Экономика

З родным словам мы сябруем. Чым цікавым займаліся маленькія вучні падчас тыдня беларускай мовы і літаратуры?

Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легенд, паданняў. 3 роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, выпраўляючыся ў далёкія вандраванні. Мова – душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. I сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову, размаўляць на ёй, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

Добрай традыцыяй у Іўеўскай пачатковай школе стала правядзенне прадметных тыдняў. У гэтым годзе з 19 па 24 лютага пад дэвізам “Размаўляй па-беларуску” праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У рамках тыдня былі праведзены мерапрыемствы, якія садзейнічалі развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей, пашырэнню кругагляду навучэнцаў, выхаванню любові і павагі да роднага слова. Разнастайнасць праграмы дазволіла кожнаму вучню знайсці занятак па душы.

У панядзелак адбылося ўрачыстае адкрыцце тыдня. Для стварэння эмацыянальнага настрою з раніцы ў фае ўстановы адукацыі гучалі беларускія песні, а настаўнікаў, вучняў і бацькоў сустракалі ў нацыянальных касцюмах дзяўчынка і хлопчык, якія віталіся па-беларуску, жадалі добрага настрою і запрашалі паўдзельнічаць у акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. 

У гэты ж дзень стартавала дыстанцыйная алімпіяда па беларускай мове для вучняў 1-4 класаў, адбылася тэматычная інфармацыйныя гадзіна “Славутыя сыны сваей краіны!”. 

На працягу тыдня вучні наведалі экскурсію, прысвечаную беларускім песнярам-юбілярам А.Дзеружынскаму і А.Вольскаму, у Іўеўскай раеннай бібліятэцы, выставу “Жыццевы і творчы шлях А.Куляшова” да 110-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ў школьнай бібліятэцы. 

У Міжнародны дзень роднай мовы калектыў установы адукацыі далучыўся да напісання Гродзенскага абласнога дыктанта, прысвечанага, 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вучні 3-4 класаў прынялі ўдзел у анлайн-віктарыне “Слова роднае, жывое, трапяткое”. Віктарына “Сцяжынкамі роднай мовы”, вусны часопіс “Жывая родная мова”, буккросінг “Сэрцам роднага слова краніся” спрыялі фарміраванню грамадзянскай пазіцыі вучняў, выхаванню павагі да беларускай культуры, садзейнічалі папулярызацыі роднай мовы.

З асаблівай цеплыней і ўдзячнасцю малодшыя школьнікі выказвалі любоў да роднай мовы праз віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове”, конкурс малюнкаў “Вобразы мілыя роднага краю” і музычную скарбонку “Беларусь – мая песня”.

Цікавымі і запамінальнымі сталі вернісаж “Героі беларускіх казак вачыма дзяцей”, забава “Падарожжа па краіне беларускіх казак”, драматызацыя беларускай народнай казкі “Коцік, пеўнік і лісіца”, удзел у каторых паказаў веданне дзецьмі не толькі фальклорных, але і літаратурных казак. Маленькіх беларусаў уразіла квэст-гульня “Фальклор, фальклор – душа народа”.

У школьным музеі “Скарбы бацькаўшчыны” ярка, эмацыянальна і пазнавальна прайшоў музейны занятак “Ад печы да парога” для вучняў 4 класаў, экскурс-падарожжа ў сялянскую хату – для выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага сада. Экскурсію “З гісторыі музейных прадметаў” у музеі “Спадчына” Іўеўскай сярэдняй школы наведалі вучні 4 “Б” класа. Дзеці даведаліся шмат новага з побыту беларускага селяніна, пра вырабы з саломы і лену, глінянага посуду, гулялі ў беларускія гульні, спявалі прыпеўкі, расказвалі вершы на беларускай мове.

Актыўны ўдзел прынялі вучні 2-4 класаў ў рэспубліканскім конкурсе па беларускай мове і літаратуры “Буслік-2024”. 

Узняў настрой у заключны дзень фэйс-арт “Нацыянальныя ўзоры”. Паспрабаваць свае веды вучні змаглі ў віктарыне знаўцаў беларускай мовы “Беларуская скарбонка”, інтарактыўнай гульні “Гаворым па-беларуску”.

Святочнаму аздабленню і стварэнню эмацыянальнага настрою на працягу ўсяго тыдня садзейнічалі вершы беларускіх паэтаў, беларускія народныя песні, танцы.

Хочацца адзначыць, што пад час мерапрыемстваў дзеці зразумелі, што абавязак кожнага – шанаваць родную мову, размаўляць на ёй, садзейнічаць яе развіццю і росквіту!

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Марыя Завадская, настаўнiк пачатковых класаў Iўеўскай пачатковай школы.