Для Беларусі 2017 год адметны знамянальнымі падзеямі. Адна з іх — 135-годдзе з дня нараджэння славутых сыноў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа.

З нагоды юбілеяў паэтаў супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі падрыхтавалі Дзень бібліяграфіі, які прайшоў 11 красавіка. На працягу тыдня на абанеменце дзейнічала кніжная выстава «Душа народа ў творах іх жыве», якая прываблівала карыстальнікаў сваёй арыгінальнасцю і маляўнічым афармленнем. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 9 «А» класа гімназіі №1 г.Іўе і іх класны кіраўнік Галіна Браніславаўна Балунда.
У рамках Дня бібліяграфіі была праведзена гутарка «Песняры зямлі беларускай», паэтычная вандроўка «На кожнай сцяжынцы іх песня і голас», у час якой вядучыя эмацыянальна распавядалі аб жыцці і творчасці Я.Купалы і Я.Коласа, адзначылі, што цудоўныя творы геніяльных майстроў слова сталі найвялікшым здабыткам нацыі, увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Пранікнёна гучалі вершы паэтаў у выкананні бібліятэкараў і гімназістаў.

Вядучыя Т.Л. Козел, Т.П. Дзярэга прапанавалі прысутным прыняць удзел у гульні-конкурсе «Шляхамі Янкі Купалы і Якуба Коласа», на пытанні якой гімназісты адказвалі вельмі актыўна. Быў зроблены бібліяграфічны агляд літаратуры, прадстаўленай на выставе «Душа народа ў творах іх жыве».
Бібліёграф правяла кансультацыю аб тым, як у электронным і традыцыйным каталогах знайсці творы Я. Купалы і Я. Коласа і літаратуру аб іх жыццёвым і творчым шляху. Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства быў прапанаваны буктрэйлер «Якуб Колас. Паэма «Новая зямля».
Дзень бібліяграфіі атрымаўся цікавым і карысным. Гімназістам сталі вядомы цікавыя факты з жыцця беларускіх песняроў. А гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.
Паэты верылі ў шчаслівы лёс Беларусі, і аптымістычна гучалі ў бібліятэцы купалаўскія радкі:
«Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе,-
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі…
Наша зерне — нашы думкі —
Не загінуць свету,-
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцветаў.».
Жыве і будзе жыць сонечная песня Купалы і Коласа. Яны вечна будуць жыць у сэрцы нарадзіўшага іх народа.
П. УЛАДЗІН.
Фота С. ЗянкевІча.






