнікаў не толькі славутасці нашай Бацькаўшчыны: да нас едуць лячыцца (у 2023 годзе 123 тысячам грамадзян са 149 краін аказаны медыцынскія паслугі). Да нас едуць вучыцца (25 тыс. студэнтаў з больш чым 100 краін  атрымліваюць у нас  адукацыю). 

Якасць працы, строгае захаванне тэхналагічнай дысцыпліны з’яўляюцца найпершаснымі ўмовамі павышэння нашага дабрабыту. Прычым дзяліцца дасягненнямі айчыннай эканомікі  мы гатовы з усімі, хто бачыць у Беларусі партнёра. Мы павінны фарміраваць пачуццё асабістай адказнасці за вынік працы. Кожны павінен разумець простую ісціну — добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў з’яўляецца ключавой умовай дасягнення агульнага поспеху, павышэння матывацыі працы. 

Тут дарэчы мы можам  выкарыстоўваць і савецкую спадчыну і вопыт (спаборніцтвы, рацыяналізатарства, настаўніцтва, меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання і інш.). 

Мы павінны падтрымліваць здаровы і спрыяльны маральна-псіхалагічны клімат ў працоўных калектывах, без якога немагчыма фарміраванне дачынення да вынікаў агульнай працы. 

Кожны з нас павінен ўсведамляць, што дабрабыт краіны, ад якога залежыць і асабістая задаволенасць якасцю жыцця, перш за ўсё забяспечваецца эфектыўнасцю вучобы, працы, службы кожнага з нас.

І не забывайце: рэклама можа прымусіць купіць няякасны тавар, аднак толькі адзін раз. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Канстанцін КАРНЯЛЮК.