Культура и творчество

Багатыя восеньскія колеры культурнай палітры

Якая восень, такое ж і жыццё ўстаноў культуры выдалася сёлета — прыгожае, цёплае, з лісцем, якое, прынамсі, нешта не хоча жаўцець. А зялёны колер — прыкмета маладосці. Яно так і ёсць. Толькі маладым і плённым па сілах  асіліць такі цудоўны, такі творчы, такі незвычайны праект, як Тыдзень культуры Іўеўшчыны, які  доўжыўся з  11 па 18 верасня. Правільней, напэўна, будзе сказаць не «доўжыўся» (доўга — гэта ў нейкім плане, маркотна, сумна). Праект той не доўжыўся, а ляцеў і лунаў, бо крылы яму далі багатыя сваёй творчасцю і плённай апантанасцю людзі.

Сёння мы папрасілі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгу Чаславаўну Барко падвесці вынікі  гэтага адметнага Тыдня, адказаць на асобныя пытанні.

— Па-першае, адкуль з’явілася  ідэя правесці падобнае мерапрыемства? Хто быў яе ініцыятарам?

— Неяк у аблвыканкаме прагучала пажаданне, каб культура вобласці  асобнымі мерапрыемствамі паказала ўсе свае творчыя магчымасці, усе таленты, усё багацце культурнага жыцця і культурнай спадчыны рэгіёнаў.

Нам вельмі спадабалася сама ідэя. І мы сталі думаць, як яе пераўтварыць у жыццё. Ні для кога не сакрэт, што нам ёсць што паказаць, ёсць чым ганарыцца, ёсць на каго разлічваць нават у самых смелых і дзёрзкіх праектах.

Генератарам ідэі, месцам, дзе акумуліраваліся ўсе прапановы, стаў, канешне ж, наш аддзел народнай творчасці, супрацоўнікі якога надзвычай адказна і творча аднесліся да стварэння  праекта, які б не пакінуў нікога абыякавым, які б не толькі прапагандаваў творчыя калектывы і асобных выканаўцаў, майстроў і  цэнтры рамёстваў, мастакоў, танцораў, спевакоў, але і зацікавіў бы гледача і наведвальніка гісторыяй культурнай спадчыны, яе здабыткамі і г.д.

І, упэўнена, нам гэта ўдалося. 11 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня культуры Іўеўшчыны  пад назвай «Іўе шматнацыянальнае», падчас якога быў зроблены сапраўдны экскурс у культуру раёна, якая багата перапляла ў сабе пласты культур іўяўчан рознай нацыянальнасці і розных веравызнанняў. Урачыстасць зноў успомніла імёны тых работнікаў і дзеячаў культуры, якія  пранеслі славу раёна па ўсёй Беларусі і за яе межамі. На адкрыцці дзякавалі тым, хто сёння  стварае і плённа працуе. Было шмат цёплых, добрых, запамінальных момантаў.

Сваё мастацтва іўяўчанам дарылі самыя творчыя, самыя цудоўныя калектывы горада і раёна. Выступалі з прывітальнымі словамі творцы ў галіне мастацтваў, літаратуры, паэзіі.

— Некалькі слоў пра тое, чым быў багаты Тыдзень культуры.

— 15 верасня, акрамя таго, у Дзень бібліятэк і ў рамках Тыдня ў раённай бібліятэцы прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй «Гасцінна запрашаем».

Мерапрыемства распачала экскурсія па бібліятэцы і віртуальнае рэтравандраванне «Іўеўшчына — часцінка Беларусі».

У той жа дзень у раённай бібліятэцы стартавала сусветная акцыя «Буккросінг», што ў перакладзе азначае «кнігаабмен» ці «абмен кнігамі».

У гэты ж дзень адбылася і прэзентацыя зборніка «Я родом не из детства   — из войны…История Ивьевского сиротского детского дома».

Потым усім гасцям бібліятэкі была прапанавана  экскурсія па нашым горадзе. І было глыбока сімвалічным тое, што госці наведалі Іўеўскі яслі-сад — пачатковую школу. Менавіта тут некалі і знаходзіўся дзіцячы дом.

У той жа дзень ладзілі і Дзень чытача. Усе наведвальнікі бібліятэкі мелі магчымасць бясплатна карыстацца камп’ютарам, браць кнігі з камерцыйнага фонду і перыядычныя выданні  з фонду чытальнай залы тэрмінам на 5 дзён.

Другі дзень Тыдня  аддаў знак пашаны Еўрапейскім дням спадчыны, якія традыцыйна святкуе ўся Еўропа з надыходам восені. У рамках  гэтай падзеі Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу і Іўеўскі музей нацыянальных культур правялі  краязнаўчы фотапраект «Праз далеч стагоддзяў» з удзелам дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў.

— Выбачайце, што перабіваю, але гэты Тыдзень яшчэ, здаецца, быў знамянальным тым, што ў розных праектах прынялі ўдзел дзеці і моладзь, шмат юнакоў і дзяўчат?

— Так. Моладзь заўжды прымае актыўны ўдзел у рабоце ўстаноў культуры. А гэты год, як Год моладзі, спрыяе павышанай увазе менавіта да моладзі, правядзенню розных мерапрыемстваў і праектаў.

У праграме фотапраекта адбыліся майстар-клас фатографа, выстава-конкурс на лепшы фотаздымак «Праз далеч стагоддзяў», лепшымі фотаздымкамі  якой прызнаны работы Джульеты Кішкель і Аляксея Нехвядовіча.  Музей, прынамсі,  меў у той дзень вялікую праграму. Працавалі выставы «Побыт беларускіх яўрэеў», «Рукапісы не гараць». Праведзена першая экскурсія з цыклу «Гістарычная падарожжа па вуліцах горада  Іўе». Экскурсанты ўбачылі вулі-цы Віленскую і Касцельную, пачулі іх гісторыю.

Адбылося таксама ўрачыстае адкрыццё юбілейнай выставы нашага знакамітага мастака Івана Васюкевіча.

Трэці дзень Тыдня быў прысвечаны прыгажосці, якую ствараюць майстры народнай творчасці — Дзень рамёстваў і традыцыйнай культуры «Бацькаўшчына светлая мая».

У Іўеўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй «Храм музыкі». На працягу яго ўсе жадаючыя маглі наведаць музычную гасцёўню «Пра музыку і кампазітараў», дзейнічала выстава дзіцячых малюнкаў «Юныя мастакі», гучала чароўная класічная музыка ў выкананні інструментальнага ансамбля «Raffika». А завяршыўся Дзень адчыненых дзвярэй канцэртнай праграмай «Чароўная сіла мастацтва».

Адзін з дзён прысвячаўся тэатру. У яго праграме быў спектакль  лялечнага калектыву з аграгарадка Геранёны, інфармацыйна-пазнавальная праграма «На тэатральных падмостках» (аддзел культурна — масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты). Майстар-клас «Тэатр — маё жыццё» для дзяцей і моладзі паказаў рэжысёр народнага аматарскага драматычнага калектыву аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Трабы.

Спектакль па пьесе В. Ткачова «Слуп» пастаўлены народным тэатрам Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу пад кіраўніцтвам рэжысёра Мікалая Завадскага.

Прайшоў Дзень жывапісу «Жывыя фарбы». Дзейнічала (і працягвае дзейнічаць) выстава работ мастака Івана Васюкевіча. Мастак правёў майстар-клас «Эскізы», адказаў на пытанні наведвальнікаў, падарыў на памяць свае аўтографы.

Падчас правядзення Тыдня культуры, 15 верасня адбыўся рэгіянальны сход дэпутатаў  дваццаць сёмага склікання з удзелам членаў Савета Рэспублікі і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Форум завяршыўся канцэртнай праграмай аматарскай творчасці «Мы разам!»

На летняй пляцоўцы горада выступіў вакальны ансамбль «Ворожея» адзела культурна-массавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі.

У гарадскім парку працавала выстава майстроў народнай творчасці «Горад майстроў», у якой прынялі ўдзел аддзел і сектар рамёстваў і традыцыйнай культуры горада Іўе і аграгарадка Геранёны.

Знакаміты ансамбль «Чабарок» падрыхтаваў выдатную культурную праграму, з якой выступіў на першым восеньскім кірмашы.

— Можна бясконца пералічваць гэтыя дні, напоўненыя  колерамі вясёлкавай творчасці. І менавіта на гэты перыяд прыйшліся і асобныя мерапрыемствы па-за межамі раёна, у якіх прынялі ўдзел нашы творчыя калектывы…

— Так. 12 верасня ў гарадскім пасёлку Воранава прайшоў  пяты адкрыты абласны фестываль гульні «Карнавал весялосці». З тэатралізаванай гульнёвай праграмай «Залейковский сундук Добра» выступіў тэатр гульні і забаў «Зялёны фургон». Калектыў узнагароджан Дыпломам  Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  Гродзенскага аблвыканкама.

— У Тыдні культуры прынялі ўдзел усе ўстановы культуры раёна. Завяршыўся творчы праект вялікім канцэртам «Іўеўскі карагод».  Вашы меркаванні, Вольга Чаславаўна, наконт  гэтых сямі, на маю думку, цудоўных дзён.

— Мая думка такая ж, як  і большасці людзей. Яны выказваюць нам сваю падзяку. Нацыянальная культура з’яўляецца невычэрпнай крыніцай мудрасці, духоўнасці, багатых народных традыцый. І менавіта праз сферу дзейнасці рэгіянальнай культуры чалавек далучаецца да каштоўных здабыткаў яе і мастацтва, народных традыцый, больш глыбока і асэнсавана пранікаецца пачуццём любові да сваёй Радзімы.  Гэта  вызначае мэту праекта. Думаецца, што яна дасягнута.

— Дзякую за размову.

Гутарыла В. ГУЛІДАВА.