На базе аддзелаў культурна-масавай і асветніцкай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу прайшоў абласны занальны агляд-конкурс. Ацэньвала выступленні калектываў тэатральна-драматычнага жанру вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці А.Рабцава сумесна з дырэктарам Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу С. Ракець, вядучым метадыстам аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу С.Лугіной.
У конкурсе прынялі ўдзел дзіцячы тэатральны калектыў «Спадарожнік» Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу (мастацкі кіраўнік — М.Завадскі, спектакль па матывах п’есы-казкі Шарля Перро «Красная шапочка») і калектыў дзіцячага тэатральнага аддзялення Іўеўскай дзіцячай школы мастацтва» (настаўнік — Н. Афоніна, спектакль па п’есе А. Яблонскай «Дюймовочка и мотылёк»).
Затым члены журы наведалі Іўеўскі музей нацыянальных культур. Лялечны тэатр «Батлейка» паказаў спектакль паводле п’есы па рэлігійным сюжэце «Царь Ирод».
Працяг гэты творчы дзень меў у аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Геранёны, дзіцячы лялечны калектыў якога паказаў спектакль па п’есе-казцы «Сказка о Рыбаке и драконе» (мастацкі кіраўнік У.Грынюк).
У той жа дзень творчае падарожжа прывяло журы ў аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Трабы. Дзіцячы тэатральны калектыў «Спадарожнік» (мастацкі кіраўнік — М.Калышка) паказаў спектакль па п’есе-казцы А.Якімовіча «Хитрости Бабы-Яги».
Працягваўся агляд — конкурс у аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Лаздуны. Члены журы праглядзелі жартоўную тэатральную пастаноўку Г.Бразюль «Ну, мужыкі!» (мастацкі кіраўнік — Ж.Хадарцэвіч).
Завяршыўся агляд-конкурс тэатральных калектываў у аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты, дзе дзіцячы тэатральны калектыў «Непаседы» паказаў спектакль па матывах рускай народнай казкі «Репка» (мастацкі кіраўнік — С.Варанюк).
Вынікі агляду-конкурсу тэатральных калектываў будуць падведзены на абласным тэатральным свяце, якое пройдзе ў снежні на базе Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
С. ЛУГІНА,
вядучы метадыст аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.






