Культура и творчество

Прыгарнуцца да родных вытокаў…

Прыгарнуцца ўсёй душой, усёй істотай, як гэта робяць у цэнтральнай раённай бібліятэцы, у раённай дзіцячай бібліятэцы. Таму што, напэўна, ніхто ў раёне так плённа і так шчыра не займаўся збіраннем гісторыі роднага краю, яго паданняў і легенд, не імкнуўся так захаваць культурную спадчыну для нашчадкаў. Як вынік — сабраны летапіс роднага горада, кнігі паэтаў-землякоў, выдадзены каштоўныя па сваім змесце і значэнні кнігі…

На працягу 2016 года Іўеўская дзіцячая бібліятэка неаднаразова атрымлівала ўзнагароды:
па выніках працы за 2015 год калектыў Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі занесены на раённую Дошку гонару; падзячным лістом Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ўзнагароджана загадчык Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі Таіса Іванаўна Грыкень за высокі прафесіяналізм, патрыятычнае выхаванне моладзі і значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы; загадчыца узнагароджана таксама Падзячным лістом Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у даследаванне і аднаўленне гісторыі Іўеўскага раёна.
Іўеўская дзіцячая бібліятэка-філіял ДУК «Іўеўская раённая бібліятэка»  заняла ІІІ месца ў намінацыі «Гісторыя праваслаўя роднага краю» у II Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання». Узнагароджана Граматай сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы і камплектам кніг.
Загадчыца Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі Таіса Грыкень у складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці наведала ўрачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя юбілею Фонду міра, які адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў горадзе Мінску.
Бачыце, колькі ўзнагарод, колькі прызнання заслуг бібліятэкі, яе кіраўніка. І гэта не выпадкова. Таму што  Іўеўская дзіцячая бібліятэка з’яўляецца шматфункцыянальнай установай культуры, інфармацыйным, адукацыйным і культурным цэнтрам, які спалучае сучасныя тэхналогіі і традыцыйныя метады бібліятэчнага абслугоўвання, займае годнае месца ў сацыякультурнай сферы горада і раёна, з’яўляецца лідэрам бібліятэчнай справы ў раёне.
А яшчэ гэта тое месца, куды так спяшаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама вучні старэйшых класаў. Адны ідуць за казкамі, другія, каб трапіць на цікавейшыя выставы, каб паўдзельнічаць у пасяджэннях аматарскага аб’яднання «Знічка», грамадска-дыскусійнага клуба «Точка зрения», каб трапіць ва ўтульны свет людзей і кніг.
Таіса Іванаўна кажа: «Бібліятэка — гэта храм. Храм культуры, храм духоўнасці, дзе ўсё павінна быць у гармоніі: эстэтычны выгляд памяшкання, напаўняльнасць кніжных паліц, духоўны стан супрацоўнікаў.
Калектыў перакананы, што патрэба ў чытанні, сфарміраваная ў дзяцінстве, застаецца на ўсё жыццё. Прызнаным і запатрабаваным у сучасным свеце будзе чалавек, які з дзяцінства засвоіў уменне выказваць свае думкі, спрачацца, пагаджацца…  А для гэтага неабходна чытаць.
І ўсё ж, як мы не аднойчы падкрэслівалі, бібліятэка даўно перастала быць толькі месцам выдачы кніг. У 2016 годзе Іўеўская дзіцячая бібліятэка працягвала працаваць над выставачным праектам «Зазірнуць у мінулае». Былі аформлены 4 выставачныя экспазіцыі:»З Калядамі і Новым годом!»;
«Гісторыя праваслаўя на Іўеўшчыне»; «Партызанскі фронт на Іўеўшчыне. 1942-1944 гады»;
 «З глыбінь вякоў жыцця струменіць ніць… Архітэктура даваеннага мястэчка Іўе».
Адбылося 5 пасяджэнняў грамадска-дыскусійнага клуба «Точка зрения»: круглы стол «Церковь и интернет», інтэрактыўная гутарка па прафарыентацыі «Дороги, которые мы выбираем», дыскусія «В поисках смысла: зачем мы живем?», дыспут «Наркомания — путь в никуда».
У кастрычніку 2016 года каманда грамадска-дыскусійнага клуба «Точка зрения» упершыню прыняла ўдзел ў абласных дэбатах праекта «Школьная Агора». І заняла ў паўфінале 2-е месца.
У  адпаведнасці з Праграмай супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквы ў галіне культуры і творчай дзейнасці, аховы, аднаўлення і развіцця гістарычнай і культурнай спадчыны, дзіцячая бібліятэка правяла шэраг мерапрыемстваў.
На працягу многіх гадоў дзіцячая бібліятэка супрацоўнічае з выдавецтвам Беларускага Экзархату. Дзякуючы гэтаму ў бібліятэцы сфарміраваўся фонд праваслаўнай літаратуры на традыцыйных і электронных носьбітах у колькасці 1050 экз.

 Іўеўская дзіцячая бібліятэка на працягу года прымала  ўдзел у рабоце міжнароднага і рэспубліканскага семінараў. Загадчык бібліятэкі Таіса Грыкень выступіла з дакладам «Інавацыйна-творчы падыход у працы над выставачным праектам «Зазірнуць у мінулае» на міжнародным семінары «Дзіцячая бібліятэка — сучасны фармат», выступіла таксама з дакладам «Гісторыя храма Святой Жываначальнай Троіцы аграгарадка Морына на рэспубліканскім семінары «Гісторыя праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння», які адбыўся ў Цэнтральнай бібліятэцы Беларускага Экзархату ў г. Мінску.
Бібліятэка і яе супрацоўнікі заўсёды трымаюць руку на пульсе часу. Ад высокапатрыятычных, духоўных, грамадска-палітычных мерапрыемстваў да  добрых звычайных дзіцячых спраў,  накшталт жывога кутка, дзе жывуць чарапахі, хамяк і папугай, ці конкурсу на лепшую кармушку для птушак зімой. І вось ужо па Іўі вісяць гэтыя «творы» дзіцячай фантазіі і майстэрства, а таксама выхаванай у дабрыні душы…
Бібліятэкары Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі робяць усё для таго, каб наведвальнікі прыходзілі сюды з радасцю, адчувалі сябе тут камфортна, утульна і вольна.