У суботу трое сяброў — Мікола, Міхась і Кастусь — вырашылі адпачыць на Браслаўскіх азёрах. Было ў іх там улюблёнае месца.

Дарога шпарка бегла пад коламі машыны… Калі пад’ехалі, то на лёдзе ўжо сядзелі дзясяткі са два такіх жа аматараў рыбнай лоўлі. Сябрукі хуценька выкруцілі лункі, закінулі вудачкі і стаілі дыханне.
Калі ўдача любіць рыбака, то доўга чакаць не даводзіцца. Мікола першым выкінуў на лёд трапяткога карасіка, цмокнуў яго ў нос (так калісьці вучыў бацька). Гэта, як заўсёды, спрацавала. Праз гадзіну каля ног сяброў ляжала з дзясятак рыб даўжынёй з добрую далонь.
Раптам Міхась замёр, напружыўся і рэзка тузануў вудачку. Ды дзе там! Вялізная галава рыбіны не змяшчалася ў лунцы: быў бачны толькі разяўлены рот. Сазан прыціх на кручку, нібы чакаў прысуду.
З усіх сваіх сіл, аж дрыжалі рукі, Міхась стараўся ўтрымаць вудачку. Ляска напружылася, бы струна… Мікола з Кастусём тапталіся побач, хацелі дапамагчы сябру. Аднак як?
Неўзабаве Кастусь куляй паляцеў да машыны. Успомніў, што ў багажніку ляжыць пнеўматычная стрэльба. Гэта ж выйсце! Трэба пацэліць у рыбіну, а пасля расшырыць лунку і выцягнуць улоў.
Метраў трыста туды, потым — назад. Ад хвалявання ды хуткага бегу трэсліся і рукі, і ногі. Крыху пачакаўшы, Кастусь перавёў дух, добра прыцэліўся і…
Спачатку ніхто не зразумеў што здарылася. Ціхі воплеск і — над лункай узняўся высокі фантан. Дзе ж сазан? Махнуў хвастом на развітанне і толькі яго бачылі.
— Што гэта было? — сіплым голасам прагаварыў Міхась. На яго твары адбіўся непадробны адчай. — Эх ты… Стралок называецца. У разяўленую зяпу пацэліць не мог, а ляску — перабіў…
Аднак сварыцца сябры не сталі, бо ў іх за плячыма аж клаліся ад смеху рыбакі, якія назіралі за гэтай сцэнай…
У хуткім часе падышоў касяк рыбы: толькі паспявай чапляць прыманку. Клявала як ніколі.
— Мабыць, той сазан пахваліўся, як ганарова і з якім «салютам» яго тут сустракалі. Вось і іншым стала цікава, — жартавалі сябры, дастаючы рыбіну за рыбінай.
І сапраўды, ні да таго, ні пасля такой рыбалкі не здаралася. Той жа выпадак яны ўспаміналі са смехам і ўсё ж са шкадаваннем. Сазан смяяўся апошнм…






