Культура и творчество

Удыхні «Водар Радзімы»

Ужо не першы раз у Іўеўскім музеі нацыянальных культур свае работы шырокай публіцы прадстаўляюць знакамітыя беларускія мастакі і фатографы. На гэты раз персанальную выставу на Іўеўшчыне адкрыў мастак-жывапісец Алег Драбышэўскі.

«Водар Радзімы» — пад такой прыгожай назвай аб’яднаў свае работы аўтар. Гэтая выстава прымеркавана да Года культуры і лічыцца чацвёртай у спісе запланаваных. Так, упершыню карціны былі прадстаўлены ў Ашмянскім краязнаўчым музеі ім. Ф. К. Багушэвіча. Затым па запрашэнні кіраўніцтва музея-сядзібы М. К. Агінскага (в. Залессе, Смаргонскі раён), Алег Аляксандравіч правёў выставу там. Працавала яна больш за месяц. У верасні гэтага года адкрылася выстава ў ДУ «Палац культуры» г. Маладзечна і на працягу месяца (да 7 лістапада) будзе гасцяваць у Іўеўскім музеі. Больш падрабязна аб сваіх работах расказаў карэспандэнту «ІК» сам мастак.
— Алег Аляксандравіч, як з’явілася ідэя выставы і чаму менавіта «Водар Радзімы»?
— Па-першае, выстава праходзіць у межах Года культуры ў Беларусі. З гэтай нагоды спецыяльна было напісана некалькі карцін. А па-другое, назва выставы сапраўды мае сваю гісторыю. Спачатку гэта быў «Вобраз Радзімы». Паколькі я сябраваў з Іванам Шамякіным, то вазіў яму часта свае работы. І вось неяк ў інтэрв’ю ён сказаў, што ў працах Драбышэўскага ёсць абагульнены вобраз Радзімы. Але, калі я рабіў у 2013 годзе выставу ў Віцебскім мастацкім музеі, дырэктар пацікавілася, можа ёсць яшчэ якія назвы. У гэты момант я ўспомніў, што ў вершы Зоі Падліпскай (галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова»), напісанага спецыяльна да маіх карцін, у адным з радкоў прагучала вось гэтая фраза: «Водар Радзіма». Адсюль і пайшла назва маіх наступных выстаў.

— Колькі карцін прадстаўлена на гэтай выставе?
— Тут знаходзіцца 12 работ. Хочацца адзначыць, што ёсць тры карціны, якія адносяцца і да Іўеўскага раёна. Дзве з іх пакуль што не маюць назвы, але я спадзяюся, што жыхары горада, наведвальнікі выставы мне дапамогуць з гэтым. На адной з іх — возера, блізкае да касцёла. Бачыце, гэта самы пачатак вясны. На другой карціне — вуліца Энгельса з усёй яе спрадвечнас-цю. А трэцяя — Бакшты, знакамі-тая лазня, рака Бярэзіна. Яна была вывешана ў Ашмянах без назвы, а ўжо ў музеі Агінскага гэтая карціна атрымала назву «Водар Радзімы». Адметна яшчэ і тое, што яна была напісана спецыяльна да Года культуры. На самой справе геаграфія маіх работ шырокая. Ёсць і Астравец — мая малая радзіма («Зімовая рапсодыя»), і Пінск («Над Прыпяццю»), і Мінск («Адліга»), і шмат чаго іншага.
— Як называецца стыль, у якім вы малюеце?
— Мой стыль называюць аксамітным. Калі звярнуць увагу, то можна заўважыць, што тут няма выразных контураў. Ёсць пэўныя мазкі, у выніку чаго і атрымліваецца такое абагульненне. Ясна, што ў жыцці зусім іншы выгляд, але калі прыглядзецца — карціна быццам бы жывая, а не натуральная. 
— Чаму вы выбралі ў якасці асноўнага напрамку прыродны і архітэктурны пейзаж?
— Цікава паглядзець вачыма мастака, дзе і як жывуць людзі. Яны часта не заўважаюць вось гэтай прыгажосці, таму я і імкнуся ўсё гэта паказаць. Тое, што мной пішацца — гэта як-ніяк гісторыя, нават калі паглядзець на карціну Іўя. Я як бы займаюся і краязнаўствам, і гісторыяй адначасова. Трэба паказаць прыгажосць беларускай зямлі, прыроду і, такім чынам, выхоўваць беражлівасць і любоў да таго месца, дзе мы жывём. У гэтым, я думаю, і ёсць прызначэнне мастака.
Сапраўды, карціны вельмі прыгожыя і жывыя. Ні адна фатаграфія не зможа перадаць тых пачуццяў, якія выклікаюць у гледача работы мастака. І нездарма блізкія да творчасці Алега Драбышэўскага паэты прысвячаюць яго карцінам шмат вершаў.

А. ШЫМКО.
Фота. С. ЗЯНКЕВІЧА.