У год святкавання 500-годдзя кнігадрукавання на Беларусі, з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, літаратуры і культуры ў публічных бібліятэках вобласці з 11 па 17 верасня бягучага года праводзіўся інфармацыйны тыдзень «Гаворым і чытаем па-беларуску».
У гэты перыяд было рэкамендавана ўжываць беларускую мову ва ўсіх напрамках бібліятэчнай дзейнасці: пры абслугоўванні чытачоў, правядзенні масавых мерапрыемстваў, у зносінах з калегамі.
У межах тыдня прайшла і абласная акцыя «Чытаем разам», прысвечаная творчасці пісьменнікаў-юбіляраў 2017 года (Я.Купалы і Я.Коласа).
На працягу тыдня быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных роднай мове і літаратуры: гучнае чытанне «Вітаем беларускую казку» (бібліятэка-філіял г.п.Юрацішкі), гадзіна літаратурнага партрэта «Яны сэрцам пісалі кожную сваю песню» (Іўеўская раённая бібліятэка), віктарына «Знакавая постаць Беларусі» (бібліятэка-філіял аг.Морына), літаратурна-музычная імпрэза «Я сэрцам пісаў сваю кожную песню»(інтэграваная бібліятэка-філіял аг. Трабы), круглы стол «Францыск Скарына: беларускае кнігадрукаванне праз прызму часу» (Іўеўская раённая бібліятэка, аддзел бібліятэчнага маркетынгу) і іншыя.
У межах тыдня супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі сумесна з аддзелам бібліятэчнага маркетынгу правялі фотапраект «Што раяць прачытаць вядомыя людзі Іўеўшчыны.»
Тэрэза Іосіфаўна Барташ — галоўны рэдактар газеты «Іўеўскі край»:
— Раю пачытаць класікаў нашай літаратуры — Я. Купалу і Я. Коласа, таксама У. Караткевіча, В. Быкава, У. Ліпскага. А яшчэ, лічу, трэба чытаць нашых землякоў: Г. Нічыпаровіч, Я. Карпуця і інш.
Класіку літаратуры трэба ведаць кожнаму беларусу, каб злучацца са сваім народам праз родную мову. Васіля Быкава — для таго, каб помніць сваё мінулае, трагічныя старонкі гісторыі Радзімы, ганарыцца сваім народам. А Уладзіміра Ліпскага, на мой погляд, трэба чытаць, для таго, каб пасялілася і жыло дабро ў душы.
Уладзімір Караткевіч — мой любімы беларускі пісьменнік. Мне вельмі падабаюцца яго творы: «Ладдзя Роспачы», «Сівая легенда», «Чазенія» і іншыя. Той, хто хоча знайсці адказ на асобныя філасофскія пытанні, хай чытае «Ладдзю Роспачы». У аповесці «Чазенія» паказаны адносіны мужчыны і жанчыны. У гэтым творы жанчына параўноўваецца з дрэвам — чазеніяй, якое выстаіць у любых умовах… Толькі мужчыны павінны памятаць, што жанчына можа прабачыць усё, акрамя холаду ва ўсіх яго праявах.
Лідзія Вайцехаўна Носуль — намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама:
— Чытаю шмат, нягледзячы на недахоп часу. Зараз у руках трымаю “Выбраныя творы П. Панчанкі”. У вершах паэт заўсёды шчыра выказвае свае пачуцці, вядзe aдкpытyю paзмoвy пpa нaбaлeлae, пpa нaдзённae i вeчнae.
Cвятлана Абрыеўна Мірончык — дырэктар Іўеўскай раённай бібліятэкі.
Любоў да кнігі прывяла яе ў прафесію. Па роду сваёй дзейнасці чытае шмат прафесійнай літаратуры. У вольны ад работы час перачытвае беларускую паэзію. Наведвальнікам Іўеўскай раённай бібліятэкі прапануе чытаць творы класікаў беларускай літаратуры і нашых землякоў, выхадцаў з Іўеўшчыны.
Святлана Вацлаваўна Кішкель — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама.
Любіць чытаць творы Кандрата Крапівы, асабліва яго байкі, бо яны маюць павучальны характар, пэўную мараль. З дапамогай алегарычных вобразаў у байках адлюстроўваюцца рэальныя жыццёвыя сітуацыі.
Таццяна Уладзіміраўна Нядзвецкая — старшая медыцынская сястра паліклінікі Іўеўскай ЦРБ.
Лічыць, што трэба чытаць класікаў беларускай літаратуры, асабліва Якуба Коласа.
Ірына Рэгінальдаўна Смірнова — загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК «Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу», кіруе гуртком «Беларускі сувенір», клубам майстроў «Скарбніца».
Раіць пачытаць творы Івана Шамякіна.
Дзяніс Аляксандравіч Курылаў — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама.
Лічыць, што адным з самых цікавых беларускіх пісьменнікаў з’яўляецца Уладзімір Караткевіч. Яго творы захапляюць з першых радкоў.
Мікалай Пятровіч Завадскі — рэжысёр народнага тэатра Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Любіць беларускую прозу гістарычнай тэматыкі. Прапануе прачытаць твор Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі.»
Таісія Валянцінаўна Лось — старшыня Іўеўскага сельвыканкама.
Аддае перавагу творам Кандрата Крапівы за іх сатырычны і павучальны змест.
Аляксандр Аляксандравіч Раманюк — дырэктар ДУА «Іўеўскі яслі-сад-пачатковая школа».
Лічыць, што вялікае месца ў выхаванні дзяцей займаюць беларускія народныя казкі — невычэрпная крыніца народнай мудрасці. У казках — гатовыя педагагічныя сітуацыі, якія народ вырашае з пазіцыі дабра і зла.
Галіна Іосіфаўна Балбатун — зубны ўрач установы аховы здароўя «Іўеўская ЦРБ».
Аддае перавагу творчасці Васіля Быкава. У большасці твораў пісьменніка паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.
Іван Станіслававіч Жыдзель — старшыня Іўеўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Падабаюцца гістарычныя творы, раіць прачытаць У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Матэрыял падрыхтавала ВОЛЬГА КЕПЕЛЬ — бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Іўеўскай раённай бібліятэкі. Фотаздымкі аўтара.






