Экономика

Не маўчы па-беларуску. Тыдзень роднай мовы прайшоў у Бобравіцкай СШ

У свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Сярод гэтага мноства ёсць адна асаблівая – родная, беларуская мова. Яна чаруе, вабіць сваёй прыгажосцю, мілагучнасцю і непаўторнасцю. 

Тыдзень роднай мовы, які прайшоў з 19 па 24 лютага ў дзяржаўнай установе адукацыі “Бобравіцкая сярэдняя школа Іўеўскага раёна”, быў змястоўны, цікавы і насычаны. Кожны дзень праводзіліся ў школе разнастайныя мерапрыемствы, конкурсы, акцыі, прысвечаныя роднаму слову. Прынялі ўдзел у іх не толькі навучэнцы, але і самыя маленькія – выхаванцы дзіцячага сада, а таксама педагогі.

Юныя філолагі 5-6 класаў паказалі свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці ў час правядзення гульні-віктарыны “Не маўчы па-беларуску”. За перамогу змагаліся дзве каманды  – “Радзімічы” і “Дрыгавічы”. Прапанаваныя заданні дапамаглі падтрымаць цікавасць да роднай мовы, спрыялі выхаванню пачуцця калектывізму і ўзаемападтрымкі. Адпаведнае музычнае суправаджэнне стварыла душэўную атмасферу і сапраўды святочны настрой.

Дакрануцца да паэтычных вытокаў роднай мовы і выявіць таленавітых навучэнцаў дапамагла акцыя  “Чытаем класіка разам”, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова.

 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, навучэнцы,  педагагічныя работнікі  і ўсе зацікаўленыя мелі магчымасць прыняць удзел у Гродзенскім абласным дыктанце. Многія ў гэты дзень адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у конкурсе паштовак да Дня роднай мовы. І гэта быў сапраўдны камплімент роднай мове!  А для вучняў старэйшых класаў была праведзена інфармацыйная гадзіна “Міжнародны дзень роднай мовы”, дзе дзеці больш даведаліся аб гісторыі свята, пазнаёміліся з трапнымі, каларытнымі беларускімі словамі, убачылі ўнікальнасць роднай мовы і абмеркавалі стан сучаснай беларускай мовы.

У адзін з дней навучэнцы былі запрошаны да ўдзелу ў конкурсе творчых работ “За што я люблю родную зямлю”, падчас якога  прадэманстравалі веданне  народных традыцый, гістарычнай і культурнай спадчыны роднага краю, адлюстравалі дасягненні беларусаў, праявілі творчы падыход.

Лінгвістычны турнір “Таямніцы роднай мовы”, праведзены для навучэнцаў 9-10 класаў,  садзейнічаў развіццю пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей, лагічнага мыслення, кемлівасці, выхаванню патрыятызму, павагі да мінулага, да роднага слова.  А 7-8 класы прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Знаўцы роднай мовы”, падчас якой спасцігалі скарбы беларускай мовы, разгадвалі загадкі і рэбусы, шарады і метаграмы.

Таксама нашы вучні далучыліся да чэленджа “Мова краіны маёй”.

У гэтыя дні мы яшчэ раз упэўніліся,  наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная, чароўная і непаўторная  наша мова. Жыві і квітней, роднае слова!

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Н. Станкевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Бобравіцкай сярэдняй школы.