Главное

У новы навучальны год — з новымі сіламі

«Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца» — абвяшчае вядомая ленінская фраза. Пры вялікім жаданні гэта можна рабіць у любы час і ў любым месце. Школьнікі і студэнты зараз у самым разгары навучальнага года: адны вучаць урокі, другія рыхтуюцца да экзаменаў. І, несумненна, чакаюць навагодніх канікул. А вось ваеннаслужачым пра гэта думаць няма часу, бо іх навучальны 2017/2018 год толькі пачаўся, калі дакладней — 1-га снежня.

Асабовы састаў Узброеных Сіл Беларусі сустракае яго з настроем на паспяховае вырашэнне новых задач баявой падрыхтоўкі. Як паведамляе Міністэрства абароны, у гэтым годзе ў войсках збіраюцца правесці больш за 300 мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. У ведамстве ўжо паставілі галоўныя задачы: удасканальваць узровень падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання, аб’яднанняў, злучэнняў, воінскіх часцей і арганізацый Узброеных Сіл.
З новымі сіламі ўступіў у новы навучальны год і 1-ы радыётэхнічны цэнтр вайсковай часці, якая знаходзіцца ў аг. Трабы. Аб тым, што чакае ваеннаслужачых і афіцэраў у найбліжэйшай перспектыве, расказаў карэспандэнту «ІК» начальнік цэнтра, падпалкоўнік Аляксандр Вайцеховіч (на здымку).
— 2017/2018 навучальны год аб’яўлены Годам вайсковай славы. Ён будзе вельмі насычаным, бо запланавана мноства мерапрыемстваў. Так, у студзені 2018 года пройдуць камандна-штабныя вучэнні Узброеных Сіл РБ, камандна-штабная трэніроўка ў студзені і красавіку з камандаваннем, а таксама кіраваннем войскамі пад кіраўніцтвам начальніка генеральнага штаба. Акрамя гэтага запланавана сумесная трэніроўка ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны пад кіраўніцтвам камандзіра ВПС і войскаў СПА. А ў сакавіку — сумесная штабная трэніроўка з кіраваннем радыётэхнічнай брыгады пад кіраўніцтвам камандзіра брыгады. Гэта тычыцца першага паўгоддзя.
Самае буйное вучэнне пройдзе ў жніўні-верасні 2018 года — гэта сумесныя вучэнні з Расійскай Федэрацыяй: нашы прадстаўнікі будуць перадыслакаваныя на расійскія палігоны, а тыя, у сваю чаргу, — на нашыя.
— Ці будуць праводзіцца мерапрыемствы іншага характару?
-Так, у гэтым кірунку запланавана таксама многае. Па-першае, праз два тыдні чакаем новы прызыў. Найважнейшай падзеяй у наступным годзе будзе 100-гадовы юбілей Узброеных Сіл Беларусі, які мы адзначым 23 лютага. Цэнтр, асабовы састаў і афіцэры прымуць актыўны ўдзел у галасаванні на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Традыцыйна далучымся да акцыі «Нашы дзеці» і многае іншае.
— Чаму будзе нададзена асаблівая ўвага ў гэтым навучальным годзе?
— У гэтым годзе будзе нададзена асаблівая ўвага падрыхтоўцы асабовага саставу і, вядома ж, вучобе. Таксама будзем звяртаць увагу на падтрыманне воінскай дысцыпліны ў калектыве. У сувязі з гэтым пройдзе шэраг мерапрыемстваў: кіналекторыі, прафілактычныя гутаркі, прагляд відэаролікаў, сустрэчы са святарамі.
— Якія задачы былі пастаўлены перад цэнтрам з першага дня новага навучальнага года?
— У першую чаргу — выкананне задач па баявой гатоўнасці (трэніроўкі па баявой гатоўнасці, групамі з пераводам з мірнага на ваенны час, трэніроўка з адміністрацыяй пункта прыёму мабілізаваных рэсурсаў з практычным разгортваннем і без), рэгулярная работа з ваенкаматам, заняткі са службовымі асобамі і іншыя. Але асноўная задача была і ёсць — ахова дзяржаўнай мяжы, паколькі мы нясём баявое дзяжурства круглыя суткі. Да гэтага мы імкнемся, падрыхтоўваем асабовы састаў, афіцэраў, прапаршчыкаў.
— Ці чакаецца папаўненне маладымі афіцэрамі?
— Так. У наступным месяцы да нас прыходзіць малады лейтэнант, выпускнік БДУІРа. У жніўні па вакантным пасадам будзе папаўненне калектыву маладымі афіцэрамі, выпускнікамі Ваеннай акадэміі, БДУІРа і іншых вышэйшых ваенных навучальных устаноў.
— Што можаце пажадаць асабоваму саставу ў новым навучальным годзе?
— Разумення, здароўя моцнага і самага неабходнага — цярпення.
— Дзякуй за гутарку!

Гутарыла А. ШЫМКО.
Фота С. ЗЕНКЕВІЧА.