Экономика

“Завушніцы” і “Магнітафон”. Нявыдуманыя гісторыі Алены Смалянічэнка

Завушніцы

Быў такі час, што вучаніцу за завушніцы выганялі з класа. Нягледзячы на школьныя забароны, некаторыя бацькі праколвалі вушы дачушкам яшчэ ў дзіцячым садку. Перад урокамі школьніцы здымалі завушніцы і хавалі іх у кішэні ці партфелі, а потым зноў надзявалі. Першыя завушніцы купляліся абавязкова залатыя, каб вушы хутчэй гаіліся.

Раніцай у кабінет педагога-арганізатара зайшла старшакласніца Марына. 

— Добры дзень, Алена Іванаўна! Учора я пакінула на стале залатыя завушніцы. Аддайце іх мне.

— Але я не бачыла іх. Нават прыбіральшчыца не заходзіла ў пакой, бо мы вельмі позна разышліся. Давай пашукаем разам. Можа, яны ўпалі на падлогу.

Пошукі не далі станоўчага выніку. Завушніцы прапалі, быццам карова языком злізала. Прыйшла сяброўка Марынінай маці, якая працавала на кухні. Доўга шукала прапажу. Складвалася такое ўражанне, што іх мог забраць той, хто апошні выходзіў з кабінета.

Алена Іванаўна расказала ў настаўніцкай аб гэтай прапажы. Не знаходзіла сабе месца пасля слоў школьнай паварыхі:

— Не маглі яны самі з пакоя знікнуць, хтосьці іх прысвоіў.

Прайшло два дні. Алена Іванаўна хадзіла сама не свая. Раптам на адным з перапынкаў яна заўважыла Марыну, у вушах якой паблісквалі залатыя завушніцы.

— Марына, адкуль з’явілася прапажа?

— Знайшлася. – працадзіла праз зубы старшакласніца.

Алена Іванаўна не стрымалася:

— Белая ты варона! Не памятаеш, дзе губляеш дарагія рэчы. Хоць бы сказала мне, што прапажа знайшлася, каб я не хвалявалася. Ніхто са школьніц не праколвае вушы, а ты і тут хочаш вылучыцца!

Вечарам Марына паскардзілася маці, што яе абазвалі белай варонай. Маці прыйшла на работу і папрасіла загадчыцу дзіцячага садка (там яна працавала на кухні), каб тая дапамагла напісаць скаргу. Хутка скарга лягла на стол дырэктара школы. Сабралі партыйны сход. І калегі сталі гаварыць аб непедагагічных  паводзінах Алены Іванаўны. Прапаноўвалі:

— Ідзіце да Марыны ў сям’ю і прасіце прабачэння.

— Няхай яна ў мяне прабачэння просіць за паклёп. Страціла недзе залатую рэч, а прыйшла шукаць у мой кабінет. Мо яна хацела, каб я ёй адкупіла тое, што не брала.

Партыйны сход аб’явіў Алене Іванаўне вымову, аб гэтым быў напісаны пратакол.

— Дзякуй Богу, што знайшліся завушніцы, — думала яна, — вымову я неяк перажыву, а то ўсе думалі б, што я іх прысвоіла. Хто ж і дзе знайшоў золата?

Класны кіраўнік 5 класа расказала, што завушніцы на калідоры знайшоў Віця. Ён займаўся ў спартыўнай секцыі і апошні выходзіў са школы. Знаходку занёс дадому. Яго маці параіла аддаць дарагую рэч класнаму кіраўніку, які знойдзе таго, хто шукае прапажу.

— Дзякуй табе, Віця, за тваю ўважлівасць, сумленнасць. Ты выратаваў мяне ад страшнага паклёпу! – ужо на працягу 20 год думае былая настаўніца, сустракаючы Віцю на вуліцы.

 

Магнітафон

Гэтая гісторыя адбылася ў тыя гады, калі не кожны мог набыць магнітафон, бо каштаваў ён вельмі дорага.

Мішка, вучань 5 класа, марыў пра магнітафон даўно, але бацькі зараблялі мала, у сям’і было чацвёра дзяцей, і мара не магла ажыццявіцца. Ён часта заходзіў у прамтаварны магазін сваёй вёскі. Калі – нікалі купляў сшытак ці ручку і паглядаў на чорненькае цуда тэхнікі, якое стаяла на верхнім стэлажы.

І вось да чаго ён дадумаўся. Перад абедам у магазіне было многа пакупнікоў. Міша схаваўся за дзверы, якія вялі ў гандлёвую залу, стаіўся. Хутка прадаўцы закрылі толькі ўваходныя дзверы і пайшлі на абед, а маленькі злодзей застаўся ў магазіне. Ён пахадзіў па зале, забраў з палічкі магнітафон і зноў стаў за дзверы.

Пасля абеду людзі запоўнілі магазін: якраз быў завоз новых тавараў. І Міша, нікім не заўважаны, выйшаў са сваёй  схованкі і апынуўся на вуліцы.

Калі пакупнікоў крыху зменшала, загадчыца магазіна запытала ў сваёй напарніцы:

— Люда, а калі ты паспела прадаць магнітафон? Неяк я не заўважыла.

— Я не прадавала яго.

— А дзе ж ён дзеўся? Глядзі, няма на стэлажы.

— Не ведаю. Палтэргейст нейкі. Рэчы самі па сабе прападаюць. І я добра памятаю, што да абеду магнітафон стаяў на месцы.

У вялікім здзіўленні жанчыны сталі думаць, дзе падзеўся магнітафон. Адгадка не прыходзіла ў галаву.

Пасля працоўнага дня загадчыца магазіна Марына Пятроўна ішла дадому засмучаная. Такое ў яе практыцы адбылося ўпершыню.

— Вядома, грошы я ўнясу ў касу, але як ён мог прапасці, калі мы ні разу не пакідалі гандлёвую залу ўдзвюх? – думала жанчына.

Затрымалася ля пад’езда і расказала суседцы пра цуда, якое сёння адбылося ў магазіне. Суседка выслухала гісторыю і кажа:

— Вунь, глянь, як дзеці абступілі Мішку з трэцяга пад’езда. Ён нешта ім паказвае. А ці не твой гэта магнітафон?

Міліцыю не вызывалі. Бацькі Мішкі заплацілі за тавар. Прайшлі гады. Мішка вырас. Неяк закончыў школу. Прафесіі не набыў. У арміі не служыў, бо некалькі раз быў асуджаны за крадзёж. А калі краў у суседзяў, то тыя таксама не вызывалі міліцыю, а ўшчувалі яго і скардзіліся бацькам.

Жыхары дома, дзе жыў Мішка, гаварылі: “Гэта ў яго хвароба, якая перадалася ад маці. Тая крала – і сын пайшоў па гэтай дарожцы”. 

Так усё пачынаецца з дзяцінства: і добрае, і дрэннае.

 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алена Смалянічэнка.