Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Таму 3 верасня гэтага года сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, стане старажытны Полацк — родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны.
Канцэпцыя свята прадугледжвае адлюстраванне адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
Упершыню свята пісьменства ў Полацку будзе праходзіць ажно тры дні — з 1 па 3 верасня. Да маштабнай падзеі горад пачаў рыхтавацца яшчэ ў траўні мінулага года. 2017 год — асаблівы для старажытнага Полацка. Тут адразу адзначаецца 1155-годдзе з дня яго заснавання і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.
На свята арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму. Святочныя пляцоўкі будуць размешчаны на 10-кіламетровай тэрыторыі.
1 верасня галоўнымі героямі стануць дзеці і моладзь. Яны паспаборнічаць у скарынаўскай алімпіядзе, стануць удзельнікамі арт-акцый, майстар-класаў і флэш-мобаў.
2 верасня святкаванне Дня горада пачнецца з шэсця працоўных калектываў. Па гарадскіх вуліцах ўпершыню пройдзе калона з прадстаўнікоў прафарганізацый. У гэты ж дзень адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята з тэатралізаваным прадстаўленнем і лазерным шоу.
У Музеі беларускага кнігадрукавання пройдзе «круглы стол» айчынных і замежных літаратараў. Адбудзецца прэзентацыя кнігі знакамітага першадрукара «Малая падарожная кніжка» з калекцыі Белгазпрамбанка, можна будзе «пагартаць» яе электронную копію і «прагуляцца» па 3D-друкарні часоў Францыска Скарыны. Дакрануцца да беларускай кніжнай культуры дазволіць выстава Псалтыр з музейных і кніжных збораў Беларусі. Гэтая экспазіцыя будзе працаваць на працягу ўсяго верасня, а палюбавацца «Малой падарожнай кніжыцай» можна будзе да 10 верасня.
3 верасня ў новай глядзельнай зале гарадскога Палаца культуры пройдзе першы паказ спектакля полацкага рэжысёра Веры Кісялёвай «Легенда пра Усяслава Полацкага» у выкананні тэатра «Пілігрым». А канцэртная зала Сафійскага сабора запросіць на прэм’еру сюіты беларускага кампазітара Ганны Кароткінай «Францыск Скарына» ў выкананні арганісткі Ксеніі Пагарэлай. Адбудзецца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якое стала ўжо традыцыйным.
У святочныя дні будуць арганізаваны фестываль кнігі і прэсы, выставы ў гонар 135-годдзя беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, канцэрты на шматлікіх пляцоўках, творчыя конкурсы, літаратурна-музычныя кампазіцыі, свята сярэднявечнай культуры «Рубон». Дапоўняць праграму спартыўныя мерапрыемствы, фэст беларускай кухні і прадукцыі айчынных прадпрыемстваў, «Горад майстроў» Прыдзвіння. А эстафету Дня беларускага пісьменства палачане перададуць гораду Іванава Брэсцкай вобласці.
П. Падбярэзная.






