Экономика

Роднаму слову прызнанне ў каханні. Тыдзень беларускай мовы прайшоў ў Юрацішкаўскай СШ

Кожны год у дзяржаўнай установе адукацыі “Юрацішкаўская сярэдняя школа Іўеўскага раёна” праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Кожны дзень мае сваю адметную назву…“Роднаму слову прызнанне ў каханні”, “Хараство роднага слова”, “Свята роднай мовы”, “Нам засталася спадчына”, “Гонар і слава герояў”…Такая мілагучная і незвычайная вандроўка. Штодня вучні маюць магчымасць выказаць словы ўдзячнасці і любві да роднай мовы, выконваць цікавыя і пазнавальныя заданні. 

Адзін з самых адметных дзён быў 21 лютага — Дзень роднай мовы. Ушанаванне Дня роднай мовы ў дзяржаўнай установе адукацыі “Юрацішкаўская сярэдняя школа Іўеўскага раёна” стала добрай традыцыяй. Як заўжды, ён быў насычаны рознымі цікавымі мерапрыемствамі і сюрпрызамі. У гэты дзень і настаўнікі, і вучні стараліся размаўляць на перапынках толькі на роднай мове.

Каб павысіць матывацыю да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, культурнай і гістарычнай спадчыны нашай краіны правялі акцыі “Ад вітання да развітання”, “Жывая крыніца”.Пранікнёныя словы пра мову сказалі не толькі педагогі, навучэнцы, але і бацькі. 

Малодшыя школьнікі з захапленнем чыталі вершы пра лёс роднай мовы і яе невычэрпнае багацце. Гульня-конкурс “Гучы, роднае слова!” дапамагла вучням 4 класа паглыбіць веды вучняў і ўзбагаціць слоўнікавы запас .

Старшакласнікі і настаўнікі ўстановы адукацыі пісалі Гродзенскі абласны дыктант. У бягучым годзе ён быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  

Лепшыя знаўцы роднай мовы з 6-9 класаў сустрэліся на моўным турніры“Слова роднае, жывое, трапяткое”. Моўны турнір складаўся з некалькіх выпрабаванняў. Спачатку каманды віталіся, перакладаючы сказы ветлівасці з рускай мовы на беларускую. Вучням неабходна было патлумачыць значэнне рэдкаўжывальных слоў: фатэль, рондаль, асадка, цыдулка і інш. Весела прайшоў конкурс, падчас якога  капітан каманды апісваў прадмет, не называючы яго, а каманда павінна была здагадацца і назваць гэта прадмет. Вучні чыталі любімыя вершы на памяць, успаміналі выказванні пра родную мову нашых знакамітых паэтаў і пісьменнікаў. Пераможцы атрымалі прыемныя прызы – сертыфікаты на атрыманне 10 па беларускай мове і літаратуры. 

Вучні 3 “Б” класа запрасілі на кірмаш “Беларуская скарбонка”.Вучні з захапленнем складалі прыказкі, адгадвалі загадкі, перакладалі словы на беларускую мову. Трэцякласнікі не толькі даведаліся аб старажытных прыладах працы нашых продкаў, але і змаглі да іх дакрануцца падчас выставы “Рэчы беларусаў”.

Не засталіся без увагі і самыя маленькія навучэнцы нашай установы адукацыі – выхаванцы дашкольных груп. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі ладзілі для сваіх выхаванцаў вандроўку па беларускіх народных казках, знаёмілі з рамяством беларусаў, вучылі размаўляць па-беларуску. 6

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў на добрым узроўні, паказаў, што вучні нашай школы цікавяцца фальклорам, нацыянальнай спадчынай, беларускай мовай, літаратурай.

Для кожнага з навучэнцаў знайшлося нешта сваё. Хтосьці атрымаў прыемную асалоду ад таго, што слухаў цікавыя казкі. Нехтазмог паглыбіць свае веды. Многія яшчэ доўга будуць задаволены,што змагліпраявіцьсваю кемлівасць і знаходлівасць. У кожнага сваё… А напрыканцы хочацца ўспомніць наказ Францыска Скарыны: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў”.

Алена Марцінчык, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Юрацішкаўскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.